«Слава Богу, што ногі тупаюць». Жыхарка аграгарадка Баруны адзначыла юбілей — 90 год з дня нараджэння

Общество

У мінулую пятніцу жыхарка аграгарадка Баруны Феадосія Лоўчая адзначыла прыгожы юбілей — 90 год з дня нараджэння.

Дабром – на дабро

Віншаванні з прыемнай нагодай жанчына прымала ў першую чаргу ад вялікай і дружнай сям’і — трох сыноў, нявестак, шасці ўнукаў і семярых праўнукаў. Як і на кожнае свята, яны традыцыйна сабраліся ў бацькоўскім доме — зараз там жыве малодшы сын Сяргей з жонкай Наталляй, якія і даглядаюць Феадосію Елісееўну. Праўда, сцежку да роднага парога не забываюць і старэйшыя дзеці — Аляксандр, які зараз жыве ў Мінску, і Мікалай са Смаргоні.

Такой увазе і клопату, якімі акружылі яе блізкія, упэўнена жанчына, іншыя могуць толькі пазайздросціць. Нават медыцынская дапамога на месцы — нявестка Наталля працуе медсястрой. Менавіта яе бабуля лічыць сваім галоўным урачом, які і ціск памерае, і лекі назначыць, і прасочыць, каб медыцынскія парады выконваліся бездакорна. Зрэшты, Феадосія Елісееўна і не спрачаецца, ведае, што ёй жадаюць толькі дабра. А яго яна заслужыла дзевяццю дзясяткамі свайго няпростага жыцця.

“Нічога так не хацела, як кавалак хлеба”

Дзяцінства Феадосіі Елісееўны прайшло на Магілёўшчыне ў Быхаўскім раёне. Праўда, закончылася яно, ледзь паспеўшы пачацца. У сям’і гадавалася шасцёра дзяцей, таму прыходзілася шмат працаваць, каб на стале заўсёды быў хлеб. Галоўным карміцелем быў лес, з якога малечы не вылазілі – усё лета і нават восенню збіралі ягады, грыбы, якія маці сушыла і вазіла ў Ленінград, на продаж.

Неўзабаве звыклы лад жыцця разбурыла вайна. Уварваўшыся нечакана, яна прынесла з сабой гора, смутак і боль. І хаця з сям’і Феадосіі на фронт нікога не ўзялі – бацька быў застары, брат – замалы, яе навалу яны, як і мільёны суайчыннікаў, адчулі спаўна. На Магілёўшчыне ішлі кровапралітныя баі, Днепр заставаўся ў цэнтры ўвагі, дзейнічалі партызанскія атрады, якім фашысты проціпаставілі сваіх карнікаў.

Малады спецыяліст

— Каб вы ведалі, які быў голад, — успамінае Феадосія Елісееўна. – Аладкі пяклі з сушанай канюшыны. Неяк маці адправіла мяне збіраць траву, а я іду і думаю: вось бы знайсці кавалачак хлеба. Нічога так не хацела. Ды дзе ж ты яго знойдзеш!

Гады ваеннага ліхалецця жанчына называе самымі цяжкімі ў сваім жыцці. Праўда, і пасляваенны час быў не асабліва лягчэйшым. У літаральным сэнсе голымі рукамі даводзілася падымаць краіну і гаспадарку з попелу. Атрымаўшы нарэшце зямлю, да якой у сялян заўсёды была цяга, яны ўзвалілі на сябе і важкі крыж – любой цаной падарыць ёй жыццё. Увесну рунь, канешне, узнялася — запрэгшыся ў барану, дзяўчаты, не менш за брата і бацьку, які ў вайну падарваўся на міне, дбалі пра ўраджай.

Лёс напаткаў у Антанова

Не забываліся ў сям’і і пра вучобу — разумелі, што за ёй — будучыня. Скончыўшы сем класаў і спецыяльныя курсы, Феадосія па размеркаванні прыехала на Ашмяншчыну. Тут працавала медсястрой яе сястра. Феадосія ўладкавалася выхавацелем у дзіцячы дом у вёсцы Антанова, пасля яго закрыцця да пенсіі працавала ў дзіцячым садку ў Барунах. Свой клопат і дабрыню яна падарыла дзясяткам мясцовых хлопчыкаў і дзяўчат, якія і зараз удзячны свайму выхавацелю. Карыснай аказалася дапамога дэпутата мясцовага Савета дэпутатаў Феадосіі Елісееўны і многім вяскоўцам.

Тут, у Барунскім краі Феадосіі было наканавана сустрэць Сцяпана Лоўчага, якога лёс таксама прывёў на Ашмяншчыну. У 1951 годзе маладыя пабраліся шлюбам. Пра вяселле з размахам гутаркі не ішло, распісаліся ў старшыні сельвыканкама, павянчаліся ў Гальшанскай царкве (гэта ў савецкі час!) і зажылі дружна і мірна. Спачатку – на хутары разам са свякроўю, свёкрам і іх вялікай сям’ёй, а ўжо пасля – асобна. З першых дзён сямейнага жыцця Феадосія навучылася ладзіць з новымі родзічамі дзякуючы ветлівасці, дабрыні і гумару.

Сцяпан працаваў спачатку музыкальным работнікам у дзіцячым доме ў Антанова, пасля – вадзіцелем, токарам у мясцовай гаспадарцы. І заўсёды, на працягу амаль пяці дзясяткаў гадоў, заставаўся надзейнай апорай для жонкі, прыкладам мужчыны і бацькі для трох сыноў.

Аляксандр, Мікалай і Сяргей сталі надзейнай апорай

— Людзі часта пыталіся, як у мяне атрымалася выгадаваць такіх хлопцаў: уважлівых дзяцей, годных людзей, — расказвае Феадосія Елісееўна. – А я нават і не ведаю, здаецца, што я іх і не выхоўвала – выхоўвала жыццё і розныя гаспадарчыя клопаты, з якімі хлопцы заўсёды дапамагалі спраўляцца.

Аляксандр, Мікалай і Сяргей сталі не толькі паплечнікамі бацькі ў мужчынскіх справах, але і першымі памочнікамі ў маці. Так склалася, што кожны з іх так ці інакш панюхаў пораху. Аляксандр скончыў ваеннае вучылішча і служыў да выхаду ў адстаўку, быў афіцэрам і Мікалай. Праўда, сапраўднае баявое выпрабаванне выпала на долю малодшага Сяргея – былога пагранічніка. Два гады, як кажуць, ад званка да званка, служыў ён у Афганістане – на БМП суправаджаў калоны з прыпасамі. Толькі Бог ведае, колькі аўтаматных чэргаў, колькі варожых куль пранеслася над Сяргеем за тыя бясконца доўгія гады. А колькі малітваў-просьбаў за сына прачытала Феадосія Елісееўна, колькі начэй правяла ў трывозе за сваю крывіначку! Нават на прысягу да Сяргея не пабаялася паехаць у горад Кушка Туркместанскай ваеннай акругі, дзе знаходзілася іх база.

Сакрэт даўгалецця

Усё праходзіць у жыцці: і чорнае, і белае. Застаецца вопыт, мудрасць і любоў родных людзей, дзеля якіх варта трымаць удары лёсу, штораз уздымаць галаву і ісці наперад. Прыкладна так і рабіла Феадосія Елісееўна, на долю якой выпала нямала выпрабаванняў.

Захаваць жыццярадаснасць і аптымізм, лічыць бабуля, ёй дапамагла праца, у якой жанчына забывалася пра гора, а таксама вера. Гэта яе своеасаблівы сакрэт даўгалецця. З маленства бацькі адкрылі перад Феадосіяй свет жыцця ў Хрысце. І сёння яна па памяці чытае малітвы, якім навучылася ў маці. І хоць сілы ўжо не тыя, кожнае рэлігійнае свята Феадосія Елісееўна адзначае ў царкве, а ўжо пасля – за ўрачыстай вячэрай, падчас якой збіраецца вялікая ідружная сям’я. Тады ў доме Лоўчых ліюцца шчырыя размовы, успаміны і нават песні. А першым голасам з’яўляецца, не паверыце, дзевяностагадовая Феадосія Елісееўна!

Успамінаючы пражытыя гады, бабуля, не крывячы душой, прызналася,  што выпіла б свой келіх яшчэ раз, хай сабе салодкім ён быў далёка не заўсёды. Мо таму, што сапраўдная паўната і глыбіня шчасця пазнаецца толькі пасля пакутаў і нястачы.

Людміла РЫБІК.

Фота Святланы МУЦЯНСКАЙ



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *