На планёрцы ў райвыканкаме: якасць вады, пажарная і дарожная бяспека

События

На якой мове дойдзе?

За пяць месяцаў на тэрыторыі раёна зафіксаваны чатыры выпадкі гібелі людзей на пажарах. Ці ўнікальная ў гэтым плане Ашмяншчына? Не, падобная сітуацыя і ў іншых рэгіёнах краіны. З пачатку года ў рэспубліцы на пажарах загінуў 331 чалавек – па сённяшніх мерках даволі буйная вёска.

Між тым, прафілактычная работа не спыняецца. І хоць назіральныя камісіі з-за каранавірусу суцішылі тэмп, сустрэчы і гутаркі з неблаганадзейнымі гаспадарамі працягваюцца. Вось толькі, на якой мове тлумачыць жыхарам правілы бяспекі і крокі па захаванні іх жыцця пакуль незразумела. Як паказвае практыка, нават прыклады трагедый з гэтай задачай не спраўляюцца.

“Фэрум” – у нагрузку

За карыстанне вадой трэба плаціць. Гэта аксіёма, і для большасці спажыўцоў яна дзейнічае не першы дзясятак год. Згодна з жыроўкай ажыццяўляецца і аплата. Праўда, некаторыя да гэтага часу глядзяць на калонку ці нават водаправодны кран, як на невычэрпную крыніцу.

Справа ў тым, што чатырнаццаць воданапорных вежаў знаходзяцца на балансе сельскагаспадарчых арганізацый. Заключаць дамову з насельніцтвам на аказанне паслуг водазабеспячэння яны не спяшаюцца – абы свае аб’екты “напаіць”. Тыя, што паспрабавалі ўзяць плату ў спажыўцоў, натыкнуліся на абурэнне – ніколі не плацілі, а цяпер раскашэльвацца. Праўда, пры такім раскладзе наўрад ці яны змогуць прэтэндаваць на якасную ваду, “фэрум” часта ідзе ў нагрузку.

На гэтых і іншых пытаннях водазабеспячэння насельніцтва, а таксама на ходзе рэалізацыі праграмы “Чыстая вада” засяродзіў увагу прысутных намеснік старшыні райвыканкама Вадзім Пашкоўскі.

Дарожны квэст

Не першы раз старшыня райвыканкама Уладзіслаў Гершгорын звяртаецца да тэмы бяспекі дарожнага руху і добраўпарадкавання прыпыначных пунктаў.

Па даручэнні кіраўніка раёна супрацоўнікі Дзяржаўтаінспекцыі ў двух сельсаветах правялі маніторынг, падчас якога выявілі 14 недахопаў, звязаных з дарожнымі знакамі. Дзесьці яны пахіленыя, павернутыя ў іншы бок або нават адсутнічаюць увогуле. Гэта – тэрміновы сігнал дарожным службам прывесці ўсё ў парадак. Дарожны квэст – пошук недахопаў – будзе працягнуты, як і работа па выпраўленні сітуацыі.

У папрок адказным спецыялістам старшыня райвыканкама паставіў і стан некаторых прыпыначных пунктаў, якія з-за несвоечасовага абкосу ці апрацоўкі гліфасатамі зарастаюць пустазеллем.

Людміла РЫБІК.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *