Сярод людзей і для людзей. Міхаіл Аляксандравіч Булаўка

Общество

Час няўмольны. І як бы чалавек ні стараўся, як бы ні высільваўся, не спыніць яго бег. Вось і Міхаіл Аляксандравіч Булаўка аглядзецца не паспеў, як чарговы юбілей “завітаў” у госці — разам з былымі калегамі і сябрамі, паплечнікамі па грамадскай рабоце, якія прыйшлі яго павіншаваць з васьмідзесяцігоддзем. Нягледзячы на свой узрост, Міхаіл Аляксандравіч яшчэ “ў страі” — уваходзіць у склад прэзідыума раённага савета ветэранаў. А перад гэтым пэўны час узначальваў раённую структуру таварыстваў выратавання на водах.

Грамадскія абавязкі заўсёды былі часткай яго жыцця. Менавіта яны, на думку юбіляра, вызначаюць статус чалавека, яго запатрабаванасць сярод людзей і для людзей. Міхаіл Аляксандравіч заўсёды быў у віры падзей, сярод моладзі, з новымі ідэямі і ініцыятывамі. Пасля заканчэння Беларускага інстытута механізацыі і электрыфікацыі сельскай гаспадаркі яго веды і энергія былі скіраваны на навучанне падрастаючага пакалення механізатарскай справе ў Ашмянскім СПТВ-18. Затым на працягу пяці год быў камсамольскім важаком – моладзь абрала яго першым сакратаром райкама камсамола. Набыўшы пэўны вопыт арганізатарскай дзейнасці Булаўка вяртаецца ў вучылішча, праўда, ужо ў больш высокай якасці – намеснікам дырэктара па вучэбна-вытворчай рабоце. Гэта былі самыя плённыя і насычаныя гады, калі ў поўнай меры праявіліся яго веды і практычныя навыкі, яго падыходы ў арганізацыі вучэбна-вытворчага працэсу. Рос і яго аўтарытэт сярод калег, навучэнцаў і іх бацькоў. Яго ведалі многія гараджане, настаўнікі школ, дзе вучыліся да гэтага яго падапечныя, ведалі кіраўнікі арганізацый, калгасаў і саўгасаў. Не выпадаў ён з поля зроку кіраўніцтва раёна. Такая грамадская значнасць дадавала яму сіл, дапамагала паспяхова спраўляцца з абавязкамі намесніка дырэктара вучылішча.

Калі падышоў пенсійны ўзрост, Міхаіл Аляксандравіч перайшоў працаваць намеснікам дырэктара вучылішча па падрыхтоўцы, перападрыхтоўцы і павышэнні кваліфікацыі кадраў. Тры гады ён аддаў таму, каб мясцовыя гаспадаркі не адчувалі недахопу ў механізатарах, каб не зніжаўся ўзровень сельскагаспадарчай вытворчасці ў рэгіёне.

Ашмянскі раён стаў для Міхаіла Аляксандравіча, ураджэнца нарачанскай вёскі Лыжычы, тым месцам, дзе ў поўнай меры спатрэбіліся яго веды і вопыт, дзе па заслугах ацэнены яго ўнёсак у капілку дасягненняў раёна. За шматгадовую і добрасумленную працу Міхаіл Булаўка адзначаны Ганаровай граматай Вярхоўнага Савета БССР, юбілейным медалём “За доблесную працу. У азнаменаванне 100-годдзя са дня нараджэння У.І.Леніна”, двума медалямі “За працоўную доблесць” (у 1971 і 1981 гадах). Яму прысвоены званні “Выдатнік адукацыі Рэспублікі Беларусь” і “Ветэран прафтэхадукацыі СССР”.

Надзейнай апорай і тады, калі маладая энергія біла праз край, і цяпер, калі гады даюць аб сабе знаць, з’яўляецца для Міхаіла Аляксандравіча яго дружная сям’я: жонка Людміла Феліксаўна і сыны Ігар і Сяргей са сваімі сем’ямі. Жаданы госць ён і ў вучылішчы, якое зараз носіць статус эканамічнага каледжа. Нягледзячы на рэарганізацыйныя перапетыі, тут не забываюць пра былых калег, дзякуючы якім мацаваўся фундамент навучальнай установы. З юбілейнай датай прымаў віншаванні юбіляр ад намесніка дырэктара па выхаваўчай рабоце Марыі Ігнатовіч, старшыні прафсаюзнага камітэта Святланы Лазоўскай, старшыні ветэранскай арганізацыі навучальнай установы Тэрэсы Ціхановіч. Цёплыя і сардэчныя вершаваныя радкі пераслаў Міхаілу Аляксандравічу выхавацель інтэрната каледжа Яўген Куст.

Да шматлікіх пажаданняў, што гучалі ў адрас імянінніка, далучыўся старшыня раённага савета ветэранаў Уладзімір Бельчанка разам з членамі прэзідыума грамадскага аб’яднання.

Кветкі, падарункі, шчырыя словы, утульная атмасфера – такім было гэтае прыгожае свята, багатае на пражытыя гады і падзеі, удзячных вучняў, надзейных сяброў і калег.

Аліна САНЮК.

Фота Святланы МУЦЯНСКАЙ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *