Гальшанскія вучні атрымалі матэрыяльную дапамогу са спецфонда Прэзідэнта

 

Вучням Гальшанскай дзіцячай школы мастацтваў Анастасіі Казлоўскай, Даніілу Ласёнку і Ангеліне Ляўкоўскай аказана матэрыяльная дапамога са спецыяльнага фонда Прэзідэнта па падтрымцы таленавітай моладзі. Адметна тое, што дзяўчаткі-баяністкі атрымліваюць гэту ўзнагароду ў трэці раз, а Данііл Ласёнак – у чацвёрты.

— Сольныя выступленні і ансамблі нашых баяністаў, якімі кіруюць сапраўдныя прафесіяналы сваёй справы Іна Мікалаеўна Гайдукевіч і Наталля Канстанцінаўна Каспяровіч, ужо даўно з’яўляюцца візітоўкай нашай школы, — адзначае дырэктар Наталля Віктараўна Елфімава. – Узорны інструментальны ансамбль «Мелодыка», дуэт баяністаў Scherzo Fest у складзе Анастасіі Казлоўскай і Данііла Ласёнка і дуэт Ангеліны Ляўкоўскай і Паліны Гардзей не раз станавіліся ўпрыгожаннем і жаданымі гасцямі шматлікіх святаў і канцэртаў, раённых, абласных і міжнародных конкурсаў.

На працягу вучобы ў дзіцячай школе мастацтваў вучні прынеслі ў капілку навучальнай установы цэлы шэраг перамог на конкурсах рэспубліканскага і міжнароднага значэння.

На рахунку Анастасіі Казлоўскай каля дваццаці дыпломаў лаўрэата прэстыжных творчых конкурсаў. Сярод іх міжнародныя конкурсы “Новыя вяршыні”, “Крыштальны васілёк”, New Style, Гранд-конкурс «Талент года”, рэспубліканскі творчы конкурс “Радасць мая”… За кожным з іх стаіць карпатлівая штодзённая работа дзяўчынкі і яе настаўніцы Наталлі Канстанцінаўны Каспяровіч. Гэта праца прыносіць вучаніцы задавальненне. Яна адчувае сябе часцінкай вялікага аркестра, які гучыць тысячамі адценняў і гукаў.

Музыка – частка жыцця Ангеліны Ляўкоўскай. З ёй дзяўчынка марыць ніколі не расставацца. Для дасягнення сваёй мэты яна не толькі заўзята і ўпарта шліфуе майстэрства ігры на баяне, але і прымае актыўны ўдзел у творчых конкурсах і фестывалях. “Крыштальны васілёк”, “Талісман удачы”, Беларускія таленты”, “Вясёлыя ноткі”, “Музыкі свет”, “Новыя вяршыні”, Мая мара”, “Сузор’е Арфея” (Балгарыя) – невялікая колькасць творчых конкурсаў, якія прынеслі юнай баяністцы высокія ўзнагароды і бясцэнны вопыт валодання музычным інструментам.

Для Данііла Ласёнка выхад на сцэну – заўсёды радасць. Здаецца, ён дзеля гэтага і з’явіўся на свет: каб несці прыгажосць музыкі людзям, саграваць іх сэрцы вялікай сілай мастацтва. Дзе б ён ні выступаў і як — сольна, у складзе узорнага ансамбля “Мелодыка” альбо ў дуэце з Анастасіяй Казлоўскай, – ён заўсёды раствараецца ў музыцы. Хваляванне адступае, хлопчык не думае аб тым, каб не забыцца твор: мелодыя гучыць у яго ўнутры. І няма розніцы – гэта міжнародны конкурс, рэспубліканскі або творчы канцэрт у сваім аграгарадку.

Іна Мікалаеўна Гайдукевіч і Наталля Канстанцінаўна Каспяровіч у сваёй прафесіі ўжо даўно напрацавалі вопыт, набылі мудрасць і ўменне разглядзець і развіць у сваіх вучняў здольнасць да музыкі. Гэта тыя людзі, якія адданы працы поўнасцю. Яны не ўмеюць рабіць сваю справу інакш – толькі на выдатна! Кожны дзень настаўнікі праводзяць вялікую работу са сваімі вучнямі. Галоўнае іх правіла на уроках: «Іграй заўсёды так, быццам цябе слухае віртуоз-музыкант». Выхаванцы строга кіруюцца тымі ўстаноўкамі і правіламі, якія ім даводзяць педагогі. У сваім юным узросце яны разумеюць, што значыць быць віртуозам і ведаюць, што для гэтага, акрамя вялікага жадання і здольнасцей, трэба яшчэ вельмі шмат працаваць.

— Дасягненні нашых вучняў – гэта выдатная магчымасць раскрыць іх творчы зпатэнцыял, пашырыць кругагляд, гэта матывацыя на новыя поспехі. Штодзень Гальшанская школа мастацтваў гасцінна расчыняе дзверы сваім вучням. Мы рады ўсім, хто хоча спазнаць чароўны свет музыкі, — падкрэслівае Наталля Віктараўна. – Прыходзьце да нас вучыцца!

Аліна САНЮК.

Фота  Алесі Герман.

0

Добавить комментарий

Авторизация
*
*
Регистрация
*
*
Номер телефона без знака «+», например «79876543210». На указанный номер будет выслан код подтверждения.

*

Генерация пароля