У Мураванай Ашмянцы адбылася вечарына, прымяркаваная да нараджэння Крыштафа Дарагастайскага

Культура События

Вечарына да 450-годдзя з дня нараджэння Крыштафа Дарагастайскага атрымала назву «На скрыжаванні лёсу»

Імя славутага земляка зноў загучала на Ашмяншчыне. Сёлета юбілей з дня нараджэння супаў з аб’яўленым у краіне Годам кнігі. А да кнігавыдання наш знакаміты зямляк мае самае непасрэднае дачыненне. Яго вядомая “Кніга пра коней, альбо Гіпіка” ўпершыню пабачыла свет у 1603 годзе. У сваёй любімай Мураванай Ашмянцы вялікі маршалак літоўскі Крыштаф Монвід Дарагастайскі завяршыў свой рукапіс “Гіпікі” і папрасіў свайго сябра Мікалая Крыштафа Радзівіла (Сіротку), каб кнігу праілюстраваў яго прыдворны гравёр, вядомы сваім талентам Томаш Макоўскі.

Такім чынам, сёння кніга “Гіпіка” прадстаўляе не толькі літаратурны помнік, крыніцу інфармацыі пра гісторыю конегадоўлі ў нашым краі, зборнік гравюр старажытнага аўтара. Яна з’яўляецца бясцэнным здабыткам культурна-асветніцкай дзейнасці на Ашмяншчыне.

Жыццё і дзейнасць Крыштафа Дарагастайскага – важкі след у гісторыка-культурнай спадчыне раёна, якую павінны ведаць, берагчы і перадаваць з пакалення ў пакаленне. Менавіта такую мэту ставяць мясцовыя работнікі культуры, бібліятэкары, аматары і прапагандысты гісторыі і культуры. Па-майстэрску, творча перадалі яны дух эпохі, рыхтуючы вечарыну, прысвечаную земляку.

Вобраз Крыштафа ўвасобіў і выдатна перадаў А. Спірыдонаў. Вядучыя мерапрыемства Н. Кетрыс, А. Кузьменка поўна, дакладна пазнаёмілі прысутных з перыядам жыцця К.М. Дарагастайскага. Вучні мясцовай школы ў памяць аб слынным земляку выказаліся ў літаратурнай кампазіцыі, прысвечанай роднаму краю.

У мерапрыемстве ўзялі ўдзел дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь В. Лузіна, старшыня Мураванаашмянкоўскага сельвыканкама Г. Каспяровіч.

Валянціна Міхайлаўна Лузіна падаравала Мураванаашмянкоўскай бібліятэцы кнігу “Гісторыя беларускай кнігі” (першы том – “Кніжная культура Вялікага Княства Літоўскага”, аўтар Нікалаеў Мікалай Віктаравіч), падзякавала работнікам культуры за тое, што па-мастацку, змястоўна перадаюць гісторыка-культурную спадчыну нашчадкам, а звяртаючыся да маладога пакалення, якое прысутнічала ў зале, заклікала берагчы, захоўваць і ганарыцца сваёй гісторыяй, сваёй маленькай радзімай.

Завяршылася вечарына выступленнем самадзейных артыстаў мясцовага Дома культуры і ансамбля “Жытніца” з Кракоўкі.

Ганна Давідовіч.

ФотаСвятланы Муцянскай.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *