Cвята першага школьнага званка прайшло ў Ашмянскай школе мастацтваў

Культура

 

Двор школы мастацтваў ізноў напоўніўся галасамі і звонкім смехам, шчырымі словамі пажаданняў, віншаваннямі настаўнікаў, бацькоў і гасцей свята. Малодшыя дзяліліся ўспамінамі і ўражаннямі пра летнія канікулы і адпачынак, а выпускнікі задуменна чакалі, калі пачнецца апошні год у сценах роднай школы.  Усяго ў чароўны свет музыкі і мастацтва адправіцца чатырыста трыццаць вучняў.

Сёлета дружную школьную сям’ю музыкантаў, мастакоў і танцораў папоўнілі  шэсцьдзесят пяць першакласнікаў (дарэчы, набор яшчэ працягваецца), якія ўпэўнена пад дружныя апладысменты прысутных выйшлі на першую лінейку. Сёння для іх усё ўпершыню, але яны не хвалююцца, бо з імі крочаць таленавітыя настаўнікі, якія хутка стануць для іх вернымі сябрамі і мудрымі дарадцамі.

Са святам першага школьнага званка вучняў, педагогаў і бацькоў павіншавала дырэктар школы Жанна Мажэйка.  Першакласнікам яна пажадала поспехаў, дасягненняў і трывалых ведаў; выпускнікам – каб апошні навучальны год у сценах школы быў незабыўным; бацькам — упэўненасці, цярпення, узаемапаразумення і моцнага здароўя.

— Хочацца, каб першы дзень верасня стаў не проста стартам новага навучальнага года, — адзначыла Жанна Мажэйка. – А сімвалам ведаў і перамог, бо школа мастацтваў заўсёды дорыць сваім вучням радасць, натхненне, музыку і палітру пачуццяў.

Намеснік дырэктара Таццяна Печкур далучылася да слоў удзячнасці і павіншавала першакласнікаў з важным днём у іх жыцці. Хлопчыкі і дзяўчынкі ўважліва слухалі загад аб залічэнні ў 1 клас, свае імёны і прозвішчы побач з прозвішчамі выкладчыкаў, з якімі некалькі гадоў ім давядзецца пераадольваць цяжкасці і радавацца поспехам і перамогам. А яны абавязкова будуць, тым больш, што да вялікай і дружнай сям’і педагогаў далучыліся маладыя спецыялісты. Трое з іх — выпускнікі Ашмянскай дзіцячай школы мастацтваў. Павел  Канавалаў будзе выкладаць у класе балалайкі, Ангеліна Юхевіч і Мілана-Бажэна Андрыеўская будуць вучыць дзяцей ігры на фартэпіяна, спасцігаць чароўнае ашмянцы будуць на ўроках выяўленчага мастацтва ў Кацярыны Юсціневіч.

Цудоўнымі мелодыямі напоўнілі школьны двор маладыя настаўнікі Віталь Юрэвіч, Ангеліна Юхевіч і Мілана-Бажэна Андрыеўская. Да віншаванняў таксама далучыліся чароўныя Феі – Фея музыкі (Кацярына Мандрык), Фея танца (Надзея Мухо) і Фея жывапісу (Кацярына Юсціневіч).

Новы навучальны год пачаў адлік. Канешне, ён будзе акрэслены творчымі здабыткамі, насычаны плённай працай і прынясе не толькі поспехі і перамогі, але і радасць новых адкрыццяў, і высокую адзнаку творчасці. Пасля ўрачыстай лінейкі вучні адправіліся на першы ўрок.

Кацярына РУДЗІК.

Фота Аляксандра НАУМЧЫКА.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *