У Ашмянах прайшоў трэці рэгіянальны пленэр

События

Таленавітыя юныя мастакі з Астравеччыны і Смаргоншчыны на тры дні апанавалі барунскі мост ў Ашмянах. Са сваёй палітрай фарбаў, пэндзлямі і з вялікім натхненнем удзельнікі трэцяга рэгіянальнага пленэру крочылі да помнікаў архітэктуры, якіх у нашым горадзе багата.

Менавіта культавыя збудаванні сталі асноўнай тэмай сёлетняга пленэру. Як паведаміла дырэктар Ашмянскай дзіцячай школы мастацтваў Жана Мажэйка, работы-пераможцы надалей прымуць удзел і будуць выстаўляцца ў маі падчас пятай міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі, тэма якой “Гісторыка-культурная спадчына Ашмяншчыны”.

У гэтым годзе прыняць удзел у пленэры пажадалі трыццаць дзевяць навучэнцаў дзіцячых школ мастацтваў і школьнікаў, якія займаюцца ў эстэткласах не толькі Ашмян, але і Граўжышак і Кальчунаў. Тры заяўкі на ўдзел было пададзена з Астраўца, дзесяць паступіла са Смаргонскага раёна, а шаснаццаць удзельнікаў сёлета прадстаўлялі наш раён.

Усе ўдзельнікі раздзяліліся на малодшую (узрост да 13 год) і старэйшую (з 14 да 16 гадоў) групы. Вынікі пленэру падводзіліся ў намінацыі “жывапіс” і “”графіка”.

Падчас падвядзення вынікаў журы вельмі шмат дыскутавала, бо ўсе работы аказаліся настолькі моцнымі і, галоўнае, вытрыманымі у патрэбным стылі, тэхніцы і пастраенні. Таму адразу было цяжка вызначыць пераможцаў.

Тым не менш месцы ў малодшай групе юных мастакоў размеркаваліся наступным чынам. Першае месца аддадзена рабоце Арцёма Усціновіча (г. Ашмяны, СШ №3), другое месца ў Дзяніса Быкава са Смаргонскай дзіцячай школы мастацтваў, а на трэцім –  наша Аляксандра Харашаева з СШ №1.

Прыз глядацкіх сімпатый быў прысуджаны Настассі Вінаградавай, якая вучыцца маляваць у Гальшанскай ДШМ пад кіраўніцтвам таленавітага педагога Сяргея Дунды. Дарэчы, так адбылося, што як раз у дзень падвядзення вынікаў дзяўчыне споўнілася чатырнаццаць год. Таму падчас правядзення пленэру Настасся прымала не толькі падарункі ад арганізатараў, але і віншаванні ад сваіх сяброў.

У старэйшай групе шмат станоўчых водгукаў і высокую ацэнку атрымала работа Аксаны Бондаравай са Смаргоні. Другое месца прысуджана конкурснай рабоце Вікторыі Мароз, а трэцяе – Дар’і Рэвака з Астраўца.

Прыз глядацкіх сімпатый у гэтай групе атрымала наша Марта Рамейка.

Нагадаем, што першы пленэр, які праходзіў два гады назад на Ашмяншчыне, быў прысвечаны 140-годдзю мастака Фердынанда Рушчыца, а другі — да 250-годдзя Юзэфа Карчэўскага.

Алена ШЫДЛОЎСКАЯ.

Фота Святланы МУЦЯНСКАЙ.

На здымках: ідзе абмеркаванне конкурсных работаў; удзельнікі пленэру з Гальшанскай ДШМ (злева направа) Аляксей Касцючэнка, выкладчык Сяргей Дунда, Настасся Вінаградава і Ліза Лаўрыновіч.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *