“Выкідвай старое, каб набыць новае ды маладое!”. Загаўліны адзначылі ў Кальчунах

Культура

Добрай традыцыяй у аддзеле культуры і вольнага часу аграгарадка Кальчуны стала праводзіць апошні вечар перад Вялікім постам па звычках нашых продкаў — спраўляць Загаўліны. “Тлусты аўторак” раней збіраў у адной хаце ўсіх жыхароў вёскі на “прабачальную размову”. Так і ў мясцовым Доме культуры ў Кальчунах сабраліся вяскоўцы і прыезджыя госці (а іх было нямала), каб павесяліцца і папрасіць прабачэння адзін у аднаго за тое, што “саграшылі справай ці языком” – усё як у продкаў, якія не забываліся пра свае песні і танцы.

Работнікі культуры арга­нізавалі сапраўды маштабнае і яскравае свята. Пачаткам стала працэсія праз усю вёску з мэтай збору старых і непатрэбных рэчаў, каб іх пасля спаліць на вогнішчы. Чарада людзей ішла за возам, спяваючы песні і спыняючыся ля хат. “Выкідвай старое, каб набыць новае ды маладое!” — казалі гаспадыням удзельнікі шэсця і прымалі рэчы на воз. Сабраўшы добрую гару старога аддзення, дываноў і посцілак, усе адправіліся на пляцоўку ля Дома культуры, каб пазбавіцца ад “старога” на вогнішчы і даць “новаму” заняць месца ў доме: “Старое згарыць, каб новае набыць”.

Яшчэ адна традыцыя, звязаная з пудзілам Зімы. Яго, па павер’і, патрэбна “разарваць на шматкі, занясці на агарод, каб урадлівым быў увесь год”. Пасля правядзення абраду ўсе накіраваліся ў клуб на вячоркі.

У фае была аформлена выстава работ народных умельцаў і дзіцячых малюнкаў знакавых і вядомых месцаў Ашмянскага раёна. Арганізатарам экспазіцыі карцін стала грамадскае аб’яднанне “Белая Русь”.

А ў актавай зале стварылі інтэр’ер сапраўднай вясковай хаты. “Дома” — гаспадар з гаспадыняй. Яны рыхтуюцца прымаць гасцей і накрываць на стол. Пасля – танцуюць, спяваюць песні. І без абрадаў зноў не абыходзіцца. Адзін з іх — “Нараджэнне калодкі” — сімвал скорай жаніцьбы ці замужжа. Калодку ўручалі тым людзям, якія не маюць пары, ці бацькам, што мараць ажаніць дзяцей, каб у хуткім часе зладзіць нарэшце вяселле.

Свята працягнулася да позняга вечара. Госці і ўдзельнікі атрымалі вялікую асалоду. Таксама арганізатары прапанавалі паласавацца гарачымі блінамі, дранікамі, рыбнай юшкай і мноствам іншых прысмакаў, прыгатаваных мясцовымі жыхарамі і работнікамі культуры. Можна было паспрабаваць свае сілы ў рыбнай лоўлі на спецыяльным атракцыёне. Трэба сказаць, што “рыбалка” карысталася асаблівай папулярнасцю ў мясцовых дзяцей. Смачныя стравы, вясёлыя танцы і гучныя песні – ўсё, каб сем тыдняў пасціцца без спакусы.

Нягледзячы на дрэннае надвор’е, настрой у гледачоў і артыстаў быў выдатным. Мерапрыемства з забаўляльнай праграмай, гульнямі і конкурсамі дало сапраўды добры старт Вялікаму посту.

Інга ГІЗ.

Фота Аляксандра НАУМЧЫКА.

 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *