Творчая гасцёўня «Гісторыя. Сучаснасць. Памяць…» прайшла ў Ашмянскім краязнаўчым музеі

Культура

Творчая гасцёўня «Гісторыя. Сучаснасць. Памяць…», якая прайшла ў Ашмянскім краязнаўчым музеі імя Ф. Багушэвіча, сабрала аднадумцаў, сяброў, калегаў. Так ці інакш іх аб’яднала некалькі нагод: 80-годдзе раённай газеты, 95-гадовы юбілей з дня нараджэння былога фотакарэспандэнта раёнкі Аляксандра Радзішэўскага, 85 год з дня нараджэння былога рэдактара газеты Юрыя Нікалаева і 80 гадоў з дня нараджэння супрацоўніка рэдакцыі Аляксандра Каранеўскага.

…Прайшлі гады, але і сёння імя кожнага з іх трывала ўпісана ў гісторыю раённай газеты, а значыць, і ўсёй Ашмяншчыны. Юрый Іванавіч Нікалаеў на працягу трох з паловай дзесяцігоддзяў рэдагаваў газету, пісаў пра людзей і іх клопаты, вучыў маладых калег-журналістаў і заўсёды заставаўся сабой – тактоўным, сціплым чалавекам з параненым вайной лёсам. Яго талент быў уганараваны шэрагам званняў – “Залатое пяро”, “Заслужаны журналіст Рэспублікі Беларусь”, Ганаровы грамадзянін горада Ашмяны…

Фотаздымкі Аляксандра Аляксандравіча Радзішэўскага да сённяшніх дзён захоўваюцца ў сямейных архівах многіх ашмянцаў, упрыгожваюць стэнды краязнаўчага музея і сведчаць пра тое, што зроблены яны сапраўдным майстрам, на якога смела могуць раўняцца і сучасныя фотакарэспандэнты. Трапныя ракурсы, непадробныя эмоцыі і незвычайны ўнутраны свет герояў адрозніваюць работы Радзішэўскага, які ўмеў злавіць момант. У яго заўсёды з сабой быў фотаапарат і стандартны набор – расчоска, мыла, ручнік, вада. Аляксандр Аляксандравіч ведаў, што ў палявых умовах механізатару часта не да марафету, а так хацелася, каб здымкі былі бездакорныя.

Доўгі час працаваў у раёнцы і Аляксандр Рыгоравіч Каранеўскі, прызваннем якога была гісторыя. Пасля сябе ён пакінуў грунтоўную працу – кнігу-хроніку “Памяць. Ашмянскі раён”. Сабраная па драбніцах, выпешчаная аўтарам, яна стала сапраўдным летапісам жыцця раёна. Засталіся і шматлікія нататкі Аляксандра Рыгоравіча, яго ўспаміны, якія беражліва захоўваюць прадаўжальнікі гісторыка – дачка Ларыса і ўнучка Кацярына, якія працуюць настаўнікамі гісторыі.

Аб гэтым і многім другім з жыцця калегаў і раённай газеты расказалі падчас сустрэчы галоўны рэдактар “Ашмянскага весніка” Людміла Рыбік і загадчык аддзела сельскага жыцця газеты Ганна Давідовіч. З нагоды юбілейных дат Людміла Рыбік перадала краязнаўчаму музею некалькі падшывак газеты, па якіх можна смела вывучаць гісторыю раёна.

Сваімі шчырымі ўспамінамі падзяліўся з прысутнымі ветэран працы, былы супрацоўнік рэдакцыі Іван Канстанцінавіч Высоцкі, якога аб’ядналі з Юрыем Нікалаевым, Аляксандрам Радзішэўскім і Аляксандрам Каранеўскім журналісцкія сцежкі-дарожкі. Менавіта яны закладвалі традыцыі, якія працягваюцца ў раёнцы і зараз, менавіта яны вучылі моладзь прафесіяналізму і журналісцкай этыцы.

Словы ўдзячнасці за памяць аб дарагім чалавеку выказала і дачка Аляксандра Рыгоравіча Ларыса Ларыёнава.

Непасрэднае дачыненне да тэмы гасцёўні меў, лічы, кожны прысутны, бо ў светлай утульнай зале сабраліся настаўнікі гісторыі, журналісты, людзі, для якіх гісторыя роднай зямлі нешта большае, чым проста даты і падзеі.

Шмат цёплых слоў у адрас журналістаў прагучала і ад вядучых мерапрыемства – Святланы Чарняк і Таццяны Кіркоўскай. Дарэчы, навуковы супрацоўнік музея Святлана Чарняк пазнаёміла прысутных з гісторыяй узнікнення першай газеты і коратка спынілася на гісторыі раёнкі, якую ў пачатку 2000-х так дасціпна падаў у сваёй кнізе “На хвалі часу, у плыні жыцця” Юрый Нікалаеў.

Прыемным падарункам для ўдзельнікаў гасцёўні сталі музычныя нумары ў выкананні выхаванцаў і настаўнікаў Ашмянскай дзіцячай школы мастацтваў.

Людміла ВЕРАС.

Фота

Святланы МУЦЯНСКАЙ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *