Кульмінацыяй акцыі “Нашы дзеці” на Ашмяншчыне стала штогадовае дабрачыннае свята з удзелам кіраўніцтва раёна

Культура

На ёлку, што прайшла ў мінулую пятніцу ў раённым Доме культуры, сабралася некалькі соцень малечаў. Сярод іх – дзеці-сіроты, інваліды, дзеці, якія засталіся без апекі бацькоў, выхаванцы дамоў сямейнага тыпу, дзеці са шматдзетных і няпоўных сямей.

Пасля прывітальнага слова старшыні райвыканкама Міраслава Сарасека пачаўся спектакль. Дзеці ўбачылі прадстаўленне па матывах казкі Самуіла Маршака «Дванаццаць месяцаў”. Згодна з сюжэтам, па загадзе каралевы мачаха пад Новы год адпраўляе Насценьку ў лес за пралескамі. Дзіва, але дзяўчынка спраўляецца з заданнем – працавітай і чулай Насці спагадаюць браты-месяцы. У фінале перамагаюць дабрыня і справядлівасць, у якія заўсёды так хочацца верыць.

У пастаноўцы, галоўным рэжысёрам якой выступіла дырэктар цэнтра творчасці дзяцей і моладзі Ірына Буйніцкая, прынялі ўдзел настаўнікі ўсіх школ раёна. Акцёрскае майстэрства самадзейных артыстаў, цудоўныя касцюмы і дэкарацыі прыйшліся да спадобы не толькі юным, але і дарослым гледачам.

Не абмінулі дабрачынную ёлку і галоўныя чараўнікі – Дзед Мароз са Снягуркай. Яны запрасілі дзяцей у святочны карагод. Каля навагодняй зялёнай прыгажуні малечаў чакалі гульні і вясёлыя забавы. Дзеці-сіроты, інваліды, а таксама выхаванцы дамоў сямейнага тыпу атрымалі ад упраўлення адукацыі салодкія падарункі.

Людміла ВЕРАС.

Фота Святланы МУЦЯНСКАЙ



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *