Выстава іканапісу “Свет душы маёй” адкрылася ў краязнаўчым музеі

Культура

 

Імкліва бяжыць час… Разам з ім спяшаемся і мы, не паспяваючы нават азірнуцца ці проста спыніцца на імгненне і заўважыць свет вакол сябе. Здаецца, шэрая штодзённасць скавала нас ў ланцугі і не выпускае, а хатнія клопаты адрэзалі ад прыгожага і духоўнага… Выстава іканапісу “Свет душы маёй” Ядзвігі Сянько, якая адкрылася ў краязнаўчым музеі імя Ф. Багушэвіча, дазволіла падумаць аб вечным, пераглядзець пэўныя моманты ў сваім жыцці і проста палюбавацца цудоўнымі творамі…

— У маі па ўсёй краіне пройдуць урачыстасці з нагоды 500-годдзя Свята-Успенскага Жыровіцкага манастыра і 550-годдзя здабыцця цудатворнага абраза Божай Маці, якую сёння завуць Жыровіцкай, — расказвае дырэктар музея Алена Жасткова. — Да святкавання далучыўся і наш музей, і прысвяціў гэтым падзеям выставу аўтарства Ядзвігі Сянько.

Імя Ядзвігі Сянько даўно вядома нашым землякам, у Ашмянах праходзіць ужо чацвёртая яе выстава. Творчасць мастачкі непарыўна звязана з тэматыкай хрысціянства, на гэта яна атрымала блаславенне Мітрапаліта Мінскага і Слуцкага Філарэта, Патрыяршага Экзарха ўсяе Беларусі. Спісы многіх вядомых ікон, біблейскія сюжэты і вобразы Панны Марыі ўпрыгожваюць праваслаўныя і каталіцкія храмы Беларусі — Ядзвіга Іванаўна напісала больш за дзве тысячы работ. Многія з іх знаходзяцца ў прыватных калекцыях розных краін свету. Мастачка працуе таксама ў жанры пейзажу і нацюрморта. У творчай скарбонцы больш за 600 кветкавых кампазіцый і пейзажаў.

— Вельмі прыемна, што Ашмяншчына першай прымае выставу “Свет душы маёй”, — дзеліцца метадыст раённага цэнтра культуры Сяргей Жылік. – Мы вельмі ўзрушаны, што тут экспануюцца не звычайныя карціны, а іконы. Свет боскі, які сыходзіць з кожнай работы, дае сілу і моц. На палотнах адлюстравалася цеплыня і шчырасць душы аўтара, спектр яе захапленняў і пачуццяў.

Першую ікону Ядзвіга Сянько напісала ў юнацтве для касцёла ў вёсцы Краснае, дзе яна знаходзіцца і сёння. Цяпер сярод карцін пачэснае месца займае палатно пад назвай “Касцёл майго дзяцінства”, на якім застыў у часе храм Узнясення Дзевы Марыі ў вёсцы Краснае. У дзяцінстве Ядзвіга часта наведвала яго, прыняла там першую споведзь і камунію. Яна шчыра расказвае, што з храмам яе звязвае непарыўная чырвоная стужка памяці. Разам з іконай там засталася часцінка яе душы.

Самым вялікім дасягненнем творца лічыць стварэнне ікон для касцёла Святых Сымона і Алены ў Мінску. Яна прызнаецца, што для напісання работы не дастаткова якасных фарбаў і пэндзляў, у яе трэба ўкласці свой розум і часцінку сваёй душы.

— Мэта маёй творчасці — прынесці чалавеку святло і радасць, падарыць надзею, што дабрыня і прыгажосць, міласэрнасць, вера ў Бога выратуюць свет. Мэта ў асабістым жыцці — ўзвесці храм у душы — з гэтага і пачынаецца штодзённая праца жывапісца, — лічыць Ядзвіга Сянько.

На палотнах застылі вобразы праваслаўных і каталіцкіх святых Валянціны Мінскай, Матроны Маскоўскай, Божай Маці Казанскай, Божай Маці Вострабрамскай, Святой Тэрэзы, Святога Казіміра, Божай Маці Святога Разарыя, Езуса і іншых. Таксама на карцінах мастачка адлюстравала архітэктурныя шэдэўры — каталіцкія і праваслаўныя храмы. Выстава сапраўды здзіўляе, захоплівае, зачароўвае. Кожны яе наведвальнік зможа не толькі пазнаёміцца з шэдэўрамі Ядзвігі Сянько, але і даведацца аб гісторыі прадстаўленых ікон і карцін з падрыхтаваных мастачкай дапаможнікаў.

Цяпер мастачка працуе над вялікімі палотнамі з вобразамі Святых Шабеля, Фаусціны і Яна Паўла ІІ.

Сустрэча з таленавітай мастачкай, цікавай і апантанай асобай была напоўнена шчырымі эмоцыямі, сардэчнасцю і творчасцю. Словы падзякі падчас адкрыцця выставы гучалі ад начальніка аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Кацярыны Астрамовіч, метадыста раённага цэнтра культуры Сяргея Жыліка, святароў – ксяндза-пробашча касцёла Святога Міхаіла Арханёла Яна Пузыны і протаіерэя храма Уваскрасення Хрыстова Пётра Пятлёхі, сястры сястрынства імя Святой вялікамучаніцы Варвары Наталлі Сямёнавай і ганаровага грамадзяніна горада Ашмяны, мастака Уладзіміра Бізюка.

Цудоўнымі мелодыямі напоўнілі залу музея ўзорны хор “Сугучча” (кіраўнік Ганна Буйко) і выкладчык Ашмянскай дзіцячай школы мастацтваў Кацярына Мандрык.

Кацярына РУДЗІК.

Фота Святланы МУЦЯНСКАЙ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *