Повязь з Бярвенцішкамі

Культура

 

Распачаць вывучэнне гісторыі паселішча з назвай Бярвенцішкі, частка якога сёння вядома як Бярвенцы, падштурхнулі звесткі пра адзін ваенны аб’ект з часоў Першай сусветнай вайны ў гэтай ашмянскай мясціне. У чарговы раз падзеі больш чым стогадовай даўніны вывелі на прызабытыя старонкі мінулага, узнавілі веды пра свой край і звязаных з ім людзей.

Сённяшні выгляд месцазнаходжання былога маёнтка Бярвенцішкі 2020г.

Тую далёкую вайну можна назваць першай па многіх паказчыках. Не будзем пералічваць іх, а засяродзім увагу толькі на адным. Упершыню сваю эфектыўнасць прадэманстравала авіяцыя, якую маштабна пачалі выкарыстоўваць у ваенным канфлікце.

Па розныя бакі франтавой мяжы раскінулася шчыльная сетка аэрадромаў. Паветраную прастору пазіцый 10-й рускай арміі ў раёне былога Ашмянскага павета абаранялі рускія авіяцыйныя атрады, якія базіраваліся каля фальваркаў Мясата, Маліноўшчына, Яхімаўшчына, Адамполь.

Дзейнасць гэтых авіяатрадаў дастаткова добра асветлена ў даследаваннях апошняга часу, таму адзначым толькі некаторыя звесткі па авіяцыі з супрацьлеглага боку. Згодна з сакрэтнымі звесткамі аб размяшчэнні варожых аэрадромаў ад 13.10.1916 года, такія аб’екты на акупаванай тэрыторыі ў нашым рэгіёне знаходзіліся ў Солах, Кене, Вільна, Бярвенцішках, Ашмянах, Барунах, Багданаве, Сурвелішках, Жамыслаўлі, Лаздунах і Лідзе. На першым месцы ў пераліку пададзены Солы, так як тут знаходзіліся два германскія авіацыйныя падраздзяленні, якія абслугоўвалі ўчастак пазіцый ад Вішнеўскага возера да Крэва. У межах сучаснага Ашмянскага раёна знаходзіліся авіяатрады і адпаведна аэрадромы ў Ашмянах, Барунах і Бярвенцішках. Па паказаннях нашага салдата, збеглага з нямецкага палону, у 1917 годзе пацверджана размяшчэнне яшчэ аднаго аэрадрома ў фальварку Латавічы, пры шашы паміж Жупранамі і Ашмянамі. Адсюль самалёты германскага 229 артылерыйскага авіяцыйнага атрада выляталі для карэкціроўкі артылерыйскага агню і разведкі ў раён Крэва, пра што сведчыць аэрафотаздымак з калекцыі Ул.Багданава.

Карта генштаба РККА 1923г

У прыведзеных звестках за 1916 год узгаданы таксама наступны факт: “У авіяцыйным аддзяленні, размешчаным у Бярвенцішках, знаходзіцца 6 апаратаў. Аб астатніх авіяаддзяленнях дакладных звестак не маецца, але мяркуючы па колькасці ангараў, заўважаных нашымі ніжнімі чынамі, якія збеглі з палону, на кожным аэрадроме можа быць 4-6 апаратаў”. Сёння без удакладняючай інфармацыі нельга вызначыць месцазнаходжанне бярвенцішскага аэрадрома. Час сцёр матэрыяльныя напаміны не толькі пра гэты ваенны аб’ект, але і былы маёнтак, першай пісьмовай звестцы пра які ў гэтым годзе споўніцца пяць стагоддзяў. Так пошук перарос у даследаванне гісторыі мясціны і вядомых выхадцаў з яе.

20 верасня 1520 года вялікі князь літоўскі і кароль польскі Жыгімонт надаў пяць незабудаваных пустак смаленскаму баярыну Дзмітру Федкавічу Бярвенцу, ад прозвішча якога пайшла назва паселішча. Адзіная яго дачка перадала гэтую маёмасць свайму мужу, Яну Перапечы, у 1628 годзе была прададзена Грамыкам. Амаль два стагоддзі маёнткам валодалі Грамыкі і іх сваякі, пакуль у 1816 годзе Барбара з Нарковічаў не прадала яго Антонему і Ізабеле з Букатых Хадзынскім. Наступным гаспадаром Бярвенцішак становіцца іх сын Вітольд, а апошнім уладальнікам маёнтка з роду Хадзынскіх стаў Вацлаў Вітольдавіч Хадзынскі.

Карта Вайсковага Інстытута Геаграфіі 1935

Вядома, што ён скончыў класічную гімназію з нямецкай мовай выкладання ў Мітаве, а пасля займаўся развіццём сваёй уласнай гаспадаркі з выкарыстаннем новых дасягненняў у сельскагаспадарчай вытворчасці. Паспяховы землеўладальнік і ўездны спраўнік У.Хадзынскі адзін час з’яўляўся старшынёй сельскагаспадарчага таварыства ў Ашмянах, сябрам землеўпарадкавальнай камісіі, інспектарам “па чыншавых справах прысутнасці”. Як старшыня браў чынны ўдзел у рабоце прыёмнай камісіі ваенна-конскай павіннасці Ашмянскага ўезда. Быў актыўным удзельнікам Ашмянскага з’езду землеўладальнікаў 1905 года па справе выбараў у Дзяржаўную Думу. Звесткі за гэты год даюць магчымасць уявіць памеры яго зямельнага валодання і колькасць жыхароў паселішча. Маёнтку Хадзынскага Бярвенцішкі належала 439 дзесяцін зямлі, у ім пражывала 27 мужчын і 17 жанчын. Аднайменнаму фальварку Жаброўскага і вёсцы з той жа назвай, якія пасля Першай сусветнай вайны афіцыйна сталі называцца Бярвенцы, у 1905 годзе прыпадае адпаведна 116 і 74 дзесяцін зямлі, пражываюць у іх 12 і 97 жыхароў.

У міжваенны перыяд мінулага стагоддзя маёнтак пераходзіць ва ўласнасць іншым гаспадарам і па звестках за 1939 год належыць Казіміру і Марыі Бернат. Паселішча ў далейшым не вытрымала сацыяльна-эканамічных зрухаў і перастала існаваць. Сёння ад былых пабудоў і прысад не захавалася ніякіх напамінаў, толькі водны стаў сваёй маляўнічасцю нагадвае пра непаўторную мінуўшчыну гэтага кутка Ашмянскага краю.

Варты нашай увагі яшчэ адзін ураджэнец Бярвенцішак, звесткі пра якога знайшліся ў час напісання артыкула. Тут 9 верасня 1858 года нарадзіўся Браніслаў Хадзынскі. Як і яго брат Вацлаў, ён скончыў спачатку гімназію ў Мітаве, а потым працягнуў вучобу ў Дэрпцкім універсітэце. Працаваў горным інжынерам на Бранцаўскім радовішчы солі ў Екацярынаслаўскай губерніі. З восені 1885 года Б.Хадзынскі, як старэйшы наглядчык Ілецкага салянога промыслу ў Арэнбургскай губерніі, кіруе арганізацыяй падземнай здабычы солі. Наступным месцам яго працы стала акцыянернае таварыства “Для продажу вырабаў Рускіх металургічных заводаў”, так званы сіндыкат “Продамета”. Быў адным з дырэктараў бельгійска-расійскага металургічнага завода ў Санкт-Пецярбургу. Пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі 1917 года абвешчаны капіталістам і асуджаны да растрэлу. Прысуд быў адменены Ф.Дзяржынскім, сям’я Хадзынскага пакінула Савецкую Расію і накіравалася ў Вільна. У міжваенны перыяд з’яўляўся лаўнікам, г.зн. засядацелем магістрату г.Вільна, спаўняў абавязкі шэфа гарадскога скарбу. Памёр 14 студзеня 1938 года, пахаваны на віленскіх могілках Роса.

Адной з яго дачок была выдатная польская мастачка, аўтар карцін па кераміцы, педагог Браніслава Міхайлоўска (22.02.1915 -14.07.2015). Пра жыццяпіс Бронькі, як яна сама сябе называла, можна даведацца на старонцы ў Вікіпедыі. Нагадаю толькі некаторыя моманты яе творчасці. Першапачаткова Бронька стварала карціны алеем, гуашшу, акварэллю і лінагравюрамі. Падчас знаходжання ў Велікабрытаніі пачала маляваць на керамічнай аснове, ствараючы мастацкія пліткі, якія набылі наватарскі выгляд і даўгавечнасць. Пасля прыезду ў Канаду эксперыментавала з невялікімі формамі прыкладнога мастацтва, пераходзячы да больш буйных і складаных. Самая вялікая праца мастачкі — кампазіцыя з 150 керамічных плітак, якая была зроблена для Гордана Юдэйлера ў 1974 годзе. Пасля яе смерці большасць работ была перададзена ў эміграцыйны архіў універсітэта імя Мікалая Каперніка ў Торуні. Работы Браніславы Міхайлоўска экспанаваліся на шматлікіх калектыўных і індывідуальных выставах у Англіі, Францыі, Канадзе і Польшчы.

Уладзімір ПРЫХАЧ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *