Адвэнт, Пастэрка і Вігілія. Напярэдадні Свята Божага Нараджэння пагаварылі з ксяндзом-пробашчам касцёла Святога Міхаіла Арханёла

Культура

Божае Нараджэнне – шчырае сямейнае свята, час згадаць добрым словам родных і блізкіх. Традыцыйна ў дваццаць чацвёрты снежаньскі дзень у бацькоўскім доме за засланым белым абрусам сталом уся сям’я збіраецца на вігілійную вячэру, каб сустрэць Збаўцу, які, як і дзве тысячы гадоў таму, прыйдзе на зямлю і прынясе з сабой надзею тым, хто яе даўно страціў; падорыць веру там, дзе даўно пануе бязвер’е; нібы збожжа, пасее ў людскіх сэрцах любоў.

Як толькі на небе зазіхаціць першая зорка, уся сям’я збіраецца за сталом. Памаліўшыся, яны дзеляцца аплаткай і гавораць важныя пажаданні. Пасля гэтага пачынаецца вігілійная вячэра з дванаццаццю поснымі стравамі. На стале застанецца адно вольнае месца для нечаканага госця як успамін аб тым, каго няма побач. Пасля вячэры ўсе разам спяваюць калядныя песні і ідуць на святую імшу. Яна называецца Пастэрка (ад лацінскага слова pastor  — ‘пастух’), бо першымі людзьмі, якім анёлы абвясцілі цудоўную навіну пра нараджэнне Хрыста, былі віфлеемскія пастушкі.

Светламу Святу Божага Нараджэння папярэднічае Адвэнт, які яшчэ называюць часам радаснага чакання. Аб тым, як трэба перажываць гэты перыяд, якія традыцыі, звязаныя з Адвэнтам, існуюць у каталіцкім касцёле, і як адзначаюць Свята Божага Нараджэння святары, расказаў ксёндз-пробашч касцёла Святога Міхаіла Арханёла Ян Пузына.

— Айцец Ян, раскажыце, як свята Божага Нараджэння адзначалася ў Вашай сям’і?

— У нашай сям’і гэтага свята чакалі з нецярпеннем, асабліва мы з братам. Менавіта раніцай на Вігілію Божага Нараджэння дома заўсёды ставілі і разам упрыгожвалі елку, а маці рыхтавала посныя стравы на калядны стол… У гэты дзень тата часта да позняга вечара працаваў, мы чакалі яго і толькі тады сядалі за святочна ўпрыгожаны стол.

У тыя часы чамусьці не было імшы ўночы, таму мы ішлі ў касцёл на наступны дзень. А падлеткамі ўжо выбіраліся на Пастэрку.

— Як сустракаюць урачыстасць Божага Нараджэння святары?

— Так, як і звычайныя людзі. Гаспадыні рыхтуюць вігілійны стол. Мы разам са сваёй святарскай сям’ёй вячэраем, спяваем калядкі і ідзём на Пастэрку, якая адбываецца апоўначы.

Падчас вялікага свята мае сэнс, каб людзі больш часу правялі са сваімі роднымі і блізкімі. Святары таксама стараюцца наведаць сваіх родных, падзяліцца аплаткай і раздзяліць з імі радасць свята.

— Святу папярэднічае Адвэнт, як каталікі павінны паводзіць сябе на працягу гэтых тыдняў?

— Адвэнт – для каталікоў час асаблівы. Гэта перыяд асабістых змаганняў, духоўнага ўдасканалення і змен у душы. На працягу чатырох тыдняў вернікі чакаюць нараджэння Пана Езуса, і гэта чаканне – радаснае, напоўненае дабрынёй і светлым прадчуваннем.

Некаторыя лічаць, што абавязкова толькі выконваць пост, але гэта не зусім так. Некаторыя разумеюць пост, як дыету, і проста абмяжоўваюць сябе ў ежы, а павінна быць інакш – чалавеку неабходна змяняцца духоўна і адчуваць гэтыя змены.

Неабходна заўважыць бліжняга і бескарысліва прыйсці да яго з дапамогай, як гэта рабіў Святы Мікалай. Праўда, мы часам, зрабіўшы нешта добрае, любім пахваліцца, але навошта!? Усё павінна ісці ад сэрца. Святы Мікалай, якога мы ўспамінаем падчас Адвэнту, з’яўляецца для нас прыкладам, як дапамагаць людзям, якія маюць у гэтым патрэбу і чакаюць падтрымкі – старэйшым, самотным, шматдзетным ці няпоўным сем’ям, хворым…

— Кажуць, што рэкалекцыі — гэта найлепшы час для роздуму над жыццём, слухання і малітвы…

— Рэкалекцыі – час не толькі слухання слова Божага, гэта важныя дні Адвэнту.  Гэтыя дні неабходна прысвяціць Пану Богу, знайсці  час і на асабістую малітву, і на святую імшу, і на споведзь, і на разважанне над словам Божым.

У парафію на тры дні запрашаецца святар з іншага касцёла, ён праводзіць святыя імшы, чытае пропаведзі, спавядае. Таму асабліва важна кожнаму верніку прыйсці ў касцёл і не адкладваць споведзь на апошнія дні перад святам. Канешне, цяжка ў кругазвароце дзён знайсці час, але мы і так заўсёды спяшаемся, скардзімся на тое, што нічога не паспяваем, таму Адвэнт – цудоўная магчымасць на некалькі дзён спыніцца, падумаць, убачыць, як мы жывём… Гэта цяжка, але магчыма.

Падчас Адвэнту таксама адпраўляецца імша да Маці Божай – Рараты. Гэтыя набажэнствы любяць і дарослыя, і дзеці, якія з самай раніцы перад школай і працай спяшаюцца ў касцёл. Святар выходзіць у белым арнаце, запальваецца вялікая свечка — раратка, якая і сімвалізуе Марыю. Мы з Марыяй чакаем нараджэння Пана Езуса. У касцёлах зроблена такая лесвіца, па якой Пан Езус быццам спускаецца да яслей – з кожным днём бліжэй і бліжэй.

Праз Адвэнт мы рыхтуемся да свята, але мы павінны пранесці чаканне праз сваё жыццё, а не забыцца аб гэтым, як выйдзем за дзверы касцёла. Адвэнт існуе для нас, а не для Пана Бога.

— Зразумела, што ні адна традыцыя не мае сэнсу без духоўнай падрыхтоўкі. Раскажыце, якія традыцыі пад­трымліваюцца ў касцёле?

— У кожным касцёле знаходзіцца бэтлеемская стаянка (яслі), якая нагадвае нам абставіны нараджэння Пана Езуса. Падчас Адвэнту фігуркі Дзіцяці ў яслях няма – яе мы ўбачым толькі на ўрачыстасці Божага Нараджэння. Таксама там прысутнічаюць фігуры Марыі, Юзафа, Трох мудрацоў і пастухоў. Гэтая дэкарацыя расказвае пра падзеі, якія адбыліся ў Бэтлееме больш за дзве тысячы гадоў таму. Традыцыя гэта даўняя, яе распаўсюдзіў Святы Францішак, таму адразу такія яслі ставілі ў францішсканскіх касцёлах, а пасля і ў іншых па ўсім свеце.

— Рэлігійныя традыцыі цесна пераплецены з народнымі. Тут варта ўспомніць калядаванне, варажбу, цяганне брамы. Як Вы да гэтага ставіцеся?

— Божае нараджэнне павінна несці радасць і пазітыўныя эмоцыі, калі можна так сказаць. Калі нехта робіць дрэннае ў гэты час, хоць плот здымае – гэта нядобрыя ўчынкі. Памятаю, як з бацькамі выбіраліся з дому ў касцёл, тата сам здымаў браму, каб пасля яе доўга не шукаць.

Трэба ўсё ж прыносіць сабе і людзям радасць, спакой і дабро. Я заклікаю не падтрымліваць дрэнныя ўчынкі і не называць іх традыцыямі ўвогуле. Дарэчы, можна знайсці шмат добрых звычаяў, звязаных са святам Божага Нараджэння. Канешне, можна стварыць групу і хадзіць калядаваць, але, паўтаруся, калі разам з калядоўшчыкамі вы будзеце несці толькі дабро і выдатны настрой.

— Колькі доўжыцца актава Божага Нараджэння?

— Божае Нараджэнне цягнецца восем дзён і заканчваецца ўключна Новым годам. Святкуючы актаву ўрачыстасці Божага Нараджэння, трэба памятаць, што яна адзначаецца як адзін святочны дзень. Гэта вялікая таямніца, якую мы павінны перажываць і адрасаваць свае пажаданні людзям не толькі 25 снежня, але і ў наступныя дні.

У гэты час важна не толькі раздзяліць свята з роднымі і блізкімі, але і наведаць людзей самотных і хворых, дапамагчы тым, хто гэтага патрабуе. Святочны час неабходна раздзяліць з суседам ці знаёмым, які застаўся адзін, запрасіць яго за вігілійны стол, падзяліцца аплаткай і перажыць разам радасць Божага Нараджэння. Дарэчы, мы заклікаем рабіць добрыя ўчынкі дзяцей і дарослых. У Адвэнт святары разам з дзецьмi  наведваюць хворых у бальніцы.

Памятаю, у дзяцінстве матуля заўсёды гаварыла, што гэтыя дні і вечары лічацца святымі, таму ў нашай сям’і стараліся перажываць гэтыя дні святочна, спявалі калядкі, не рабілі непатрэбнай працы. А я дзівіўся, як адзін святочны дзень цягнуўся восем дзён!

— Дзякуй за шчырую размову! З надыходзячым святам!

Кацярына РУДЗІК.

Фота Святланы МУЦЯНСКАЙ.

 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *