У Кальчунах у дзявяты раз прайшлі “Сустрэчы ў лістападзе”

Культура

Незаўважна падышоў да свайго завяршэння каляндарны год. Лістапад абтрос апошняе ўбранне і саступіў сваё месца снежню. Мала хто любіць гэтую пару года, бо яна не адорвае нас сонцам і добрым настроем, а, наадварот, цісне з усіх бакоў кароткімі светлавымі днямі і дэпрэсіўным настроем. І толькі ад самога чалавека залежыць, ці зможа ён справіцца з абрынутай на яго тугой і знайсці станоўчае і светлае ў шэрай будзённасці. Як варыянт – можна завітаць у Кальчунскую школу на традыцыйныя “Сустрэчы ў лістападзе”, дзе душэўнасць і цеплыня будуць суправаджаць вас на працягу цэлага дня і не дадуць засумаваць.

Міжнародная краязнаўчая гасцёўня на базе Кальчунскай школы ў дзявяты раз расчыніла дзверы для тых, хто жадае папоўніць свае веды пра жыццё і дзейнасць нашага славутага земляка — хіміка і біёлага, медыка, журналіста, педагога Енджэя Снядэцкага і сустрэцца з сябрамі і аднадумцамі з Беларусі, Польшчы, Літвы, пазнаёміцца з новымі цікавымі людзьмі, для якіх любіць і шанаваць свой край – не пустыя лозунгі, а штодзённая карпатлівая праца па ўвекавечанні славутых імён сваіх суайчыннікаў, пошуку і захаванню таго коду, які дазваляе нам звацца народам сваёй краіны.

Мажліва, гэта будзе суб’ектыўным меркаваннем, аднак я не згодна з высновай наконт незаменных людзей, якіх, маўляў, не бывае. Можа, яно і так, аднак каб не было сярод нас Таццяны Давідовіч — арганізатара і натхняльніка гісторыка-культурнага праекта «Сустрэчы ў лістападзе», наўрад ці быў бы ў Ашмянскім раёне адзіны ў свеце краязнаўчы музей Енджэя Снядэцкага, які жыве актыўным жыццём і штогод папаўняецца новымі экспанатамі і цікавымі звесткамі, звязанымі з дзейнасцю вучонага, якога лічаць сваім беларусы, літоўцы і палякі.

У гэтым годзе народнаму гісторыка-краязнаўчаму музею “Вучоны нашай зямлі” споўнілася 15 год. Ён не страціў да сябе цікавасці, а ўсё гэтак жа прыцягвае ў свае сховы зацікаўленых гісторыяй роднага краю людзей, аб’ядноўвае вакол сябе краязнаўцаў, студэнтаў і вучняў трох краін. Змянілася некалькі саставаў экскурсаводаў з аб’яднання па інтарэсах “ Сябры музейнай справы”, аднак і сёння ў невялікім па памеры пакойчыку музея не ўмяшчаюцца ўсе, хто завітвае на мерапрыемства, каб адчуць сябе часткай роднай зямлі, з якой мы знітаваны нябачнай, аднак надзейнай повяззю. Аб ёй не раз узгадваў класік беларускай літаратуры Ніл Гілевіч: “Гэтай повязі кроўнай, якой мы прывязаны да бацькоўскай зямлі, не парвуць, не растурзаюць аніякія буры-вятры непрыязныя – нашы сэрцы ад іх толькі больш загартуюцца!”.

Традыцыйна пачалося мерапрыемства ўшанаваннем памяці Енджэя Снядэцкага ў Гародніцкай капліцы — сямейнай усыпальніцы Снядэцкіх, дзе пахаваны сын вучонага Юзаф са сваёй жонкай Антанінай і двума сынамі — Юзафам і Генрыхам. Тут, у капліцы, якая з’яўляецца помнікам народнага драўлянага дойлідства, праводзіць урачыстае набажэнства ксёндз-пробашч касцёла Святога Міхала Арханёла Ян Пузына.

Пасля набажэнства ўсе накіроўваюцца да магілы Снядэцкага, каб ускласці кветкі і запаліць лампадкі, і яшчэ раз узгадаць імя чалавека, для якога наш край быў мілы сэрцу і ў якім ён пажадаў знайсці вечны спачын.

Размова пра вучонага працягваецца ў Кальчунскай школе. Спачатку падчас экскурсіі па музеі, затым — у актавай зале ўстановы адукацыі, дзе вядучая Таццяна Давідовіч называе прозвішчы шаноўных гасцей, хаця большасць з іх не мае патрэбы ў прадстаўленні, бо з’яўляецца пастаянным удзельнікам сустрэч: гэта начальнік упраўлення адукацыі Святлана Баркоўская, начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Кацярына Астрамовіч, метадыст па музеях і ахове гісторыка-культурнай спадчыны Сяргей Жылік, ксёндз Ян Пузына, дырэктар краязнаўчага музея імя Францішка Багушэвіча (з нядаўняга часу ўстанову узначаліла Алена Жасткова) з навуковым супрацоўнікам Святланай Чарняк, бібліятэкар мясцовай бібліятэкі Алена Шкелда, былы дырэктар школы Антон Шмукста, краязнавец Тамара Філіповіч…

З прывітальным словам да людзей, аб’яднаных імем нашага выбітнага земляка, звярнуліся дырэктар школы Яўген Навіцкі і начальнік упраўлення адукацыі Святлана Баркоўская, якая назвала мерапрыемства ў Кальчунах невыпадковым спатканнем сяброў, святам людзей, якія шануюць мінулае і робяць усё неабходнае, каб жыла памяць аб земляках.

Заўсёды з радасцю прыязджае ў вялікую (па сваім значэнні) школу на Ашмяншчыне дырэктар музея-галерэі Снядэцкіх-Балінскіх у Яшунах Казімеж Карпіч. На думку госця, менавіта Кальчунская школа стала тым астраўком, які носіць імя Енджэя Снядэцкага, і які змяшчае ў сваіх сценах усе нашы амбіцыі і мары.

Жаданы госць у Кальчунах стваральнік польскамоўнага сайта «Ашмяншчына» з горада Быдгошч Міхал Буткевіч. У гэты раз пан Міхал прывёз у дар музею арыгінальную карту Болтупскай сядзібы і выказаў пажаданне аднавіць збудаванне, звязанае з жыццём нашага земляка.

Усе шляхі прыводзяць не ў Рым, а да родных дарог, упэўнена Таццяна Ягораўна, таму невыпадкова на “сустрэчу ў лістападзе” была запрошана загадчык кафедры гісторыі і фізіялогіі медыцынскіх навук Познаньскага медыцынскага ўніверсітэта, прафесар Аніта Магоўска, якая зрабіла паведамленне аб ушанаванні імя Енджэя Снядэцкага на яго малой радзіме, у польскім Рыдлеве і Жніне. Пра вучня Енджэя Снядэцкага, прафесара Віленскага ўніверсітэта Іагана Фрыдрыха Вольфганга распавяла аспірант кафедры гісторыка-культурнай спадчыны Беларусі Рэспубліканскага інстытута вышэйшай школы Таццяна Заблоцкая. Навуковы супрацоўнік (ізноў жа адзінага ў свеце) музея Станіслава Манюшкі ў Смілавічах Ірына Вабішчэвіч у сваім паведамленні “звязала” постаць выбітнага дзеяча беларускай музычнай культуры Манюшкі з родам Снядэцкіх. Аказваецца, працуючы ў Вільні, ён сябраваў з сынам вучонага Юзафам і яго жонкай Антанінай з Сулістроўскіх. А ў Мінскім гарадскім тэатры, дырэктарам якога быў унук вучонага, таксама Юзаф, была пастаўлена першая беларуская камедыйная опера “Сялянка” на музыку Станіслава Манюшкі.

Нотку вытанчанага гумару ўнесла сваім выступленнем загадчык сектара бібліяграфіі аддзела навуковай інфармацыі бібліятэкі імя Урублеўскіх Літоўскай акадэміі навук Біруце Райлене, якая расказала аб сатырычных публікацыях Снядэцкага, прывёўшы прыклад з “газеткі” пасквіляў “Юраманія”, якую рэдагаваў вучоны.

Фінальным акордам краязнаўчага спаткання стала ўзнагароджанне актыўных удзельнікаў гасцёўні. Стылізаваныя кляновыя лісткі, як неад’емная частка Радзімы, якой так быў адданы Енджэй Снядэцкі, разляцеліся ў мясціны, дзе ён пакінуў свае думы і сэрца, пакінуў добрую памяць у выглядзе сваёй нястомнай працы. Паляцелі яны пад чароўную музыку стыпендыята Cпецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі — камернага аркестра Лідскага музычнага каледжа, якім кіруе Ларыса Рута. Выступленне творчага калектыву стала шыкоўным падарункам усім удзельнікам краязнаўчай гасцёўні.

Аліна САНЮК.

Фота Святланы МУЦЯНСКАЙ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *