Архівы раскрываюць таямніцы. Удакладнена месца пахавання авіятараў “Ільі Мурамца” у Барунах

Культура

 

Гісторыя захоўвае шмат сакрэтаў. Некаторыя з іх з-за адсутнасці інфармацыйных крыніц, напэўна, назаўсёды застануцца нераскрытымі. Але архіўныя сховішчы часам даюць магчымасць аднавіць частку былых таямніц, такім чынам прыблізіць і захаваць успаміны аб мінулым.

Цягам апошніх двух дзесяцігоддзяў на старонках “АВ” шматразова адлюстроўвалася гісторыя несмяротнага подзвігу экіпажа самалёта “Ілья Мурамец №16” у гады Першай сусветнай вайны. У большасці гэтыя публікацыі грунтаваліся на матэрыялах з іншых СМІ, вядомых фактаў з навукова-папулярнай літаратуры. Рыхтуючы найбольш поўную энцыклапедыю пра гэты самалёт і яго экіпаж, вядомы расійскі даследчык авіацыі Марат Хайрулін дапоўніў каштоўнае будучае выданне новымі, невядомымі да гэтага часу звесткамі з архіўных крыніц. Выхад у свет кнігі стане сапраўдным адкрыццём і падарункам усім тым аматарам гісторыі, хто цікавіцца сваім гераічным мінулым. Не раскрываючы ўсіх каштоўных знаходак аўтара, у гэтым артыкуле закрану толькі адну, якая звязана з удакладненнем месца пахавання авіятараў “Ільі Мурамца”.

Як вядома, пасля гібелі ў 1916 годзе экіпаж паветранага карабля быў пахаваны на вайсковых могілках салдат Першай сусветнай вайны ў Барунах. Але неаднойчы ў краязнаўцаў узнікала пытанне, ці знаходзяцца іх магілы на тым месцы, дзе сёння стаіць бетонны крыж з надпісам: “4 NIEZNANYCH ROS. LOTN. † 25. (09). 16.” Справа ў тым, што на мяжы стагоддзяў занядбаны барунскі ваенны некропаль быў густа заросшы хмызняком, частка крыжоў разбіта і параскідана па ўсёй яго тэрыторыі. У пачатку XXI стагоддзя тут адбыўся міжнародны моладзевы летнік, падчас якога валанцёры добраўпарадкавалі мясціну, аднавілі крыжы і ўсталявалі металічны крыж з мемарыяльнай шыльдай. Але ці адпавядаюць крыжы тым магілам, дзе яны стаялі раней?

Знойдзеныя ў Цэнтральным дзяржаўным архіве Літвы матэрыялы, якімі шчыра падзяліўся паважаны М.Хайрулін, далі магчымасць узнавіць першапачатковае месца пахавання артылерыйскага афіцэра паветранага карабля паручніка Ф.Гаібава, назіральніка паручніка А.Карпава, камандзіра карабля паручніка Д.Макшэева, памочніка камандзіра карабля паручніка М.Рахміна. Згодна з нямецкімі спісамі пахаваных, польскай ведамасцю ўліку салдат і ваеннапалонных, загінуўшых або памерлых перад 1918 годам і планам нямецка-расійскіх ваенных могілак ў Барунах з 1930 года, месца агульнага крыжа на магілах лётчыкаў знаходзіцца ў паўночна-заходнім куце пляца, паміж валам і сучасным металічным мемарыяльным крыжам.

Калаж з першапачатковай магілай лётчыкаў і сучасным станам могілак

Не менш цікавай для нас з’яўляецца і іншая архіўная інфармацыя з ЦДАЛ пра салдацкія могілкі ў Барунах. З першага пахавання на іх, якое датуецца 28.09.1915 годам, да апошняга, якое адбылося 29.11.1917 года, на могілках было пахавана 527 салдат. З гэтай колькасці пахаваных шасцёра нямецкіх салдат у гады вайны былі эксгумаваны і перавезены дадому. Са Старых Барун 21 кастрычніка 1930 года быў перапахаваны невядомы лётчык рускай арміі. Праўдападобна, што гэтым лётчыкам быў Крысан Янсан, які загінуў у той самы дзень, калі загінуў экіпаж “Ільі Мурамца №16”, і быў першапачаткова пахаваны каля х.Раманоўшчызна, побач са Старымі Барунамі. Пра лёс гэтага авіятара можна даведацца з публікацыі “АВ” ад 27 жніўня 2014 года, №64. Перапахаваны К.Янсан у 5 сектары могілак, які да сённяшняга часу недобраўпарадкаваны, і ёсць спадзяванне, што крыж на яго магіле зберагаецца ў першапачатковым месцы, але з цягам часу заглыбіўся ў зямлю.

З архіўных спраў таксама вынікае, што на вайсковых могілках у Барунах спачывае 41 салдат Рускай імператарскай арміі. У 26-ці з гэтай колькасці вядомы прозвішчы, у некаторых захаваліся імёны і назвы іх вайсковых фарміраванняў, у большасці пазначаны даты смерці. Апошнія дні жыцця гэтых воінаў можна прасачыць па звесткам з іншых архіўных крыніц, але гэта тэма наступных даследаванняў.

Апошнім часам ужо ў Расійскім дзяржаўным ваенна-гістарычным архіве знайшліся звесткі з 1917 года пра яшчэ адзін паветраны бой у небе над Ашмяншчынай, наступствы якога для рускіх лётчыкаў нагадалі апошнюю старонку гісторыі “Ільі Мурамца”. 15 (28 па н.ст.) чэрвеня 1917 года ваенны лётчык унтэр-афіцэр Кальнінг і назіральнік штабс-капітан Будзіловіч з 18 корпуснага авіяцыйнага атрада на самалёце “Спад” вылецелі з аэрадрома ф.Мясата на разведку. Ахоўваў і суправаджаў іх прапаршчык Конюхаў з таго ж самага авіяатрада на аднамесным біплане “Ньюпар-21”. У раёне в.Пятровічы паветраныя апараты былі атакаваны двума германскімі знішчальнікамі. Прапаршчык Конюхаў, абараняючы самалёт разведкі, некалькі разоў атакаваў праціўніка і бачыў, што самалёт “Спад” крута пачаў зніжацца да нашых акопаў.

У час паветранага бою адзін з германскіх самалётаў штопарам пайшоў уніз, відавочна падбіты. Сам лётчык Конюхаў паспяхова вытрымаў бой, атрымаўшы пры гэтым 12 прабоін, была прабіта таксама каска лётчыка. Самалёт з ваенным лётчыкам Віктарам Кальнінгам і назіральнікам Уладзімірам Будзіловічам, мяркуючы па запісцы, якую пазней скінулі з германскага самалёта, разбіўся ў размяшчэнні праціўніка. Лётчыкі раніцай наступнага дня былі пахаваны з вайсковымі ўшанаваннямі. Пакуль невядома, дзе знайшлі свой апошні зямны прытулак гэтыя мужныя авіятары ў нашым краі, які далейшы лёс самаго пахавання? Але як і ў выпадку з магілай экіпажа “Ільі Мурамца №16”, магчыма ўзнаўленне гэтага месца, толькі патрэбна настойліва працягнуць архіўны пошук у гэтым накірунку.

Уладзімір ПРЫХАЧ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *