Юбілей вышэйшага гатунку. Залатое вяселля адзначыла сям’я з вёскі Борці

Шчаслівае сямейнае жыццё ціхае і размеранае. Яно не вытрымлівае няшчырасці і паказухі, бо ўсё, што адбываецца ў межах такой сям’і, робіцца для дабрабыту і спакою кожнага яе члена. У такой сям’і канфлікт ніколі не пераходзіць мяжу: сесці за “стол перамоў”, саступіць у спрэчцы сваёй палавінцы тут не лічаць заганай.

Класік заўважыў, што ўсе шчаслівыя сем’і падобныя. Так гэта ці не, мы вырашылі даведацца, завітаўшы разам з работнікамі Граўжышкоўскага  аддзела культуры і вольнага часу ў невялікую вёску Борці. Тут вось ужо пяцьдзясят гадоў жыве ў ладзе і згодзе сям’я Лялько — Мар’ян Мар’янавіч і Тарэса Браніславаўна.

Хата Лялько знаходзіцца на самым рагу паўпустой бязлюднай вёскі Граўжышкоўскага сельсавета. Сваім выглядам яна сведчыць аб тым, што жыццё тут не згасае. Дагледжаны двор, некалькі дыхтоўных прыбудоў, ярка пафарбаваны дом з верандай, вымашчаная сцежка ад хаты да вуліцы. Адчуваецца, што ёсць у гэтым утульным куточку гаспадар.

— А на самой справе, хто ў доме гаспадар? — пытаюся напаўжартам у Тарэсы Браніславаўны.

— Муж, і толькі ён, — зазначае ветлівая гаспадыня. – Мар’ян і да ладу ўсё давядзе, і мне дапаможа, і слова апошняе заўсёды за ім. На мужавых плячах трымаецца і наша гаспадарка, і наша сям’я.

Высокі і статны мужчына ўсміхаецца і пачынае ўзгадваць, як адбылося іх лёсавызначальнае знаёмства. Незвычайная здольнасць чалавечай памяці адшукваць у сваіх таямніцах даўно забытае, адначасова і здзівіла мужчыну, і рассмяшыла.

Былі яны тады зусім маладыя – яшчэ і за дваццаць не перакінулася. Мары і спадзяванні, першае каханне, зорнае неба над галавой, водар бэзу і язміну, першы пацалунак… Пазнаёміліся Мар’ян з Тарэсай у Шчапанавічах на канцэрце, арганізаваным у клубе сіламі мясцовай мастацкай самадзейнасці. Вечарам хлопец вызваўся правесці прыгожую танклявую дзяўчыну дамоў, і яна не адмовіла. Да паўночы прасядзелі яны тады на лаўцы пад плотам іх хаты. Мар’ян нават наважыўся Тарэсу пацалаваць, але яна адвярнулася, і той пацалунак прыйшоўся ў вуха.

Гэта было самае сапраўднае і шчырае каханне, якое магло пераадолець любыя выпрабаванні. Калі ажаніліся, Мар’ян са сваёй Клявіцы перайшоў жыць у жончыну хату. Бацькі Тарэсы не сталі перашкодай, а , наадварот, стараліся дапамагчы, часам падказаць, а часам і вочы закрыць на пэўныя моманты, якія ім былі недаспадобы. Праз год у шчаслівай сям’і з’явілася дачушка Наталля. Следам за ёй, роўна праз год, дзень у дзень, абвясціла аб сваім прыходзе яшчэ адна дзяўчынка – Марына. А каб дзяўчаткам адным было нясумна, бацькі падумалі і падарылі сястрычкам брата Паўла — прадаўжальніка роду Лялько.

У дзень святкавання 50-годдзя сумеснага сямейнага жыцця ўтульная хата ў Борцях стала руплівым вулеем. У госці да бацькоў прыехалі дзеці са сваімі сем’ямі. Усе яны жывуць зараз у Мінску. Павел працуе ў машына-будаўнічай кампаніі “Амкадор” вадзіцелем-выпрабавальнікам. Веды Марыны ўжо каторы год запатрабаваны ў аддзеле Дэпартамента аховы МУС Кастрычніцкага раёна Мінска. На добрым рахунку ў калектыве РУП “Белбудцэнтр” Міністэрства архітэктуры і будаўніцтва дачка Наталля, якая займае пасаду вядучага інжынера.

Бацькі зрабілі ўсё неабходнае, каб дзеці вывучыліся, каб жыццё іх было лягчэйшым. Самі ж яны аддалі свае сілы сельскай гаспадарцы. У калгасе імя Крупскай Мар’ян быў механізатарам. Вясной і восенню працаваў на трактары, летам садзіўся за штурвал камбайна. Узімку рыхтаваў тэхніку да чарговага выхаду ў поле. Побач заўсёды была і Тарэса: запраўляла калгасную тэхніку, выдавала запчасткі. Апошнія гады перад выхадам на пенсію хадзіла на паляводства.

Дома чакала ўласная гаспадарка, ёй таксама патрэбен быў догляд. На дапамогу заўсёды прыходзілі дзеці. Іх не трэба было прымушаць да працы. Такая якасць характару, як працавітасць, перадаецца ў сям’і Лялько з пакалення ў пакаленне.

— Нашы бацькі – прыклад ва ўсім, — зазначае ў размове старэйшая дачка Наталля. – І ў паводзінах, і ў адносінах адзін да аднаго. Яны для нас і нашых дзяцей – узор адданасці, чысціні і шчырасці. Яны вучылі нас самастойнасці, ніколі не навязвалі свае меркаванні. Калі штосьці не ладзілася ў нашых сем’ях, казалі, што вінаватыя ў непаразуменні абодва. Нават на вялікай адлегласці мы адчуваем, што нас любяць і заўсёды тут чакаюць. І мы самі, і нашы дзеці часта прыязджаем на вёску. Тут нам утульна і добра, як у дзяцінстве. Заўсёды на стале пірагі і нашы любімыя галубцы, а з імі душэўная атмасфера, што даражэй за ўсё на свеце.

У дзень залатога вяселля Мар’яна Мар’янавіча і Тарэсу Браніславаўну прыйшлі павіншаваць работнікі Граўжышкоўскага аддзела культуры і вольнага часу Эдуард Булкевіч, Вацлаў Сідаровіч іАлена Сальмановіч. Яны спецыяльна падрыхтавалі творчую праграму са сцэнарыем і цёплымі словамі. Гучныя пералівы беларускіх народных песень несліся на прастор, перамяжоўваючыся з віншаваннямі ад дзяцей, унукаў Яраслава, Дзіяны і Ігара і праўнукаў Ксеніі і Максіма, стрыечнай сястры Гені з мужам.

Здавалася, віноўнікі ўрачыстасці скінулі груз пражытых гадоў і вярнуліся ў сваю маладосць, калі толькі зараджаліся зернейкі іх сямейнага жыцця. Час шмат што змяніў, загартаваў іх характары, зрабіў мудрымі і разважлівымі. Аднак адно  засталося нязменным — шчаслівыя і закаханыя вочы, такія ж, як на іх вясельнай фотакартцы, што стаіць на ганаровым месцы ў серванце.

Аліна САНЮК.

Фота Святланы МУЦЯНСКАЙ і з сямейнага архіва Лялько.

0

Добавить комментарий

Авторизация
*
*
Регистрация
*
*
Номер телефона без знака «+», например «79876543210». На указанный номер будет выслан код подтверждения.

*

Генерация пароля