У касцёл, на выбары і на канцэрт. У сельскіх выбаршчыкаў усё па распарадку

Главное

На Граўжышкоўскім выбарчым участку №30 з раніцы то ажыўленне, то цішыня. Першыя выбаршчыкі прыйшлі амаль адразу пасля адкрыцця ўчастка, каб выканаць свой грамадзянскі абавязак і паспець па асабістых справах. Вернікі ў нядзельную раніцу, зразумела, накіраваліся ў касцёл.

— Зараз імша скончыцца — зноў пойдуць на участак людзі, — адзначыла старшыня камісіі Тэрэса Булкевіч. — Шмат выбаршчыкаў нашага ўчастка прагаласавалі датэрмінова, аднак і сёння, па ўсім бачна, дзень будзе насычаным.

Быццам у пацвярджэнне слоў Тэрэсы Браніславаўны, пачалі ісці людзі. Вольга і Міхаіл Ланеўскія прыйшлі разам з сынам Яўгенам і ўнукам Данікам. Пакуль дарослыя аддавалі свае галасы за кандыдатаў, малец забаўляўся з паветраным шарыкам, які ўручылі хлопчыку на ўчастку.

— Мы заўсёды ходзім на выбары, — паведаміла Вольга Ланеўская, апусціўшы бюлетэнь у урну. — Гэта ж наш абавязак. Прычым заўсёды галасуем у асноўны дзень, падабаецца ўрачыстасць моманту.

Спецыяльныя падарункі чакалі сёння выбаршчыкаў, якія павінны галасаваць упершыню. Іх тут, як і вядзецца ў сельскай мясцовасці, добра ведаюць.

Асаблівы наплыў па традыцыі звязаны з культурнай праграмай, прымеркаванай да дня выбараў. У гэты раз, як паведаміла афіша ля ўваходу на выбарчы ўчастак, на канцэрт месцічаў запрашалі апоўдні. Праўда, гукі музыкі былі чутныя яшчэ раней — народны сямейны ансамбль «Граўжанцы» праводзіў апошнюю рэпетыцыю.

Людміла РЫБІК.

Фота Аляксандра НАУМЧЫКА.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *