На Гальшаншчыне адзначылі пачатак жніва

Сельское хозяйство

 

На залатых палетках каля вёскі Маркіняты, дзе высяцца каласы спелага збожжа, механізатары КСУП “Гальшаны” выстраілі ў лінейку камбайны. Ужо пасля свята яны выйдуць на жніўныя палеткі, каб зярнятка да зярнятка ўбраць сёлетні ўраджай.

На свяце “Зажынкі – 2020” гальшанскім хлебаробам жадалі добрага настрою, спрыяльнага надвор’я і багатага намалоту дырэктар прадпрыемства Мікалай Праўко, галоўны аграном Валянціна Чаплінская, выконваючы абавязкi галоўнага iнжынера Станiслаў  Роўба, святары Багуслаў Вуйтовіч  i Уладзiмiр Семяняка.

Народныя традыцыі, звязаныя з абрадам зажынак, на полі ўвасобілі ўдзельніцы мастацкай самадзейнасці аддзела культуры і вольнага часу аграгарадка Гальшаны. Яны ўручылі першы сноп сёлетняга ўраджаю гаспадару прадпрыемства Мікалаю Праўко. Для хлебаробаў работнікі культуры стварылі цудоўныя снапочкі-абярэгі, упрыгожаныя жытнёвымі каласкамі і кветкамі.

Атмасфера народнага свята перадавалася ў песнях і цёплых словах Алены Шавель, Марыны Кiслiцкай, Любові Шчарбаковай і Анастасiі Адашкевiч.

Святары акрапілі святой вадой тэхніку, хлебаробаў, палеткі і ў малітвах папрасілі Божага блаславення перад адказнай і напружанай працай. Малітва ляцела над нівай, бласлаўляла на добры ўраджай усіх хлебаробаў прадпрыемства.

Як толькі свята скончылася, гальшанскія хлебаробы выйшлі на залітыя золатам палеткі, каб на нашых сталах з’явіўся бохан духмянага хлеба новага ўраджаю.

Кацярына РУДЗІК.

 

 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *