Танга, кракавяк з пераходам і факстрот. Як раней у Ашмянскім раёне праходзілі вясковыя забавы

Культура

 

Моладзі ў вёсках у 60-я гады  было шмат. “Забавы” праходзілі ў хатах дзяўчат па чарзе. А хлопцы наймалі музыкаў, плацілі ім. Дзяўчаты адны не ішлі на забаву, асабліва калі яна была ў іншай вёсцы, па іх заходзілі хлопцы, прасілі бацькоў адпусціць дачку, абяцалі потым “прапусціць” яе дадому. Калі хлопец з дзяўчынай кахаліся, іх называлі нажычонымі, і яны ўжо не саромеліся хадзіць парай.

1960 год

Музыка тады была мясцовая: гармонік, бубен, дудка або скрыпачка. А якія тады былі модныя танцы, а ўсе ж парныя: вальсы, полькі, танга, кракавяк з пераходам, кракавяк з полькай, лявоніха, факстрот.

Хлопцы, якія сачылі за модай, былі падстрыжаны “пад польку”, на забаву прыходзілі ў штанах галіфэ і ў хромавых ботах, начышчаных да бляску. Падэшва ў ботах была раменная, цвёрдая. У час танцаў, асабліва полькі і кракавяка, стаяў такі стукат-грукат ад гэтых ботаў, што нават заглушаў музыку, аж прагіналася падлога, звінелі шыбы ў вокнах. Удзельнікі і відавочцы тых забаў успамінаюць, што падчас такога вэрхалу, бывала, нават гаслі лямпы.

Трэба зазначыць, што ў вёсках амаль да паловы шасцідзясятых не было электрычнасці. Жыццё, у тым ліку і забавы, вяселлі, хрэсьбіны адбываліся пры керасінавых лямпах.

Складана было дзяўчатам у тым плане, што іх строі з натуральных тканін камячыліся і патрабавалі прасавання перад кожным выхадам. А даўнейшы прас быў на вуглях. Яго трэба было так ра­загрэць, так акуратна вугольчыкі раздзьмухаць, каб ніводная іскрынка не ўпала на ядвабную сукенку, каб ніводзін драбочак попелу не зваліўся на светлую маркізэтавую блузачку.

А льняныя ручнікі, абрусы, прасціны мама качала з дапамогай качалкі і валка на лаве — то ў адзін, то ў другі бок.

(Працяг будзе.)

Ядзвіга ЧАПЛІНСКАЯ.

Фота з архіва аўтара.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *