Дэпутаты Палаты прадстаўнікоў наведалі Ашмяншчыну

События

Большасць дэпутатаў і супрацоўнікаў сакратарыята Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, якія ў мінулыя выхадныя наведалі Ашмяншчыну,  пабывалі тут упершыню.  І, шчыра прызнацца, былі не толькі прыемна здзіўлены, але і зачараваны гэтым краем. Паездку для сваіх калег  па слаўнай ашмянскай зямлі арганізавала  дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу РБ Валянціна Лузіна, нястомны рупліўца і прапагандыст славутасцяў сваёй багатай на гістарычныя падзеі  і слынныя асобы старонкі.

Удзельнікі экскурсіі наведалі касцёл Святых Пятра і Паўла ў Барунах. Пабывалі на месцы,  дзе ўстаноўлены памятны знак  у гонар загінуўшага ў Першую сусветную вайну   экіпажа   самалёта “Ілья   Мурамец”. З цікавасцю  слухалі госці аповед аб Гальшанскім краі падчас наведвання гарадзішча, замка, царквы Святога Георгія Пабеданосца і гісторыка-краязнаўчага музея імя Эдуарда Корзуна  ў мясцовай гімназіі.

У горадзе экскурсанты наведаліся ў СШ №1, каб падзівіцца  на прыгожую,  з густам  добраўпарадкаваную тэрыторыю і сустрэцца з апантаным  дырэктарам, сапраўдным гаспадаром  Міхаілам Гружэўскім.  Веды  аб нашым краі госці паглыбілі праз экскурсію ў краязнаўчым музеі імя Багушэвіча і выставу выданняў, што падрыхтавала раённая бібліятэка. У экскурсійную праграму быў уключаны коннаспартыўны цэнтр “Гіпіка”, які звязаны з імем слыннага асветніка, публіцыста, грамадскага дзеяча Крыштафа Дарагастайскага.

Паездка на Ашмяншчыну завяршылася  выступленнем народнага ансамбля  цыганскай песні “Джана Рома”.

У сталіцу парламентарыі вярталіся з яскравымі і цёплымі ўражаннямі пра ашмянскіх людзей, якія веданне гісторыі краю  лічаць сваім абавязкам, з адкрыццём для  сябе яшчэ адной слаўнай мясціны на карце  маляўнічай Беларусі.

Ніна Кульша, дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу РБ, член Пастаяннай  камісіі па адукацыі, культуры, навуцы і навукова-тэхнічным прагрэсе:

— Шчыра прызнаюся, што  захоплена прыгажосцю ашмянскай зямлі, яе ўтульнасцю і чысцінёй. Але найбольш багатай гісторыяй, якая  дае  падставу ганарыцца сваімі каранямі і  людзьмі, якія гэтую гісторыю  пісалі і пішуць зараз.

Інэса Кляшчук, дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу РБ, член Пастаяннай  камісіі па заканадаўстве і судова-прававых пытаннях, самы малады парламентарый дэпутацкага корпуса:

— Я  родам са Случчыны, таму гісторыю Ашмянскага раёна адкрыла для сябе ўпершыню. Была вельмі ўзрушана тым, як цесна пераплецены падзеі гісторыі між сабой. Нядаўна  наведала Навагрудак і фарны касцёл, дзе бралі шлюб Соф’я Гальшанская і Ягайла.  А цяпер вось ступаю  па тых мясцінай, якія ўзгадавалі будучую каралеву, маці   польскіх каралёў.

Вольга Смагіна, саветнік-кансультант аддзела па забеспячэнні дзейнасці Пастаяннай камісіі па правах чалавека, нацыянальных зносінах і сродках масавай інфармацыі:

—  Нават і здагадацца не магла, што ў такой   глыбінцы, як Ашмяншчына,  знаходзіцца агромністы пласт гісторыі. Тут адчуваецца асобны дух, якога ў сталіцы не знойдзеш. Тут жывуць людзі, якія з любоўю і пачуццём гонару за сваю маленькую радзіму расказваюць аб сваім краі.  Нізкі паклон Валянціне Міхайлаўне Лузінай за прапаганду свайго краю і за шыкоўную экскурсію!

Аліна САНЮК,

Фота аўтара.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *