«Крыштальны жораў» завітаў у Ашмяны

Образование

Настаўнікам трэба нарадзіцца.  І гэта не проста словы. Для таго, каб стаць Настаўнікам,  мала ведаць свой прадмет і любіць дзяцей. Неабходна, каб у душы тваёй гарэў агеньчык, які б здольны быў “запаліць” у дзіцячых вачах хвіліну шчасця і тым самым  зацікавіць юных першаадкрывальнікаў і даследчыкаў. Менавіта, зацікавіць. Як часта не хапае гэтага педагогам, думалася мне, седзячы на ўроку  фізікі ў адным з восьмых класаў СШ №3 у лютаўскую сцюдзёную  раніцу. Адметны гэты ўрок быў не толькі тым, што праводзіў яго малады настаўнік з Полацка, дырэктар школы, суперфіналіст конкурсу прафесійнага майстэрства педагагічных работнікаў “Настаўнік года-2011”  Дзмітрый Шыц, але і таму, што просты, без  грувасткіх, а часам і непатрэбных сучасных метадычных “наваротаў” урок у выглядзе размовы вучняў з настаўнікам прайшоў, як кажуць, на адным дыханні.  Тады я  пашкадавала, што  ў мяне не было такога настаўніка. Думаю,  фізіка стала б маім любімым прадметам, а не наадварот.

Калі  Ашмянскі раён упершыню наведалі ўдзельнікі клуба “Крыштальны жораў”, што створаны з ліку пераможцаў і фіналістаў рэспубліканскага  конкурсу прафесійнага майстэрства  педагагічных работнікаў,а было гэта два гады таму, доўгі час настаўнікі  раёна знаходзіліся пад моцным уражаннем ад сустрэчы і зносін  са сваімі калегамі. І вось “жураўлі прыляцелі ізноў”, як адзначыла ў прывітальным слове загадчык аддзела адукацыі Наталля Кучынская, прыляцелі, каб падзяліцца сваімі напрацоўкамі і павучыцца ў ашмянскіх педагогаў, а разам з тым і набыць новых сяброў.

Рэспубліканскі клуб “Крыштальны жораў” сёлета  адзначыў сваё пяцігоддзе. Адрэзак часу невялікі, аднак плённы і насычаны.  У  склад клуба уваходзяць 54 педагагічныя  работнікі рэспублікі. І мы па праву можам ганарыцца тым, што  сярод іх  і два ашмянскія настаўнікі: Валянціна Гінчук і Кацярына Асмольская. У свой чарговы, дваццаць шосты метадычны выезд удзельнікі клуба  на працягу трох дзён знаёміліся з сістэмай адукацыі нашага раёна і паралельна праводзілі адкрытыя ўрокі і майстар-класы. У першы дзень госці наведалі СШ №2, дзе праз экскурсію, наведванне музея і творчага майстар-класа па фотасправе атрымалі ўяўленне аб гэтай навучальнай установе. Аб тым, што нашы педагогі творчыя і таленавітыя, удзельнікі клуба ўпэўніліся падчас  творчай прэзентацыі ў СШ №3 і  канцэрта ў Кальчунскай СШ.

Другі дзень рэспубліканскага семінара-акцыі  “Настаўнік года” – адукацыі Ашмянскага раёна”  пачаўся  са знаёмства з удзельнікамі клуба і яго куратарамі. Начальнік упраўлення вучэбна-метадычнай работы Акадэміі паслядыпломнай адукацыі  Ірына Багачова разам са сваім намеснікам Іванам Фёдаравым  расказалі аб дзейнасці клуба і яго складзе. На сустрэчу з ашмянскімі настаўнікамі прыехалі  Таццяна Амбрушкевіч, настаўніца рускай мовы і літаратуры гімназіі  г.Асіповічы  (фіналіст рэспубліканскага  конкурсу “Настаўнік года-2006”), Юрый Андрэйчык, настаўнік біялогіі, старшыня райкама прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі Ганцавіцкага раёна (пераможца конкурсу “Настаўнік года-2009”), Зоя Вінаградава, настаўніца гісторыі СШ №1 г.Лагойска (лаўрэат конкурсу “Настаўнік года-2004”), Святлана Емяльянава, настаўніца пачатковых класаў з Оршы (фіналіст конкурсу “Настаўнік года – 2009”), Інэса Зубрыліна, настаўніца англійскай мовы гімназіі г.Дзятлава (пераможца конкурсу “Настаўнік года-2011”),  Вольга Счасновіч, настаўніца інфарматыкі Варатынскай СШ Бабруйскага раёна (фіналіст конкурсу “Настаўнік года-2006”), Галіна Сухава, настаўніца беларускай мовы і літаратуры гімназіі №5 г.Віцебска (лаўрэат конкурсу “Настаўнік года-2009”), Дзмітрый Шыц, настаўнік фізікі, дырэктар СШ №18  з Полацка (суперфіналіст конкурсу “Настаўнік года-2011”) і Іван Якіменка, настаўнік матэматыкі Лошніцкай гімназіі Барысаўскага раёна (суперфіналіст  конкурсу “Настаўнік года-2011”).

Госці не толькі правялі адкрытыя ўрокі, але і паказалі майстар-класы, а таксама арганізавалі семінар “Канструктар сучаснага урока”, дзе ўсе разам распрацоўвалі аптымальную і найбольш эфектыўную  форму сучаснага ўрока.

Апошні дзень наведвання Ашмяншчыны  таксама быў насычаны творчымі сустрэчамі: спачатку у дзіцячым цэнтры развіцця дзіцяці сваё майстэрства паказалі выхавацелі дзіцячых садкоў разам са сваімі выхаванцамі, а затым  госці наведалі СШ №1, дзе для іх з канцэртнай праграмай выступілі ўзорныя калектывы  школы.

Апантаныя рупліўцы і сапраўдныя майстры педагагічнай справы, якія душой і сэрцам прыкіпелі да школы, раз’ехаліся па сваіх установах адукацыі, каб  падзяліцца са сваімі калегамі  ўбачаным і пачутым у Ашмянах. Праз пэўны час настаўнікі  ізноў адправяцца па раёнах нашай рэспублікі ў чарговую вандроўку, дзе іх чакаюць новыя педагагічныя адкрыцці і  новыя сябры.

Аліна САНЮК.

На здымках: падчас прыезду ў Ашмяны ўдзельнікаў рэспубліканскага клубу “Крыштальны жораў”.

Фота аўтара.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *