У Гальшанах адзначылі “Дажынкі”

 

Нашы продкі калісьці казалі, што чалавек славіцца сваёй працай. Насамрэч, людзі, якія працуюць у галіне сельскай гаспадаркі, шчыруюць на палетках ад раніцы да позняга вечара, заслугоўваюць вялікай пашаны і бязмежнай удзячнасці за сваю справу. Менавіта яны, работнікі КСУП “Гальшаны”, сталі пачэснымі гасцямі свята “Дажынкі”, якое прайшло ў аддзеле культуры і вольнага часу на мінулым тыдні.

Святочны настрой адразу задаў тэатралізаваны пралог з Жыценем (Міхаілам Буйніцкім) і Талакой (Анастасіяй Акулевіч). Пад песню, якая суправаджала ўрачыстае шэсце вакальнай жаночай групы, быў унесены сімвал багацця і сілы роднага краю – дажыначны сноп. Жнейкі (Алена Шавель, Анастасія Адашкевіч і Таццяна Шавель) па традыцыі ўручылі яго старшыні КСУП “Гальшаны” Мікалаю Праўко.

Вядучыя свята Канстанцін Яраш і Таццяна Завадская адзначылі, што спрадвеку каравай у беларуса — сімвал дабрабыту, багацця і гасціннасці. Але найперш гэта адметны сімвал хлебаробскай працы — працы людзей, якія збіралі ўраджай. З вялікім гонарам за хлебаробаў кіраўнік гаспадаркі прыняў сімвал дабрабыту і гасціннасці – каравай, выпечаны з зерня новага ўраджаю.

Мікалай Праўко звярнуўся да механізатараў, камбайнераў і памочнікаў, вадзіцеляў і аператараў зернесушыльных комплексаў, якія мелі непасрэднае дачыненне да сёлетняга намалоту збожжа. Словы віншаванняў і падзякі за плённую працу работнікам жніва выказала старшыня пярвiчнай прафсаюзнай арганiзацыi гаспадаркi Тамара Жызнеўская.

За высокія паказчыкі на ўборцы збожжа старшыня КСУП “Гальшаны” Мікалай Праўко ўзнагародзіў ганаровымі граматамі камбайнераў, вадзіцеляў і загадчыкаў зернесушыльных комплексаў. Сярод іх — экіпаж Пятра Пазнанскага i Iвана Базыка, які на камбайне “Лексiён-560” намалацiў 2720 тон зерня разам з рапсам. Экіпаж у складзе Аляксандра Сасноўскага i Iвана Бiтэля на камбайне “Мега-208” намалацiў 1568 тон зерня, а экiпаж Юрыя Гладкага i яго памочнiка Арцёма Ждановiча на камбайне “Палессе-1218” намалацiў 1736 тон зерня. На зернесушыльным комплексе “Гальшаны” (загадчык Вольга Чымбар) прасушана 13800 тон зерневых культур, на зернескладах “Семернікі” (загадчык Ганна Вярбiцкая) і “Доргішкі” (загадчык Алена Рагiнская) было прасушана 628 і 860 тон зерня.

Пад гучныя апладысменты на сцэну таксама падняліся экіпажы Вiктара Каспяровiча i Мiкiты Андрушкевiча, Генрыха Скаржынскага i Андрэя Давiдовiча, Дзмiтрыя Роўбы і Дзмiтрыя Шыльвяна, Алега Чымбара і Вiталя Бунара, Аляксандра Кошчыца і Вадзiма Астроўскага, Мiхаiла Кашчы і Аляксандра Макарэвiча, Андрэя Чаплiнскага і Вiктара Чаплiнскага.

За высокія паказчыкі і добрасумленную працу ўзнагародзілі і вадзіцеляў, якія шчыравалі на хлебнай ніве. Сярод іх Дзянiс Собаль, Вацлаў Чаплiнскi і Алег Собаль. На святочную сцэну выйшлі загадчыкі вытворчых участкаў Аляксей Раманько і Леанiд Кот, участкі якіх дасягнулі высокай ураджайнасцi зерневых.

У народзе гаварылі: “Жнівень сее, жне і косіць – на сталах багацця досыць”. Так і ў гальшанцаў на стале з’явіўся духмяны хлеб. Кожны, хто прыйшоў на свята, змог пакаштаваць сёлетні каравай і адчуць яго непаўторны водар.

Парадавалі гледачоў вясёлымі спевамі і бадзёрымі мелодыямі таленавітыя музыкі з розных куткоў Ашмяншчыны: салісты народнага тэатра песні і танца “Імпульс”, Аляксандр Кот, Віктар Трот, Анастасія Адашкевіч, Любоў Шчарбакова і Марына Кісліцкая. Удзельнікам дажынак шчыра дарылі святочны настрой і ўдзельнікі танцавальнай групы “Фіеста”.

Кацярына РУДЗІК.

0

Добавить комментарий

Авторизация
*
*
Регистрация
*
*
Генерация пароля