Іх аб’яднала музыка. Сям’я Чаплінскіх

Культура

Гісторыя вядомай сям’і настаўнікаў Ашмянскай дзіцячай школы мастацтваў Віктара і Вольгі Чаплінскіх пачалася з раённага свята “Масленіца”. Іх назаўсёды звязалі музыка і творчасць.

Многім дзецям яны прывілі любоў да музыкі, але немагчыма падлічыць усе дыпломы, граматы і падзякі, якія за гады працы атрымалі іх вучні на рэгіянальных, рэспубліканскіх і міжнародных конкурсах. Педагогі не толькі вучаць чароўнаму дзяцей з вёсак і горада, але і самі выступаюць на сцэне.

“Хто на палігон, хто на стрэльбішча, а музыканты – за інструменты”

У васьмідзясятыя гады маленькі хлопчык Віктар Чаплінскі ўбачыў па тэлебачанні, як удзельнікі вакальна-інструментальных ансамбляў і замежных рок-гуртоў іграюць на клавітары (“наплечны сінтэзатар”). Юнак так зацікавіўся гэтым інструментам, ужо ўявіў, як выходзіць з ім на вялікую сцэну і жвава перабірае пальцамі па клавішах… Бацькі з захапленнем аднесліся да жадання сына і разам адправіліся ў музычную школу. З парога Віктар расказаў, як марыць навучыцца іграць на клавішным інструменце, настаўнікі развялі рукамі і сказалі, што трэба пачаць з фартэпіяна, а пасля ўжо адолее і той “заморскі” інструмент. Але, як кажуць, мара засталася марай:

— “Адпрацаваў” сем гадоў на фартэпіяна ў Ашмянскай музычнай школе, — расказвае Віктар Чаплінскі, — а на тым інструменце пайграць так і не давялося. Калі я скончыў музычную школу, яны выйшлі з моды.

У краіну музыкі ён адправіўся разам з таленавітымі выкладчыкамі Наталляй Будзіловіч і Мікалаем Розенбергам. З таго часу Віктар Ігнатавіч ні на хвіліну не развітваўся з музыкай, а ўпэўнена крочыў з ёй па жыцці і дзякуючы ёй сустрэў каханне. У арміі музыка таксама спатрэбілася, Віктар Чаплінскі нават смяецца, “хто на палігон, хто на стрэльбішча, а музыканты – за інструменты!”.

Напэўна, праўду кажуць, што талент перадаецца ў спадчыну. Бабуля Віктара Рэгіна мела чароўны і мілагучны голас, яна змагла перадаць здольнасць да спеваў сваім дзецям, унукам і праўнукам. Стрыечныя браты Алег і Генадзь – удзельнікі народных калектываў. Бацька Ігнат і яго браты Вікенцій і Франц – вядомыя баяністы, без якіх не абыходзілася ні адно вяселле ці вясковыя танцы.

Прафесія настаўніка для Віктара была і прызваннем, і працягам сямейных традыцый. Як бацька і сваякі, Віктар Ігнатавіч на баяне іграць не вучыўся, але ў Гродзенскім каледжы мастацтваў чатыры гады асвойваў акардэон. Пасля службы малады спецыяліст вярнуўся на Ашмяншчыну. Першым працоўным месцам стаў раённы Дом культуры. Маладога музыканта заўважыла дырэктар школы мастацтваў Жанна Мажэйка, якая шукала акампаніятара. На працягу года музыкант сумяшчаў працу ва ўстанове адукацыі і Доме культуры, а пасля перайшоў у школу мастацтваў, каб выкладаць дзецям ігру на фартэпіяна.

Першыя “Званочкі”

— Маё музычнае жыццё пачалося са “Званочкаў” – узорнага ансамбля песні і танца СШ №1, — дзеліцца Вольга Чаплінская. — На чарговай абароне салістку “Званочкаў” заўважылі прадстаўнікі Гродзенскага метадычнага цэнтра. Хоць у мяне і не было адпаведнай музычнай падрыхтоўкі, мне прапанавалі працягваць навучанне ў абласным цэнтры.

Пасля паступлення ў Гродзенскі музычны каледж Вольгу адразу прынялі ў калектыў “Гарадніца” Гродзенскага метадычнага цэнтра, дзе яна выходзіла на сцэну разам з прафесіянальнымі музыкантамі. Вольга Францаўна прызнаецца, што прафесію выбрала толькі дзякуючы “Званочкам”, Веры Іванаўне і Мікалаю Паўлавічу Федарэнкам, якія і прывілі дзяўчыне любоў да народных спеваў.

— Мая бабуля па матулінай лініі таксама спявала, — успамінае Вольга Францаўна. — З дзяцінства запомніўся яе голас. Маці працавала настаўніцай у СШ №1, але паспявала займацца і самадзейнасцю, была ўдзельніцай вакальнай групы ў Будзёнаўскім сельскім клубе, а да нядаўнага часу разам з дзецьмі ўдзельнічала ў тэатральных пастаноўках.

Дачка таксама не адставала ад маці, таму маленькая Вольга з пачатковых класаў прымала ўдзел ва ўсіх школьных мерапрыемствах і святах, займалася вакалам і творчасцю. А іх навагодні дуэт з матуляй, дзе яны былі Дзедам Марозам і Снягуркай, у навучальнай установе памятаюць і цяпер.

“На размеркаванне чакалі 12 гадоў”

Пасля навучання Вольга Чаплінская вярнулася на Ашмяншчыну. У горадзе больш за дзесяць гадоў чакалі спецыяліста менавіта са свайго раёна – хормайстра для народнага ансамбля песні і танца “Крыніцы”. Вользе прапанавалі застацца ў ансамблі “Белыя Росы” ў Гродне, але лёсам было наканавана інакш… Абставіны склаліся так, што яна вярнулася на радзіму, знайшла работу па душы і стварыла сям’ю.

— У студзені да нас на працу ў Дом культуры прыйшоў статны малады чалавек Віктар Чаплінскі, — успамінае Вольга Францаўна. – Памятаю, пасля рэпетыцыі, напярэдадні свята ўсіх закаханых, ён падвозіў дадому, але букет, які ляжаў у машыне, тады быў яшчэ не мне.

…З першых дзён адкрыцця музычных класаў у вёсцы Мураваная Ашмянка тут працуюць Віктар і Вольга Чаплінскія. У дзіцячай школе мастацтваў іх сустрэлі з радасцю і прынялі ў сваю дружную сям’ю. Выкладчыкі з удзячнасцю ўспамінаюць сваіх калег, з якімі пазнавалі веліч мастацтва. І вось на працягу амаль двух дзясяткаў гадоў дапамагаюць дакрануцца да чароўнага свету музыкі пачынаючым спевакам і піяністам ва ўтульных класах, якія ім прадаставілі ў сярэдняй школе.

Сёння выкладчыкі з цеплынёй успамінаюць сваіх вучняў – нядаўніх вы­пускнікоў. Педагогаў радуе, што многія з іх звязалі сваё жыццё з музыкай. За добрасумленныя адносіны да працы, вернасць выбранай прафесіі, за іх творчую працу і прафесіяналізм Вольга і Віктар Чаплінскія ўзнагароджаны граматамі, дыпломамі і падзякамі. Але яны шчыра прызнаюцца, што такіх поспехаў не было б без падтрымкі і дапамогі апантанага дырэктара школы Жанны Мажэйка.

Школу наведваюць дзеці не толькі з Мураванай Ашмянкі, але і з суседніх вёсак, таму было вырашана адкрыць музычныя класы і ў вёсцы Цудзенішкі. Настаўнікі з гонарам расказваюць аб сваіх вучнях, у кожным з іх яны бачаць цікавую і неардынарную асобу. Загадчык музычных класаў Вольга Францаўна ўпэўнена, што для чалавека вельмі важна займацца тым, што падабаецца, і да чаго ляжыць душа. Ёй у гэтым пашанцавала.

Бацькі выхаванцаў таксама прымаюць непасрэдны ўдзел у іх навучанні, бо без іх падтрымкі нічога не атрымалася б. Настаўнікі Чаплінскія заўсёды падтрымліваюць сваіх вучняў, а, калі трэба, то і ахвяруюць сваім часам, выхаднымі і святочнымі днямі.

Не адстаюць настаўнікі Вольга і Віктар Чаплінскія і ад сваіх вучняў — выступаюць у народных калектывах. Ансамбль народнай песні і танца “Крыніцы”, якім кіруе Вольга Чаплінская, з’яўляецца частым госцем на святах рознага ўзроўню. І цяпер у таленавітых выкладчыкаў наперадзе шмат выступленняў, да якіх яны натхнёна рыхтуюцца.

Таленавіты выкладчык, адказная і патрабавальная асоба, Вольга Францаўна ні на хвіліну не задумвалася аб другой прафесіі ці другім месцы працы. З усмешкай на твары яна расказвае аб сваёй школе, таленавітых выхаванцах і выпускніках, якія ўжо знайшлі сваё прызванне ў жыцці. Нават будучыя ўрачы і эканамісты выступаюць у калектывах сваіх навучальных устаноў. Не забываюць настаўніцу, мудрую дарадцу і сяброўку былыя вучні, якія, прыязджаючы ў Мураваную Ашмянку, абавязкова наведваюць Вольгу Францаўну, а калі не паспяваюць, то дасылаюць ліст ці пакідаюць “пасланне” на школьнай дошцы.

Дуэт на працы і ў жыцці

— Я лічу сябе шчаслівым чалавекам, бо калі ёсць сям’я і любімая праца, то больш нічога і не трэба, — расказвае Вольга Францаўна.

Вольга і Віктар Чаплінскія ўпэўнены, што трэба любіць і паважаць адзін аднаго. Не складана быць ні бацькамі, ні мужам з жонкай, ні настаўнікамі. Галоўнае – да ўсяго ставіцца з любоўю. А ў любові, крэатыўных ідэях, запале і творчай энергіі Чаплінскім не адкажаш! Яны разам дома, на працы і на сцэне. Дома, напрыклад, ніхто не раздзяляе абавязкі на мужчынскія і жаночыя – Віктар Ігнатавіч падтрымлівае жонку ў хатніх клопатах. Не адстаюць ад бацькі і сыны – васьмікласнік Уладзіслаў і пяцікласнік Іван.

Хоць інтарэсы ў хлопчыкаў розныя – Уладзіславу падабаецца архітэктура і будоўля, а Івану – дакладныя навукі, — яны стараюцца займацца выяўленчым мастацтвам і музыкай. Уладзіслаў ужо чатыры гады прысвяціў выяўленчаму мастацтву, а Іван трэніруецца ў футбольнай академіі Fair Play. Бацькі дапамагаюць дзецям рыхтавацца да конкурсаў, навукова-практычных канферэнцый, фотаконкурсаў і алімпіяд. Неаднаразова званне “вучань года” ў СШ №1 атрымлівалі браты Чаплінскія.

Традыцыйныя сямейныя застоллі ў Чаплінскіх таксама праходзяць весела. Дзед Ігнат заўсёды бярэ баян і дазваляе малодшым націскаць на кнопкі, а падчас адпачынку на лецішчы любіць спяваць песні. “Гушкаюцца дзеці на арэлях — ён спявае “Крылатые качели”, косяць траву – спявае “Касіў Ясь канюшыну”, — смяецца Вольга Францаўна. У арсенале дзядулі дзясяткі песень, якія ён час ад часу ўспамінае і выконвае разам з дзецьмі і ўнукамі…

Хоць вольнага часу ў Чаплінскіх нават у выхадныя дні застаецца няшмат, Вольга Францаўна любіць пагартаць старонкі любімых кніг, у нядзелю з дзецьмі і мужам ходзяць у касцёл, а дома любяць разам гатаваць смачнае печыва і арганізоўваць сямейныя прагляды гістарычных і ваенных фільмаў.

Ёсць у дружнай сям’і Чаплінскіх яшчэ адна цудоўная традыцыя, якую блізкія заўсёды чакаюць з нецярпеннем. 9 мая яны адпраўляюцца на могілкі ў Гальшаны, дзе пахаваны прадзед Іван Чаплінскі, каб ушанаваць яго памяць і прычапіць да каменя, у якім назаўсёды застыў твар героя, традыцыйную стужку Перамогі. Пасля сям’я адпраўляецца ў  вёску Малыя Вайшнарышкі, каб успомніць прадзеда і сваё вясковае бесклапотнае дзяцінства.

— Сям’я – штодзённая праца, якая павінна прыносіць радасць, — дзеліцца Вольга Чаплінская. — Не трэба ставіцца да яе як да чарнавіка нотнага дыктанта – не атрымаецца – у наступны раз будзе лепш. Не будзе, трэба жыць цяпер…

Кацярына РУДЗІК.

Фота Святланы МУЦЯНСКАЙ і з асабістага архіва Вольгі ЧАПЛІНСКАЙ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *