Футбол – у радасць. Як у Ашмянах працуе футбольная акадэмія Fair Play

Спорт

У поспехах вучня – заслуга настаўніка. І гэта не проста словы. За дасягненнямі знакамітых і вядомых людзей заўсёды стаяць настаўнікі. Гэта яны ўкладваюць сваю непамерную працу ў кожнага з нас, даюць не толькі пэўныя веды, але і выхоўваюць жыццёва неабходныя якасці. Часам нялёгка знайсці таго самага, свайго, настаўніка, які змог бы перадаць дзецям свае веды і навучыў рабіць складаныя рэчы лёгкімі, які павёў бы за сабой і якому змаглі б даверыцца і дзеці, і іх бацькі.

Менавіта на даверы будуе свае адносіны з дзецьмі Аляксандр Кушнер, трэнер і кіраўнік футбольнай акадэміі Fair Play, якая ўжо 7 гадоў функцыянуе ў Ашмянах, 2 гады працуе ў суседнім з намі Астраўцы, а з кастрычніка 2019 г. — і ў Гомелі. У сваю «каманду» Аляксандр бярэ ўсіх, у каго ёсць жаданне займацца гэтым папулярным ва ўсім свеце гульнявым відам спорту.

-Аляксандр, прыміце віншаванні — чацвёра выхаванцаў футбольнай акадэміі Fair Play прайшлі адбор у філіял футбольнай акадэміі “Дынама-Брэст” і сталі яе першымі навучэнцамі! Як атрымалася дасягнуць такога выніку?

-Дасягнуць такога выніку атрымалася дзякуючы супольным намаганням трэнераў, бацькоў і, безумоўна, саміх дзяцей. Наш трэнерскі калектыў прыкладае ўсе сілы для таго, каб знайсці індывідуальны падыход да кожнага дзіцяці, каб зразумець іх сутнасць, а таксама матывацыю, каб дапамагчы раскрыцца іх футбольным здольнасцям. Але на вяршыні любога поспеху ў футболе стаіць перш за ўсё любоў да гэтага віда спорту. І наша асноўная задача — навучыць дзяцей любіць футбол, бо толькі праз шчырыя адносіны да футболу атрымаецца дасягнуць сваіх мэтаў і ўзняцца праз нейкі час на самую яго вяршыню! Ашмяны павінныя ведаць сваіх маленькіх герояў: гэта Максім Мацяйковіч (2008 г.н.), Аляксандр Клінцэвіч (2009 г.н.), Раман Ляжневіч (2009 г.н.) і Прохар Міцкевіч (2009 г.н.). Але самае складанае дзяцей чакае наперадзе. Неабходна давесці сваю гульнявую перавагу, каб узняцца вышэй па “футбольнай лесвіцы”.

— Аляксандр, у нас ёсць інфармацыя, што ваш выхаванец з Астравецкага філіяла Fair Play папоўніў шэрагі “ФК Мінск”?

— Так, сапраўды, Глеб Кумішча (2011 г.н.) стаў гульцом “ФК Мінск”. У сувязі з сямейнымі абставінамі яго бацькі вырашылі перабрацца ў Мінск. Каб працягнуць развівацца ў футболе, Глеб паспрабаваў прайсці адбор у “ФК Мінск”, і ў яго гэта атрымалася. Мы вельмі рады за Глеба, бо ён за вельмі кароткі час здолеў прыбавіць ва ўсіх гульнявых кампанентах, і, нягледзячы на зусім юны ўзрост, дэманструе высокі ўзровень гульні. Жадаем яму далейшага прагрэсу і поспехаў!

— Што вы можаце параіць бацькам, якія разважаюць над тым, у які від спорту аддаць сваё дзіця? Якія плюсы ў развіцці дзіцяці можа даць футбол?

— Незалежна ад нашых меркаванняў футбол, як гульня, быў, застаецца і заўсёды будзе спортам № 1 у свеце па запатрабаванасці і вядомасці. Гэта не толькі гульня, гэта наймацнейшы сацыяльны інструмент, выкарыстоўваючы які магчыма акцэнтавана ўплываць на шматлікія аспекты развіцця дзіцяці. Футбол дае магчымасць камунікаваць, вучыць выбудоўваць адносіны з усімі ўдзельнікамі гульні (супернікі, бацькі, трэнеры, суддзі). Футбол прывучае да адказнасці, бо ад тваіх дзеянняў на полі залежыць лёс кожнага канкрэтнага гульнявога эпізоду і гульні цалкам. Футбол дае магчымасць рухацца па сацыяльнай лесвіцы, бо на полі ўсе роўныя, і кожны мае аднолькавыя магчымасці сябе праявіць і пра сябе заявіць. Ну, і самае галоўнае – гульня ў футбол паляпшае здароўе!

— Што неабходна, каб запісаць дзіця ў футбольную акадэмію Fair Play?

-Дастаткова скантактаваць з намі (+375-29-6665484, www.fair-play.by), узяць даведку ва ўрача і наведаць пробную трэніроўку. Калі дзіцяці спадабаецца на гэтай трэніроўцы – яно залічана ў акадэмію!

Гутарыла Аліна САНЮК.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *