Таямніца старых фотаздымкаў: у музеі ў Ашмянах адкрылася новая выстава

Культура

Нягледзячы на ізаляцыю, самаізаляцыю і пануючую насцярожанасць музей працягвае жыць сваім музейным жыццём. Зараз пачала працаваць выстава “Якія прыгожыя твары, і як гэта было даўно”. Увазе гледача прапануюцца старыя фотаздымкі з музейных фондаў.

Фотамастацтва на Беларусі распачалося толькі на мяжы ХХ-ХХІ стагоддзяў, беларусы ўдзячна падхапілі магчымасць зрабіць імгненне вечнасцю.

Наша сучаснасць зрабіла фота даступным, больш за тое неад’емным складнікам жыцця. Сэлфі, рэлфі, брэлфі, фудфота – свет мусіць ведаць, што я ем. Зафіксаваць зараз можна літаральна кожны момант. Але калі мы апошні раз трымалі ў руках папяровыя, надрукаваныя здымкі? Яшчэ колькі год таму для фотаздымка, ці сямейнага, ці асабістага мы мусілі ісці ў фотаатэлье ці фотасалон. Фотаздымак быў рытуалам, які аб’ядноўваў родзічаў, фізічным і метафізічным повадам для сустрэчы.

Плёнка ў 36 кадраў прымушала чалавека рэгламентаваць змест кадра. Позы, выраз твару, людзі ў кадры – усё праходзіла жорсткі адбор. Да праяўкі фота было невядома, ці добра ты атрымаўся, ці ты не міргнуў. Цяпер можна ўсё адразу праверыць, перазняць. Але нездарма зараз адзін з практычных метадаў здымкі ў школах фатаграфіі – здымка на плёнку, нават на самы просты кодак – так фарміруецца пачуццё кадра.

Фатаграфія са сваім з’яўленнем замяніла прыдворных жывапісцаў. Тагачасныя здымкі зараз выглядаюць творамі мастацтва – людзі ў парадных строях з параднымі выразамі твараў.

Па той бок здымка адбываўся асаблівы рытуал – незразумелая скрыня, тэхніка, фатограф-чараўнік пад чорным пакрывалам, чаканне, калі ж выляціць птушка і лёгкае расчараванне ад таго, што ты зноў яе не пабачыў.  Уладальнік атэлье ствараў адмысловую, як бы зараз сказалі, фотазону з прыроднымі відамі і архітэктурнымі элементамі, выкшталцонымі фатэлямі.

Пры ранейшай патрэбе некалькі хвілін трымаць позу і ўсмешку было цяжка, змазаны здымак атрымаць – крыўдна, таму сур’ёзны выраз твару – ўсяго толькі даніна працаёмкаму працэсу.

Любоў да старых фота абумоўлена жаданнем параўноўваць, няважна што: будынкі, вуліцы, строі, прычоскі, сябе, час – там і тут, тады і цяпер.

Разам з даступнасцю мы страчваем культуру фота, старыя здымкі мілыя нам менавіта чысцінёй і цнатлівасцю. Бо даступныя не кожнаму.

Шматлікія фотаздымкі на смартфоне, з аднаго боку, дапамагаюць зафіксаваць нашу штодзённасць, момант жыцця, але з другога – іх колькасць прыводзіць да сапраўднага абясцэньвання фатаграфій. Наколькі часта мы звяртаемся да тысячаў файлаў, добра калі яшчэ адсартаваных па гадам?!

Папулярнасць фотасправы як хобі ў савецкі час нясе нам новае аблічча здымкаў. Калі кранацца афіцыйнай фатаграфіі – гэта, несумненна, прапаганда і ўрачыстая прыгажосць, калі штодзённай – то наіўны і задорны позірк. Побач са здымкамі парадаў і мітынгаў квітнеюць нарэшце здымкі быта – вясельныя застоллі, хатнія моманты. Каму раней прыходзіла ў галаву здымаць такую звычайную справу, як абіранне бульбы. Але і тут прысутнічае прага да параднасці.

Асобную старонку ў фатаграфіі займаюць здымкі пахаванняў – як не дзіўна, знаёмы многім віктарыянскі пост-мортэм (пазасмертныя здымкі) існаваў і на тэрыторыі Беларусі. Выявы памерлых – гэта вялікі пласт культуры, які пачынае свой пачатак ад каменных надмагілляў арыстакратыі. Так, нам вядома надмагілле Паўла Сапегі і яго трох жонак з Гальшанаў.

На вялікі жаль, вялікая частка старых фотаздымкаў ідуць у печ ці ў сметнік. Даследчыкі і захавальнікі беларускіх традыцый і культуры, губляюць каштоўны пласт нашай гісторыі – праўдзівыя, зафіксаваныя выявы твараў, строяў, святаў і момантаў жыцця.

Мы, музейшчыкі, заклікаем: прыносьце здымкі ў музей, і праз пэўны час хтосьці атрымае задавальненне і добры настрой ад іх прагляду.

Выстава ў нашым музеі будзе працаваць на працягу месяца, а пры пануючых абставінах мы прапануем вам відэасюжэты з віртуальнымі экскурсіямі, якія неўзабаве з’явяцца на нашым сайце. Сачыце за навінамі.

Алена ЖАСТКОВА, дырэктар музея.

Фотаздымкі з фондаў музея.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *