Скрадзенае дзяцінства. Аб перажытым падчас вайны дзеліцца Софія Пятроўна Павініч

75 лет ВЕЛИКОЙ ПОБЕДЫ Культура

 

З кожным годам сховы памяці назапашваюць усё больш інфармацыі. У іх сабраны наш жыццёвы досвед, нашы мары і памкненні, рэалізаваныя планы і няспраўджаныя надзеі, пачуцці і эмоцыі, якія перажывае чалавек на паваротах уласнага лёсу. Лёсу, на які не заўсёды можна паўплываць, нешта змяніць і перайначыць. Розныя абставіны могуць стаць перашкодай на жыццёвым шляху. Для Софіі Пятроўны Павініч (па мужу Лукашук) такой перашкодай стала вайна. Яна не толькі пазбавіла дзяўчынку з вёскі Лапосі Пастаўскага раёна дзяцінства, але і адбілася на характары і жыццёвых прынцыпах.

Аб перажытым падчас вайны Софія Пятроўна часам дзеліцца са сваімі дзецьмі і ўнукамі. Унучка Вольга Тарасенка, будучы студэнткай Беларускага дзяржаўнага тэхналагічнага ўніверсітэта, успаміны бабулі занатавала і аформіла ў выглядзе рэферата.

Софія Пятроўна нарадзілася ў 1937 годзе. На пачатку вайны ёй было чатыры гады.

— Памятаю, як упершыню на нашу вуліцу ўварваліся немцы на чорных матацыклах. Гул матораў, чужыя людзі і гаворка зліліся ў адно цэлае і адразу запаланілі наваколле. Захопнікі адчувалі сябе гаспадарамі на нашай зямлі. Адны з іх заходзілі ў хаты і загадвалі: “Матка, масла, яйка, шпэк”. Другія — палкамі на ляту забівалі для сваёй кухні курэй і іншую птушку. У паветры лётала пер’е, крычалі перапалоханыя куры.

А жыхары? Іх не было відаць. Яны, як вымерлі, затаіліся ў сваіх хатах, размаўлялі напаўголаса, цішком, каб не было чутно з вуліцы. Кожны баяўся за сябе, за сваю сям’ю.

Пасля ўсё сціхла, але дарослыя і дзеці чакалі новай навалы, бо моладзь падалася ў партызанскія атрады, за што немцы помсцілі, не шкадавалі нікога. А тут яшчэ дайшлі чуткі, што вёску Баравое, якая размяшчалася за дзевяць кіламетраў, карнікі спалілі датла разам з жыхарамі.

Стаяла восень. Палі і агароды апусцелі. Усё было сабрана ў свірны і вараўні. Каб застрахаваць сябе ад пажару і голаду, частку ўраджаю жыхары закапалі ў ямы на сваіх агародах. Схованкі замаскіравалі, каб зберагчы ад чужога вока.

Кожны дзень жылі ў трывозе. Мужчыны абсталёўвалі зямлянкі, стрэхі іх закрывалі дзёранам. Майстравалі ўнутры палкі і лаўкі. Жанчыны пакавалі вузлы з дамашнім скарбам, каб, калі што здарыцца, не забыць штосьці важнае, патрэбнае.

Карнікі з’явіліся нечакана. Жыхарам загадалі пакінуць хаты і сабрацца з падводамі на выгане за вёскай. Усе разумелі, для чаго. Але ніхто не плакаў, не прасіў, слухалі моўчкі.

— Пачаліся спешныя зборы, — успамінае Софія Пятроўна. — Кожны браў з сабой самае неабходнае. Жывёла засталася на агародах, бо ведалі, што вёску спаляць. У неба ўзняліся спачатку клубы чорнага дыму, а потым шуганула барвовае полымя. Саламяныя стрэхі ўспыхнулі імгненна. Немцы з факеламі бегалі ад хаты да хаты. Спалілі ўсё дашчэнту, нават лазні, што стаялі наводшыбе. Засталіся адны каміны. У час пажару ў двух хатах сталі ўзрывацца патроны і гранаты. Гэта падлеткі ўпотай ад бацькоў прынеслі іх з суседняга аэрадрома. Карнікі палічылі, што гэта боепрыпасы для партызан. Бацькоў падлеткаў білі, пагражалі спаліць. Паўла Бароўку збілі так, што ён застаўся глухім на ўсё жыцце. На выгане карнікі рабавалі жыхароў, забіралі ўсё, што прыглянулася. Памятаю, як маці мяне і майго малодшага брата абгарнула пад вопраткай адрэзамі тканіны. Малых не абшуквалі.

Некаторыя канваіры напіліся і паснулі на вазах. Абоз пад канвоем рушыў у бок Паставаў. Цямнела. Дарога пайшла лесам. Колы вязлі ў восеньскай гразі. Сям’я Павініч была ў канцы абоза. Яна паціху адстала, усе затаіліся, а потым павярнулі да радні на хутар Зосіна. Каб каню было лягчэй, пачалі скідваць мяшкі з бульбай пад кучы ламачча.

— Радня сустрэла нас неахвотна, бо баялася даносу і расправы. Каб не рызыкаваць, на наступны дзень, падабраўшы па дарозе свае пажыткі, мы падаліся ў Паставы да сваіх знаёмых. Потым, як і ўсе, мы жылі, дзе атрымлівалася: у зямлянцы, у шалашы з саломы, у родных – тры сям’і ў цеснай хаце. Памятаю, як ноччу пачалася навальніца. Цемра, гром, маланка, залева, а мы ў шалашы. Усюды капае, зверху і знізу вада, а нам, малым,  страшна і холадна.

Баёў на Пастаўшчыне не было, толькі сутычкі з партызанамі. Але спакою не было ні днём, ні ноччу. Перастрэлкі, ператрусы, пажары то там, то тут. Спалі ў асноўным на падлозе, так было бяспечней. Жылі цяжка, але ні паліцаяў, ні зраднікаў у нашай вёсцы не было.

Усе юнакі, што пайшлі на фронт, загінулі. Паступова фронт аддаляўся на захад. Жыццё наладжвалася. Людзі сталі будаваць часовае жыллё. Разам з Павінічамі жыла сям’я суседа-партызана.

— Памятаю, як праз вёску везлі параненых байцоў, і як мы, дзеці, паілі іх малаком, квасам, частавалі, чым маглі. Аднак маглі нямногім, бо самі не мелі чаго есці. Асабліва цяжка жылося шматдзетным сем’ям. Дзеці пухлі з голаду, хварэлі, паміралі. Вясной мы збіралі палявы хвошч, конскае шчаўе, шукалі ў полі перазімаваную бульбу. З гэтага пяклі хлеб. Некалькі разоў на дзень я адчыняла шуфлядку ў стале, шукала там кавалачак хлеба, добра ведаючы, што яго там няма, аднак спадзявалася на цуд.

Вельмі цяжка жылося ў першыя пасляваенныя гады. Не было вопраткі, абутку. Вясной два кіламетры да школы дзеці беглі босыя, хаця пад нагамі на лужынах трашчаў яшчэ лядок.

Ваеннае ліхалецце наклала адбітак на жыццё Софіі Пятроўны. Цяга да ведаў, любоў да зямлі і працы, цікавасць і добразычлівасць да людзей — вось галоўнае, што яна вынесла з тых іспытаў. Сямігодку скончыла на выдатна. Без уступных экзаменаў была залічана ў Пастаўскае педвучылішча, пасля яго закрыцця давучвалася ў Ашмянскім. Завочна скончыла Мінскі педінстытут.

Журналіст Ірына Палер змясціла ў “Настаўніцкай газеце” нарыс пра працу Софіі Пятроўны ў Ашмянскай школе-інтэрнаце. Аб вопыце работы з шасцігодкамі ў той жа газеце быў надрукаваны артыкул ашмянскай настаўніцы “Падзяліцца радасцю”. Пэўны час яна працавала ў трэцяй школе горада. Узнагароджана нагрудным знакам “Выдатнік народнай асветы”. З мужам, таксама настаўнікам, выгадавала двое дзяцей. Сын працуе выкладчыкам у Ашмянскім аграрна-эканамічным каледжы. Дачка — выхавацель дзіцячага садка, але цяпер працуе прадаўцом у магазіне.

Вось ужо 28 гадоў настаўніца на заслужаным адпачынку, але інтарэс да жыцця ў яе не згас.

— Летам працую на лецішчы. Зімою шмат чытаю, вяжу, люблю паэзію і з лёгкасцю запамінаю вершы, сугучныя маёй душы і думкам. Вось адзін з вершаў Генадзя Бураўкіна:

Мы здалёк убачылі свабоду

І яшчэ не вырваліся з пут.

Божа, не дабаў майму народу

Пошасці, няпраўды і пакут!

У чужым нялюдскім землятрусе

Хіба ў нечым мелі мы віну?..

Божа, адвядзі ад Беларусі

Здраду, вераломства і вайну!

Смутнаю парою нелюдзімай,

Калі ўсё наўкол ідзе на злом,

Божа, захіні маю Радзіму

Мудрасцю, спакоем і цяплом!

Аліна САНЮК.

Фота Святланы МУЦЯНСКАЙ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *