Урачыстасць Першай Камуніі адбылася ў Ашмянах

Культура

 

У жыцці кожнага каталіка ёсць тры галоўныя падзеі: хрост, прыняцце Першай Камуніі і шлюб. Хрысцяць дзяцей яшчэ зусім маленькімі, калі яны нават не разумеюць, што адбываецца. А вось прыняцце Камуніі, ці Цела Хрыста – гэта ўжо ўсвядомлены крок у духоўнае жыццё.

Камунія – гэта хлебныя пласцінкі, памяць аб апошняй вячэры Ісуса Хрыста. Прымаючы іх, вы прымаеце Святы Дух, сам Ісус уваходзіць у вас.

Напярэдадні Першай Камуніі праходзіць Першая споведзь, падчас якой дзіця павінна ўспомніць усе свае грахі, разабрацца з мінулым, каб прыйсці да новага жыцця з чыстай душой. Рахунак сумлення дапамагаюць выканаць бацькі. Разам з дзецьмі яны таксама даходзяць да споведзі і моляцца аб чысціні. Затым — прыняцце Першай Камуніі, пасля якой дзіця адкрывае сваю душу для Хрыста і падымаецца на новую прыступку ў сваёй духоўнай свядомасці.

У мінулую нядзелю сакрамэнт Першай Камуніі прайшлі сто восемдзясят дзевяць маленькіх парафіян раёна. Да гэтай важнай падзеі яны доўга і адказна рыхтаваліся, наведваючы ўрокі рэлігіі і святыя службы ў касцёле.

Па-святочнаму апранутыя ў белыя, аднолькавыя ва ўсіх сукенкі, са свечкамі ў руках яны спяшаліся ў каталіцкі храм Ашмян на імшу. У той дзень для дзяўчат і хлопчыкаў, якія павінны былі атрымаць Першую Камунію, было прызначана дзве службы: а восьмай гадзіне раніцы і а дванаццатай дня.

У святочны дзень дзяцей прыйшлі падтрымаць іх бацькі – кроўныя і хрышчоныя, сябры, родныя і знаёмыя. Хваляванне і ўрачыстасць падзеі чыталася на тварах дзяцей, і гэта зразумела, бо у той дзень яны далі абяцанне выконваць Божыя запаведзі не сабе, не маці і тату, а Богу.

Інга ГІЗ.

Фота Святланы МУЦЯНСКАЙ.

 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *