На пагранічнай заставе «Каменны Лог» прайшла сустрэча з паэтамі

Культура

Сустрэча з майстрамі паэтычнага слова для ваеннаслужачых тэрміновай службы пагранічнай заставы “Каменны Лог” — падзея неардынарная. Не так часта ім прыходзіцца бачыцца з людзьмі, для якіх паэзія стала сэнсам жыцця, захапленнем, глытком свежага паветра і верай, якімі яны шчыра дзеляцца з людзьмі на працягу не аднаго дзесяцігоддзя.

Вайсковыя будні не вельмі багатыя на падзеі. Служба заўжды была і будзе на першым месцы. Таму чарговы выхадны, на жаль, атрымалі не ўсе. Каб граніца была ў пэўным сэнсе гэтага слова “на замку”, камусьці прыйшлося несці варту, не зважаючы на нядзелю. Аднак той, хто застаўся на заставе, з цікавасцю прыйшоў на сустрэчу.

-Моладзь трэба развіваць, узбагачаць іх унутраны свет, — адзначыў намеснік начальніка пагранічнай заставы па ідэалагічнай рабоце Уладзімір Гузнічак.- Ажыццяўляем мы гэты накірунак праз розныя формы работы, самастойна і сумесна з установамі культуры і адукацыі. А вось у гэты раз вырашылі запрасіць у госці мясцовых аўтараў, удзельнікаў літаратурнага аб’яднання пры раённай газеце “Ашмянскі веснік”.

На сустрэчу з пагранічнікамі прыйшлі Валянціна Ліштван, Яўген Куст, Тарэса Адашкевіч і Ядвіга Чаплінская. Знаёмства пачалося з невялікага ўступу-аповеду пра сябе і адказу на, бадай, рытарычнае пытанне: “Из какого сора растут стихи не ведая стыда?” Здаецца, і пытанне лёгкае, якое не патрабуе нават адказу, аднак паспрабуй, растлумач, як нараджаюцца гэтыя стройныя радкі, што затым ланцужком кладуцца на паперу!

Творчая сустрэча не была акрэслена адзінай тэматыкай. Грамадзянская лірыка, інтымная, пейзажная, гумарыстычныя вершы і глыбокія разважанні на злабадзённыя падзеі – усе гэтыя паэтычныя пачуцці былі да месца ў восеньскі ціхі дзень. Яўген Куст узгадаў Чарнобыльскую трагедыю, якая і праз 30 год не дае аб сабе забыць. Шчымлівыя паэтычныя радкі, пранізаныя любоўю да самага роднага на Зямлі чалавека, згадалі ўсім, хто быў на мерапрыемстве, любы вобраз матулі, які заўсёды жыве з намі і не страчваецца, не сціраецца з памяці з гадамі.

Для Валянціны Ліштван тэма вайсковай службы вельмі блізкая, бо яшчэ свежыя ўспаміны пра тэрміновую службу сына, які не так даўно змяніў вайсковую форму на цывільную. Хваляванні пра сына не раз выліваліся ў паэтычныя радкі, якія яна і прачытала падчас сустрэчы.

Пра любоў да роднай старонкі чытала свае вершы Тарэса Адашкевіч. Даспадобы прыйшліся ўсім і яе байкі, у якіх яна высмейвае чалавечыя заганы. Ядзвіга Чаплінская ўзгадала час, калі слова “граніца” на Ашмяншчыне амаль не гучала. Аднак з распадам Савецкага Саюза яно змяніла лёсы многіх людзей, стаўшы сур’ёзнай перашкодай у зносінах паміж блізкімі людзьмі і краінамі-суседкамі. Гэтай падзеі ў нашай гісторыі аўтар прысвяціла верш “Вастрабрамскі касцёл”.

Ашмянскія творцы не толькі чыталі свае вершы, але звярнуліся да вайскоўцаў са шчырымі пажаданнямі берагчы і любіць сваіх родных і блізкіх, захоўваць родную мову, бо менавіта яна з’яўляецца той адметнасцю, якая вылучае нас у шэрагу іншых народаў. І, безумоўна, быць сапраўднымі абаронцамі Айчыны, выконваць грамадзянскі абавязак з годнасцю і гонарам за родны край.

Аліна САНЮК.

Фота аўтара.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *