«Выпісваю раёнку столькі, колькі жыву». Францішка Вайткевіч з Гальшан

Культура

 

Паштальён Таццяна Спірыда хутка збочвае на сваім веласіпедзе на вуліцу Фінкоўскай. На прызбе ў цені дрэў аб нечым ажыўлена размаўляюць суседкі Францішка Вайткевіч і Станіслава Люковіч. Паштальён уручае сённяшні выпуск “Ашмянскага весніка”, і сяброўкі пачынаюць уважліва разглядаць фотаздымкі і агучваць назвы артыкулаў. Астатняе давядзецца прачытаць ужо дома ў акулярах.

— Выпісваю раёнку столькі, колькі жыву, — усміхаецца Францішка Вацлаваўна. — За гэты час ніколі нават думкі не ўзнікала, каб разлучыцца з ёй. Кожны аўторак і пятніцу чакаю “Ашмянскі веснік” з нецярпеннем. Бяру акуляры і чытаю ад пачатку і да канца.

Такіх заўзятых чытачоў у раёнкі, як Францішка Вайткевіч з Гальшан, напэўна, нямала. Жанчына выпісвае і чытае раённую газету сем дзясяткаў гадоў. Таму нядзіўна, што падчас нашага прыезду мы засталі жанчыну з раёнкай у руках.

З пятнаццаці гадоў Францішка Вацлаваўна працавала паштальёнам. Практычна ўвесь працоўны шлях жанчыны быў звязаны з раённай газетай.

Пошта ў Барунах месцілася за кляштарам, там дзяўчына збірала газеты і лісты ў вялікую сумку і пешшу адпраўлялася ў Каецяняты, Кастыну, Цюпішкі і Лічыняты, а ўжо пасля абслугоўвала Барунскую і Замкавую вуліцы ў Гальшанах, а таксама вёску Лужышча.

— Розныя былі газеты, але раённая — самая лепшая, — расказвае жанчына. — Я ж разносіла людзям і “Праўду”, і “Гродзенскую праўду”. Таксама “Калгасную праўду” ў той час вяскоўцы любілі чытаць.

Раней жыццё ў мястэчках віравала, кожная сям’я абавязкова выпісвала газеты. Францішка Вацлаваўна добра памятае, што ў Каецянятах ёй трэба было даставіць пошту ў семдзясят дамоў, у Цюпішках – у трыццаць дзевяць! Увогуле, перыёдыкі была вялікая сумка, якую, нягледзячы на прыродныя катаклізмы, трэба было даставіць у кароткі тэрмін.

За выдатную працу Францішку Вайткевіч на кожнай нарадзе матэрыяльна заахвочвалі і нават выдалі веласіпед, на якім яна летам з камфортам развозіла пошту па вёсках.

— Не ўяўляю, як бы гэта я не выпісала раёнку, — расказвае жанчына. — У ёй жа адлюстроўваецца жыццё раёна, яго будні і святы. У маёй паштовай скрыні заўсёды ёсць месца для раёнкі. Пагартаю родную газету – і адразу саграваецца душа…

Нават улетку, калі вясковыя клопаты не пакідаюць вольнай хвіліны, жанчына ўсё роўна выкройвае час, каб пазнаёміцца са свежым нумарам. Раёнка – надзейны сябар і памочнік падчас вядзення палявых работ і сезона нарыхтовак. Заўсёды да месца ў ёй праграма тэлеперадач. Прыемна разам з падпіскай атрымаць каляндар на год, які радуе вока на працягу года. Падабаюцца Францішцы Вацлаваўне і публікацыі пра жыццё людзей і іх працу: адных яна адкрывае з новага боку, з іншымі знаёміцца ўпершыню.

— Артыкулы карэспандэнтаў знаходзяць шчырыя водгукі ў гальшанцаў, — дзеліцца Францішка Вайткевіч. – Адна мая суседка газету не выпісвае, але заўсёды заходзіць у госці і цалкам, ад першай да апошняй старонкі, чытае.

У свае восемдзясят шэсць гадоў Францішка Вацлаваўна застаецца актыўным чалавекам і цікавай суразмоўцай. Сціплая і шчырая жанчына пасля выхаду на заслужаны адпачынак не сядзела ні хвіліны на месцы. У яе прасторным доме, перавезеным з вёскі Лужышча, на працягу сямнаццаці гадоў святары касцёла Святога Яна Хрысціцеля праводзілі рэлігійныя заняткі з маленькімі гальшанцамі. І цяпер штодзённых клопатаў таксама хапае – агароды, невялікая хатняя гаспадарка – авечкі і куры.

А яшчэ жанчына кожны дзень на раніцы спяшаецца ў касцёл:

— Без імшы ў касцёле не магу, — дзеліцца Францішка Вайткевіч. – Спадзяюся, што Бог дасць здароўя наведваць храм. Раніцай іду пешшу, а назад падвозяць суседзі Ірына і Раман Сарокі, якія жывуць у пачатку вуліцы. Дзякуй ім вялікі, бо без іх дапамогі цяжка б прыйшлося.

Кожны дзень у Гальшаны да Францішкі Вацлаваўны прыязджаюць дзеці, каб даведацца, як яе здароўе, дапамагчы па дому і гаспадарцы. Дзяцей Ірэну, Марыну, Станіславу, Яніну і Эву, унукаў і праўнукаў — кожнага жанчына агортвае цеплынёй і ўвагай, падтрымлівае добрым словам. А ўнукі называюць Францішку Вацлаваўну ласкава “бабцяй” і ніколі не абмінаюць дом на вуліцы Фінкоўскай. Як і паштальён з раёнкай, якая таксама стала жаданым госцем у доме Вайткевічаў.

Кацярына РУДЗІК.

Фота Святланы МУЦЯНСКАЙ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *