Апошні школьны званок прагучаў для выпускнікоў Ашмянскага раёна

Культура

 

Апошні школьны званок абвясціў сёння пра заканчэнне дзяцінства і пачатак новага этапу 172 выпускнікам нашага раёна. Адказным гэты дзень стаў і для 313 дзевяцікласнікаў. Менавіта яны, юнакі і дзяўчаты, якія стаяць на парозе школьнага жыцця і вызначаюць свой далейшы шлях, сталі галоўнымі героямі на ўрачыстых лінейках.

Як адно імгненне, адзінаццаць школьных гадоў праляцелі для пяці выпускнікоў Жупранскай сярэдняй школы. У памяці і сёння ўсплывае той дзень, калі яны, маленькія гарэзы, прыйшлі ў першы клас. Па дарозе ведаў іх павяла першая настаўніца Людміла Зенонаўна Гарлуковіч, якая перадала дапытлівых вучняў у надзейныя рукі класнага кіраўніка Алены Іванаўны Антановіч. Ветлівыя ўсмешкі, слушныя парады і, галоўнае, цікавыя ўрокі назаўсёды застануцца ў памяці юнакоў і дзяўчат, якія разам з заканчэннем школы адзначаюць і свае першыя поспехі.

На рахунку гэтага невялікага класа – перамогі ў  алімпіядах і спартыўных спаборніцтвах, удзел у творчых конкурсах і мерапрыемствах. Двое вучняў — Валерыя Жабінская і Аляксандр Шымановіч – выдатнікі вучобы, свае веды яны плануюць пацвердзіць залатым медалём.

Экзамены, цэнтралізаванае тэсціраванне — наперадзе, а зараз час для свята – віншаванняў дырэктара школы Уладзіміра Аляксандравіча Бізюка, наказу бацькоў, школьнага вальса… Цяжка паверыць, што гэта выніковая рыса, што залівісты званок, які далі выпускнік Аляксандр Шымановіч і вучаніца першага класа Аляксандра Бернат, прагучаў у апошні раз.

Па традыцыі, выходзячы са школьнага двара, выпускнікі адправіліся да помніка землякам, якія загінулі ў гады Вялікай Айчыннай вайны, — каб ускласці кветкі і сказаць “Дзякуй за мірнае неба!”

Людміла РЫБІК.

Фота Святланы МУЦЯНСКАЙ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *