Лагер “Усмешка” працуе ў Крэйванцаўскім вучэбна-педагагічным комплексе

Культура Летнее оздоровление

 

Нягледзячы на пандэмію каранавірусу, якая ўскалыхнула грамадскасць, попыт на адпачынак дзяцей у летніках захоўваецца. Праўда, выхаванцаў сёлета стала менш. Так, лагер “Усмешка” ў Крэйванцаўскім вучэбна-педагагічным комплексе стаў месцам штодзённых сустрэч для адзінаццаці хлопчыкаў і дзяўчынак.

Адмыслова для іх настаўнікі распрацавалі цікавую гульнявую праграму – з конкурсамі і віктарынамі, эстафетамі і турыстычнымі заняткамі, спартыўнымі спаборніцтвамі і днямі самакіравання.

Галоўнай мэтай пры арганізацыі адпачынку дзяцей, як заўсёды, стала бяспека выхаванцаў. Менавіта таму сёлета было вырашана адмовіцца ад традыцыйных экскурсійных паездак і наведвання разнастайных устаноў. Большая частка мерапрыемстваў праходзіць на свежым паветры – балазе, надвор’е спрыяе атрымліваць асалоду ад ласкавых сонечных промняў.

Ранішняя гімнастыка ў школьным двары надае бадзёрасці і заклікае працягнуць забавы на спартыўнай пляцоўцы. Пасля апетытнага сняданку малечы спяшаюцца на вясёлыя старты, дзе паміж дзвюма камандамі разгортваюцца сапраўдныя паядынкі. Валерый Чарток прапануе сваім выхаванцам разнастайныя эстафеты з абручамі, скакалкамі, мячамі. Тут высвятляецца, хто самы спрытны, хуткі і дужы, а хто пакуль што кашы мала еў. Узяць рэванш можна падчас інтэлектуальных гульняў, а таксама на занятках па дэкаратыўна-прыкладным мастацтве. Маляваць, ляпіць з пластыліну, выстрыгаць пялёсткі і клеіць кветкі, аказваецца, таксама трэба ўмець – дарэчы ў гэтай справе прыйшліся цярпенне, акуратнасць і настойлівасць. А яшчэ парады настаўнікаў Антаніны Лукшы і Марыны Харэвіч, якія падказваюць і дапамагаюць.

Новыя веды і ўражанні дораць дзецям віртуальныя экскурсіі. У рамках рэспубліканскага праекту “Лета на здароўе” вучні Крэйванцаўскага вучэбна-педагагічнага комплексу ўжо “наведалі” сядзібу Багушэвіча ў Кушлянах, музей Вялікай Айчыннай вайны і дамовіліся з дырэктарам лагера Аленай Даўжук, што ў наступным годзе абавязкова пабываюць там асабіста.

Незаўважна ляціць час. Кожны дзень на развітанне дзеці ахвотна ўспамінаюць свой вясёлы адпачынак, а таксама ўсё тое, чаму навучыліся: ставіць палатку, гуляць у шашкі, працаваць з паперай, ляпіць з салёнага цеста, адрозніваць ядомыя грыбы ад атрутных, вызначаць час па сонцу… Аднак, бадай, самы галоўны ўрок, які атрымалі малечы, — прыходзіць адзін аднаму на дапамогу, знаходзіць кампраміс, заставацца сябрамі.

Людміла ВЕРАС.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *