Гальшанская бібліятэка адсвяткавала юбілей

Культура

На працягу васьмі дзясяткаў гадоў установа застаецца цэнтрам культурнага жыцця і дорыць чытачам знаёмства з цікавымі кнігамі, свежымі нумарамі газет і часопісаў, а галоўнае, са шчырымі людзьмі, якія жывуць у Гальшанах і ваколіцах. У доме кнігі заўсёды ветлівыя бібліятэкары параяць пачытаць штосьці цікавае, падтрымаюць добрым словам і выслухаюць чужыя праблемы і клопаты…

Бібліятэка (дакладней хата-чытальня) ў Гальшанах была адкрыта ў кастрычніку 1939 года ў доме былога войта. У той час установа вяла актыўную грамадскую і культурную работу. Кожны вечар тут збіралася больш за пяцьдзясят чалавек, каб пачытаць газеты, паслухаць фартэпіянныя мелодыі і радыё. Падчас вайны вясковая бібліятэка спыніла сваё існаванне, але пасля вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх за­хопнікаў ізноў пачала радаваць сваіх чытачоў. Праўда, размясцілася яна ў яўрэйскім доме каля гандлёвай плошчы, а ўвесь бібліятэчны фонд заняў толькі адну шафу.

У 1948 годзе для гальшанцаў адчыніла дзверы сельская бібліятэка пад кіраўніцтвам Марыі Аляксандраўны Піваварчук. Апантаны спецыяліст аддала працы ў храме кнігі больш за сорак гадоў. За гэты час павялічыўся кніжны фонд і колькасць чытачоў, усталяваліся новыя формы і метады работы. У арсенале ўстановы і яе загадчыцы, заслужанага работніка культуры БССР Марыі Піваварчук было мноства грамат і дыпломаў, а ў 1962 годзе Гальшанская сельская бібліятэка стала лепшай у рэспубліцы. Праз пяць гадоў бібліятэка “пераехала” на вуліцу Замкавую, менавіта ў той час сюды прыехала малады спецыяліст, таленавіты бібліятэкар і неабыякавая асоба Валянціна Сцяпанаўна Лабуніна. У 1969 годзе для маленькіх гальшанцаў адчыніла свае дзверы дзіцячая бібліятэка, загадчыцай якой і стала Валянціна Сцяпанаўна. За дзесяцігоддзі яе працы бібліятэка істотна памянялася: вырасла колькасць чытачоў і павялічыўся кніжны фонд, на базе ўстановы дзейнічала агітбрыгада, літаратурныя клубы “Прамень” і “Ліра”, драматычнае аб’яднанне, працаваў шахматны клуб. Нават на заслужаным адпачынку Валянціна Лабуніна застаецца сябрам і дарадцам роднай бібліятэкі.

—  Кніга ў маім жыцці заўсёды іграла вялікую ролю, — расказвае Валянціна Сцяпанаўна. —  У першыя дні я, малады нявопытны спецыяліст, пазнаёмілася з загадчыцай бібліятэкі Марыяй Піваварчук. Дзякуючы ёй, будынак напоўніўся фарбамі, і адразу стала цёпла, утульна і цікава. З таго часу мы сталі сябрамі, падтрымлівалі адна адну.

Цёплым словам Валянціна Сцяпанаўна ўспомніла і сваіх калег Вольгу Місюкевіч, Галіну Місюкевіч, Аляксандру Мажэрыну, Ганну Бацян і Нэлу Шаховіч, а таксама падзякавала ўсім тым, хто працягваў яе справу. На доўгую памяць яна падарыла альбом гісторыі бібліятэкі, у якім засталіся вольныя старонкі для новых падзей.

Гальшанская бібліятэка не раз мяняла месца прапіскі і толькі ў 2006 годзе аб’ядналася з дзіцячай бібліятэкай і размясцілася ў будынку сельвыканкама. Дзякуючы намаганням былых загадчыкаў установы Ліліі Рагінскай і Алёны Юневіч  пры бібліятэцы і зараз дзейнічае музей Дугі Струвэ. З моманту адкрыцця яго наведалі некалькі тысяч чалавек. Сярод наведвальнікаў быў і нашчадак Вільгельма Струвэ са Швецыі.

На працягу года старанна працягвае справу былых бібліятэкараў загадчыца ўстановы Таццяна Уладзіміраўна Іванова. Заўсёды ветлівая і ўважлівая, яна лёгка знаходзіць агульную мову з кожным чытачом, ведае, чым яго зацікавіць, што параіць пачытаць. А ў бібліятэцы ніколі не змаўкаюць галасы дзяцей і дарослых, якія стараюцца знайсці час і зайсці па чарговую кнігу ці часопіс,  наведаць мерапрыемства, якое ладзяць бібліятэкары.

Падчас свята загадчыца ўспомніла гісторыю ўстановы і тых, хто ўсё жыццё прысвяціў бібліятэцы і служэнню кнізе. Сярод апантаных бібліятэкараў — Ніна Кунцэвіч, Галіна Кавалёнак, Рэгіна Сабалеўская, Наталля Максімава, Лілія Рагінская, Антаніна Лінга, Жанна Рыжык, Нэла Шаховіч, Ліліт Барсегян, Алёна Юневіч, Марыя Місевіч.

У гэты цудоўны дзень павіншаваць любімую бібліятэку прыйшлі пастаянныя чытачы, былыя супрацоўнікі і шматлікія сябры. Чытальная зала ледзь змясціла ўсіх жадаючых падзякаваць тым, хто працаваў дзясяткі гадоў на кніжнай ніве. Падчас свята ў актавай зале можна было ўбачыць аматараў чытання, пастаянных наведвальнікаў мерапрыемстваў і сяброў бібліятэкі – Чаславу Акулевіч, Веру Скадораву, Яніну Корзун, Тамару Вярсоцкую, Тамару Карповіч і іншых.  Жанчыны заўсёды спяшаюцца сюды, каб не толькі ўзяць чарговае выданне, але і абмеркаваць хвалюючыя пытанні і сустрэцца з сябрамі. Дарэчы, у лістападзе свой васьмідзясяты юбілей адзначыла сябра бібліятэкі Марыя Ягораўна Селядцова. На памяць аб юбілейнай даце яна ўручыла бібліятэкарам цёплыя рукавіцы, якія звязала сама.

Васьмідзясяты юбілей сельскай бібліятэкі быў напоўнены цёплымі ўсмешкамі, добрымі віншаваннямі і шчырымі ўспамінамі намесніка стар­шыні аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Валянціны Александровіч і старшыні сельскага Савета Войцеха Коўзана, а таксама былых бібліятэкараў, чытачоў і калег.

— Гальшанская бібліятэка заўсёды была і застаецца лідарам сярод бібліятэк Ашмяншчыны, — адзначае дырэктар цэнтральнай раённай бібліятэкі Марына Белавус. – Сапраўды, пачынаючы з таго часу, калі тут працавалі Марыя Піваварчук і Валянціна Лабуніна, бібліятэка заўсёды ўтрымлівала пазіцыі самай лепшай установы вобласці і рэспублікі. Перамогі ў шматлікіх рэспубліканскіх конкурсах гэта пад­крэслівалі. Увогуле, кожны з супрацоўнікаў зрабіў свой унёсак ў  дасягненні, якімі зараз валодае і ганарыцца сельская бібліятэка.

Госці прымалі музычныя падарункі ад выхаванцаў Гальшанскай дзіцячай школы мастацтваў – ансамбля “Мелодыка”, Любові Шчарбаковай і ўдзельнікаў дзіцячай вакальнай групы “Рамонак” аддзела культуры і вольнага часу аграгарадка Гальшаны. Вучні сярэдняй школы расказалі, кім мараць стаць, а пасля атрымалі запрашэнне ад бібліятэкараў прысвяціць сваё жыццё бібліятэчнай справе.

…Васьмідзясятае юбі­лей­нае свята цікавай і змястоўнай старонкай ужо ўпісана ў летапіс сельскай бібліятэкі, а наперадзе – шмат новых праектаў і ідэй, сустрэч з чытачамі, яркіх мерапрыемстваў, але ў паўсядзённым жыцці адно застаецца нязменным – штодзён­нае далучэнне маленькіх і дарослых гальшанцаў да кніжных скарбаў.

Бібліятэка выказвае па­дзя­ку старшыні КСУП “Гальшаны” Мікалаю Праў­ко і індывідуальнаму прад­прымальніку Уладзіміру Траццяку за спонсарскую дапамогу ў арганізацыі і правядзенні юбілейнага мерапрыемства.

Кацярына РУДЗІК.

Фота

Святланы МУЦЯНСКАЙ.

 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *