Сцежкі Багушэвіча вядуць у школу

Культура

Зямля ашмянская вядома славутымі людзьмі, памяць пра якіх зберагаецца і перадаецца з пакалення ў пакаленне. Сярод іх Францішак Багушэвіч – самы яркі нацыянальны паэт XIX стагоддзя. Старасвецкія жупранскія лясы, вузенькія вулачкі маленькага мястэчка, добрыя гасцінныя жыхары натхнялі нашага земляка на напісанне бессмяротных радкоў. У сваю чаргу жупранцы, колькі б гадоў не мінула з таго часу, па крупінках збіраюць і захоўваюць памяткі пра паэта. Мястэчка даўно ўжо стала месцам, куды прыязджаюць паэты, музыкі, літаратары і проста прыхільнікі творчасці вядомага паэта.

Стварэнне музея ў Жупранскай сярэдняй школе імя Ф.К.Багушэвіча было ініцыятывай былога дырэктара школы Міхаіла Іосіфавіча Крайнова і настаўніка беларускай мовы і літаратуры Канстанціна Аляксеевіча Кадыркі.

З успамінаў Крайнова вынікае, што першыя экспанаты ў школьны музей трапілі з Ашмянскага краязнаўчага музея. Пад кіраўніцтвам Кадыркі вучні школы пісалі ў Дзяржаўны архіў Беларусі, архівы Польшчы, Украіны і Літвы, даследчыку творчасці Багушэвіча Уладзіміру Содалю.

Трапляючы ў літаратурны музей Багушэвіча, нібы пераносішся ў мінулае зямлі ашмянскай. Праз жыццё песняра наведвальнікі спасцігаюць гісторыю нашага павета, час, эпоху, якая нарадзіла вядомага паэта. Са старых фотаздымкаў глядзяць выявы Жупран: вось касцёл, старажытны выгляд паселішча, а побач – больш сучасныя здымкі, што адлюстроўваюць жыццё мястэчка.

Літаратурны музей Ф.К. Багушэвіча ў Жупранскай школе працуе з 1970 года. Створана восем невялікіх раздзелаў, якія распавядаюць пра дзяцінства і юнацтва паэта, гады вучобы, удзел у паўстанні, час выгнання, вучобу ва Украіне, адвакацкую дзейнасць па абароне простага люду, пра першую кнігу “Дудка беларуская”, выданне ў Познані зборніка “Смык беларускі” і апошнія гады жыцця ў Кушлянах.

У музеі налічваецца каля 200 экспанатаў. Сярод якіх ёсць і арыгінальныя: драўляная скульптура Багушэвіча (работа народнага ўмельцы Пятра Бусловіча), партрэт паэта, намаляваны Анатолем Жолудам, былым настаўнікам чарчэння і малявання Жупранскай СШ, кніжкі паэта. Арыгінальныя зборнікі “Дудка беларуская” (1922 года выдання і 1946 года выдання) былі падараваны музею жыхаром вёскі Кісялева Ашмянскага раёна Ю. Падляцкім. У музеі ёсць карціна мясцовага мастака Уладзіміра Шымановіча “Сядзіба ў Кушлянах”. Існуе ў музеі вельмі добрая традыцыя – наведвальнікі пакідаюць у дар музею кнігі з аўтографамі.

Цікавасць да асобы беларускага песняра, а значыць і да яго музея, з гадамі не змяншаецца. Таму і едуць у Жупранскую школу з вялікіх і малых гарадоў Беларусі. Вялікая колькасць людзей прыходзіць у музей у дзень нараджэння паэта.

Кожны юбілей Францішка Багушэвіча адзначаецца шэрагам мерапрыемстваў і змястоўнай выставай. Да 180-годдзя са дня нараджэння паэта ў музеі арганізавана выстава пад назвай “Шануем памяць аб табе, наш славуты зямляк”. У наведвальнікаў музея ёсць ўнікальная магчымасць пазнаёміцца з фото- і тэкставымі матэрыяламі, “прачытаць” радавод сям’і Багушэвіча, падараваны музею Васілём Юршам, даследчыкам радаводаў беларускай шляхты. Зазірнуць у глыбіню літаратурнай спадчыны Ф.Багушэвіча можна, пазнаёміўшыся з гісторыяй выхаду ў свет “Дудкі беларускай” (1891 год).

Музеем вядзецца даследчая работа па вывучэнні жыццёвага і творчага шляху Францішка Багушэвіча, па гісторыі мястэчка Жупраны. У выніку такой работы з’явіліся віртуальныя экскурсіі “Жупранская старонка”, “Гісторыя вёскі Жупраны”, “Пясняр зямлі беларускай”; гісторыя аднаго экспаната (пра фотаздымак унучкі Багушэвіча Станіславы Тамашэўскай), гісторыя стварэння зборніка “Dudka Bialaruskaja”.

Даследуючы гісторыю фотаздымка Багушэвічавай унучкі Станіславы Тамашэўскай,  мы выявілі шмат цікавага матэрыялу аб нашчадках Мацея Бурачка. Прапраўнучка паэта Джоана Баяноўска наведала наш музей і падаравала фотаздымкі сваёй маці Крысціны Шманьды, праўнучкі Багушэвіча. Яна да гэтага часу жыве ў Варшаве. Ёй 88 гадоў.

Вучні Жупранскай школы імя Францішка Багушэвіча ганарацца сваім музеем, які дазваляе ім у любы дзень дакрануцца да гісторыі школы і сваёй краіны.

Галіна ЛУКША,

загадчык літаратурнага музея Ф.Багушэвіча, настаўнік беларускай мовы і літаратуры.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *