Дзень роднай мовы адзначылі ў СШ №1 імя М.Гружэўскага

Культура

Гучна і адметна прайшоў у СШ №1 Дзень роднай мовы, які ў шосты школьны дзень сабраў не толькі вучняў і настаўнікаў, але і шматлікіх гасцей.

Напярэдадні ў нашай школе праходзіў цэлы тыдзень мовы і літаратуры. Усе мерапрыемствы былі скіраваны на папулярызацыю беларускай мовы, — заўважыла ў размове дырэктар школы Марына Куліковіч. — Гэта  разнастайныя выставы і конкурсы, у якіх прынялі ўдзел вучні разам з настаўнікамі. Таксама праводзілася акцыя «Гавары са мной па-беларуску». Заключным этапам тыдня стала абласная дыктоўка, да напісання якой падключыліся больш за 50 настаўнікаў і вучняў нашай школы. Сёння свята працягваецца. З нацыянальным каларытам ладзяцца ў школе гульні і забаўкі для самых маленькіх. Інтэрактыўныя творчыя пляцоўкі разгарнуліся для тых, хто дбае пра захаванне беларускіх народных традыцый і звычаяў. Сусветна вядомыя бестселеры нашы вучні чытаюць на роднай мове, пацвярджэннем таму служыць мерапрыемства “Гары Потэр па-беларуску”. Зараз у школе праходзіць раённы этап абласнога фестывалю-конкурсу “Таленты Прынямоння”, у якім прымаюць удзел і нашы ўзорныя калектывы.

Настаўніца беларускай мовы і літаратуры СШ №2 Вольга Дваранская разам са сваімі калегамі прыйшла ў суботу ў СШ №1, каб сустрэцца з загадчыкам кафедры рэдакцыйна-выдавецкіх тэхналогій БДТУ, дацэнтам, кандыдатам філалагічных навук Уладзімірам Куліковічам.

— З такімі людзьмі, як Уладзімір Куліковіч, і прыемна сустракацца, і карысна, — адзначыла Вольга Сцяпанаўна. — Ён наш зямляк, аўтар шматлікіх дапаможнікаў, якія мы выкарыстоўваем на ўроках і падчас падрыхтоўкі да алімпіяды па роднай мове. “Алімпіёнік” Уладзіміра Куліковіча — наша настольная кніга. Мы маем алімпіяднікаў і на ўзроўні вобласці, і на ўзроўні рэспублікі. На ўроках і пазакласных чытаннях я кіруюся прынцыпам “Вывучай, каб размаўляць. Размаўляй, каб спажываць”. Ён дапамагае і ў прапагандзе роднай мовы, і ў яе вывучэнні.

Уладзімір Куліковіч зрабіў агляд літаратуры, выдадзенай на кафедры рэдакцыйна-выдавецкіх тэхналогій БДТУ. Гэта і яго ўласныя метадычныя дапаможнікі, і распрацоўкі па граматыцы, арфаграфіі, лексіцы, і выданні студэнтаў (іх дыпломныя працы). Выставу Уладзімір Куліковіч назваў “Ашмяншчыны натхненне”. Як прызнаўся наш госць, большасць кніг узнікла менавіта тут, на Станцыі Ашмяны, дзе апошнім часам Куліковіч бывае даволі часта. Уладзімір Іванавіч прэзентаваў настаўнікам адну з апошніх кніжак “Беларускія месяцы”, якая будзе цікава рознаўзроставай аўдыторыі: ад вучняў пачатковых класаў да іх бацькоў і, безумоўна, саміх настаўнікаў.

Уладзімір Куліковіч шмат гаварыў аб важнасці вывучэння роднай мовы, якой ён прысвяціў усё сваё жыццё:

— Мова — наш беларускі брэнд, які дазваляе кожнаму адчуць адказнасць за той куток, дзе ён нарадзіўся. Калі чалавек не гаворыць па-беларуску, ён і думаць не будзе па-беларуску. А хочацца, каб думалі і гаварылі пра Беларусь ва ўсім свеце!

На інтэрактыўных творчых пляцоўках вучні знаёміліся з беларускімі традыцыямі і культурай. Наведалі гурток “У свеце мастацкіх тэхналогій” і разам з кіраўніком Таццянай Посахавай зрабілі лялькі-абярэгі. Частаваліся стравамі беларускай кухні. Дарэчы, бліны і пірог разам са сваімі роднымі спёк дзевяцікласнік Максім Казакевіч. Салодкі пачастунак можна было атрымаць, напісаўшы любімае слова на роднай мове. Сэрцы-словы затым мацаваліся на спецыяльным стэндзе.

Дзень роднай мовы стаў у школе сапраўдным святам. Тут кожны мог знайсці занятак і забаўку на любы густ – на беларускай мове і з нацыянальным каларытам.

Аліна САНЮК.

Фота аўтара.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *