Педагагічны маршрут Святланы Ляпко

 

У аўторак першы школьны званок абвясціў пачатак новага навучальнага года. У настаўніцкай дзейнасці Святланы Міхайлаўны Ляпко, якая цягам апошніх трынаццаці год працуе ў гімназіі, ён — дваццаць восьмы. За плячыма — багаж ведаў, атрыманы калісьці на геафаку БДУ, багаты прафесійны досвед, а ў вачах, як і раней, — апантанасць любімай справай, жаданне адкрываць перад вучнямі таямніцы прадмета, разам шукаць адказы на самыя разнастайныя пытанні. А хіба іх мала ў жыцці?!

Светлана Михайловна Ляпко, Никита Ромме, Елизавета Пекер

Святлана Міхайлаўна ву­чыць дзяцей думаць, аналізаваць, рабіць вывады — сёння недастаткова проста атрымаць веды, трэба ўзяць за звычку ўвесь час пашыраць свой кругагляд. Менавіта такую мэту ставіць перад вучнямі настаўніца і з задавальненнем адзначае, што яе ўдзячныя і дапытлівыя гімназісты адклікаюцца. Пасля ўрокаў яны спяшаюцца на факультатывы, заняткі ў гуртках і даследчыя пошукі. Адныя рыхтуюцца да алімпіяд, другія — да цэнтралізаванага тэсціравання, трэція — збіраюцца прэзентаваць вынік сваёй даследчай працы на вучнёўскай канферэнцыі.

Зацікаўленасць вучняў — лепшы стымул для настаўніка. Святлана Міхайлаўна пад­трымлівае яе, прапануючы гімназістам не толькі звесткі з падручніка, але і нестандартны матэрыял, творчыя формы работы. Разам са сваім навуковым кіраўніком дзеці шукаюць турыстычная брэнды Ашмянскага раёна, складаюць маршруты, будуюць ментальны вобраз горада — высвятляюць, дзе ашмянцы парадзяць пабываць гасцям райцэнтра. Такія даследаванні раскрываюць перад вучнямі непаўторны свет навукі, а захапленне прадметам перарастае ў прафесійны выбар. Па слядах Святланы Міхайлаўны пайшлі дзве яе вучаніцы, якія скончылі геаграфічны факультэт — Вольга Друцель і Лілія Садоўская. Сёлета двое выхаванцаў Святланы Ляпко — Лізавета Пекер і Мікіта Роме — сталі стыпендыятамі спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь.

Ёсць у Святланы Ляпко і гімназістаў яшчэ адно агульнае захапленне — інтэлектуальныя гульні. На занятках гуртка хлопчыкі і дзяўчынкі мераюцца кемлівасцю, хуткасцю рэакцыі, уменнем працаваць у камандзе і нават інтуіцыяй. Без гэтых і шэрага іншых важных якасцяў немагчыма ўявіць «Што? Дзе? Калі?». Традыцыі гэтай гульні ў гімназіі даўнія. Амаль з пачатку заснавання ўстановы адукацыі з лёгкай рукі тагачаснага намесніка дырэктара Наталлі Кучынскай тут распачаўся сапраўдны інтэлектуальны марафон. Спачатку яго падтрымала каманда настаўнікаў «В десяточку», у якую ўвайшла і Святлана Ляпко, а затым — і старшакласнікі.

— Атрымліваецца, што я гуляю ў «Што? Дзе? Калі?» больш за дзесяць гадоў, — здзівілася сама Святлана Міхайлаўна, падлічыўшы свой «інтэлектуальнагульнявы» стаж. — А гімназістаў трэнерую каля васьмі гадоў — некаторыя ўжо скончылі школу. Праўда, калі гаварыць пра самы пачатак, то ім сталі заняткі з камандай «Вікінгі» СШ №3, дзе калісьці пачынала свой працоўны шлях.

Ці трэба казаць, што пасля такога вопыту Святлане складана ўявіць сваё жыццё без гэтага важнага складніка. Разам са сваёй настаўніцкай камандай яна рэгулярна ўдзельнічае ў турнірах, якія праходзяць у Ашмянах, Астраўцы, радзей — у іншых гарадах вобласці. Раўняюцца на дарослых і вучнёўскія каманды гімназіі. У кожным класе, адзначае Святлана Міхайлаўна, ёсць апантаныя вучні, у некаторых — нават цэлыя каманды. Таму школьныя турніры тут праходзяць часта.

Некалькі разоў у год Святлана Ляпко запрашае дзяцей на раённыя турніры «Залатая восень», «Паўднёвы вецер», «Казачны куфэрак». Канкурэнцыю гімназістам падчас такіх сустрэч састаўляюць вучні гарадскіх школ, асабліва СШ №2. З радасцю адпраўляюцца вучні гімназіі на абласныя і рэспубліканскія гульні, адкуль нярэдка вяртаюцца са значнымі поспехамі. «Кубак Кронана» ў Гродне, «Несцерка» ў Мінску, традыцыйныя турніры ў Маладзечне — геаграфія сустрэч з інтэлектуаламі краіны пашыраецца, а разам з ёй — і паспяховасць. Так, у гэтым годзе гімназісты прывезлі другое месца з турніру, які прайшоў у Нацыянальным цэнтры мастацкай творчасці дзяцей і моладзі.

Збіраючыся ў чарговую паездку са Святланай Міхайлаўнай, дзеці ведаюць: падарожжа будзе цікавым. І гэта тычыцца як выбару транспарта — цягніка, так і ўражанняў ад вандроўкі па чужым горадзе. Нібы той добры Джын, вырываецца на волю дух турызму — настаўніца знаёміць дзяцей з асаблівасцямі населенага пункта, яго славутасцямі. Гэтак жа незабыўна праходзяць і турыстычныя паходы, якія штогод ладзіць класны кіраўнік для сваіх вучняў.

…Не ведаю, як вы, а я менавіта такім і ўяўляла школьнага настаўніка — улюбёным у свой прадмет, рознабаковым у захапленнях, творчым, адданым педагагічнай справе і дзецям, гатовым спасцігаць новыя формы работы. Вось і з апошняй настаўніцкай нарады Святлана Міхайлаўна вярнулася не толькі з важнай узнагародай — граматай Міністэрства адукацыі, яскравымі ўражаннямі ад канцэртнай праграмы, але і з цікавымі ідэямі, якія з’явіліся дзякуючы калегам-прафесіяналам. Хто ведае, можа, наступны «Крышталёвы журавель» прыляціць у Ашмяны?!

Людміла РЫБІК.

0

Добавить комментарий

Авторизация
*
*
Регистрация
*
*
Генерация пароля