Маладзечанскі дзяржаўны прафесіянальна-тэхнічны каледж збірае сяброў

События

Гісторыя нашай навучальнай установы налічвае больш 50 гадоў. У лютым 2013 года мы будзем святкаваць 55-гадовы юбілей. Да гэтай даты хочам прыурочыць адкрыццё музея гісторыі нашага каледжа.

Маладзечанскі дзяржаўны прафесіянальна-тэхнічны каледж — гэта тры былыя прафесіянальна-тэхнічныя вучылішчы горада Маладзечна — ПТВ № 21, ПТВ № 87 і ПТВ № 135. У 2005 г. рашэннем Мінскага абласнога выканаўчага камітэта была праведзена рэарганізацыя трох устаноў адукацыі г. Маладзечна. Да УА «Маладзечанскі дзяржаўны будаўнічы прафесіянальны ліцэй» былі далучаны УА «Маладзечанскае дзяржаўнае прафесіянальна-тэхнічнае вучылішча № 87 прыборабудавання» і УА «Маладзечанскае дзяржаўнае прафесіянальна-тэхнічнае вучылішча №135». Такім чынам, была ўтворана буйнейшая ў Мінскай вобласці ўстанова адукацыі «Маладзечанскі дзяржаўны політэхнічны прафесіянальны ліцэй». Зараз наша навучальная ўстанова носіць назву Маладзечанскі дзяржаўны прафесіянальна-тэхнічны каледж. Дырэктарам каледжа з’яўляецца Уладзімір Міхайлавіч Бадзееў.

Нам, безумоўна, ёсць кім і чым ганарыцца. Маладзечанскі дзяржаўны прафесіянальна-тэхнічны каледж — не толькі буйнейшая, але і даволі аўтарытэтная навучальная ўстанова ў Мінскай вобласці.

Сярод выкладчыкаў і майстроў, якія працавалі ў розныя часы ў каледжы, шэсць кавалераў ордэнаў і медалёў, тры заслужаныя настаўнікі БССР, 11 выдатнікаў прафтэхадукацыі БССР, 8 выдатнікаў прафтэхадукацыі СССР, 9 выдатнікаў прафтэхадукацыі РБ. Тры выкладчыкі каледжа былі ўдастоены нагрудных знакаў.

А выпускнікі? Выпускнікоў каледжа можна сустрэць усюды. Яны працуюць у сферы абслугоўвання, у гандлі, на будоўлі, у сельскай гаспадарцы. на самых розных прадпрыемствах рэспублікі. I не толькі рэспублікі. Былыя навучэнцы зараз жывуць і працуюць у Расіі, Казахстане, на Украіне. у Літве і інш. Пра іх можна пачуць самыя цёплыя словы ад кіраўнікоў арганізацый і ўстаноў. Сярод былых навучэнцаў каледжа і прадпрымальнікі, і кіраўнікі прадпрыемстваў, і вядомыя спартсмены, і …нават оперныя спевакі. 1 проста выдатныя кваліфікаваныя рабочыя кадры.

Мы памятаем нашых былых навучэнцаў. Праўда, не ведаем, як склаліся лёсы многіх, дзе канкрэтна зараз працуюць, якія ў іх сем’і. Хацелася б пачуць пра ўсіх, сустрэцца з імі. Тым больш, што зараз ствараецца музей гісторыі нашага каледжа.

Мы звяртаемся да ўсіх, хто ў розныя гады займаўся ці працаваў у прафесіянальна-тэхнічных вучылішчах г. Маладзечна: №21, №87 і №135. Калі ласка, напішыце нам, як склаліся вашы лёсы, чаго дабілісь ў жыцці, дзе працуеце. Нам будзе цікава даведацца пра вашы сем’і, вашых дзяцей. Будзем вельмі ўдзячны, калі зможаце выслаць некалькі фотаздымкаў. Магчыма, у вас знойдуцца іншыя экспанаты для нашага музея. Пішыце нам на адрас: Музей каледжа, Маладзечанскі дзяржаўны прафесіянальна-тэхнічны каледж, вуліца Гарадокская, 111, г. Маладзечна, Мінская вобласць, 222310 Беларусь.

Патэлефанаваць нам можна па нумары 80176747195 (прыёмная дырэктара).

Мы ведаем, што нашы выпускнікі былі ў розныя гады накіраваны і ў ваш рэгіён.Многія чытаюць любімую «раёнку», і я ўпэўнена, што знойдуць і гэты артыкул.

Музей — гэта наша гісторыя. Музей — гэта гісторыя тых, хто тут працаваў. тых, хто тут атрымоўваў веды і адточваў прафесійныя навыкі. Вельмі хочацца, каб гісторыю нашай навучальнай установы ведалі сё’нняшнія навучэнцы. За гісторыяй каледжа стаяць канкрэтныя жывыя людзі, тысячы лёсаў і тысячы прозвішчаў. Дык давайце напішам гэту гісторыю разам! Адгукніцеся, былыя супрацоўнікі каледжа і яго выпускнікі!

Наталля Уладзіміраўна СЕНЬКО, выкладчыца грамадскіх дысцыплін Маладзечанскага прафесіянальна-тэхнічнага каледжа



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *