Не месца ўпрыгожвае чалавека, а чалавек — месца. Кіраўнік “Жытніцы” Роза Яцуковіч

Культура

Не месца ўпрыгожвае чалавека, а чалавек — месца. Гэтыя словы больш за сорак год назад пачула Роза Яцуковіч ад работніцы аддзела культуры Ліліі Кузьменкі. Менавіта яна прывезла маладога спецыяліста, выпускніцу Гродзенскага культпрасветвучылішча, у Анжадава, каб пазнаёміць з першым месцам працы – мясцовым клубам.

Той клуб і зараз стаіць перад вачыма Розы Георгіеўны. Закінутая старэнькая хатка, нават дзе-нідзе з павыбіванымі шыбінамі, занядбаная, без прыкмет жыцця, выклікала такое расчараванне, што дзяўчына не стрымалася і заплакала. Усхваляваная, яна нават і не прыдала значэння словам, сказаным спецыялістам ад культуры, бо адчула сябе кінутай у гэтым беспрасветным, як ёй падалося, кутку Ашмянскага раёна, дабірацца да якога з райцэнтра праз лясы-пералескі прыходзілася цэлую гадзіну. Толькі праз гады дайшоў да Розы Георгіеўны глыбінны сэнс гэтай высновы. Яго яна нясе па жыцці як асноўны прынцып прафесійнай дзейнасці: з любоўю – у сэрцы, з цяплом – да людзей, з адданасцю – духоўнай спадчыне роднай старонкі.

Маленькая артыстка Роза

— Пакуль жывеш на гэтай зямлі, ніхто тваё прызначэнне за цябе не выканае, — прызнаецца Роза Яцуковіч. – Я не ўяўляю сябе ў іншай прафесіі. Безумоўна, работа часта стамляе, тым больш што прыходзіцца працаваць у выхадныя, у святы, вечарамі, калі ўсе людзі сядзяць па хатах, адпачываюць. Аднак калі прыязджаеш ў аддаленую вёску і бачыш шчырыя вочы людзей, чуеш ад іх няхай сабе і сціплыя, але такія цёплыя і душэўныя словы, то, не паверыце, вырастаюць крылы, аднекуль бяруцца сілы. Тады  ўсе праблемы адыходзяць,  атрымліваеш задавальненне, якое ні з чым не параўнаць.

Калі ёсць іскра ў душы, то з яе рана ці позна ўзгарыцца полымя. У Розы Яцуковіч такая іскра, бясспрэчна, была. Мама, Зінаіда Лявонцьеўна, мела цудоўны голас і заўсёды спявала. Не выпускаў гармонік з рук і бацька, Георгій Канстанцінавіч. Таму, нядзіўна, што і дачушкі, Роза і Ніна, з дзяцінства пацягнуліся да спеваў.

З мужам Тадэвушам Канстанцінавічам

— Нарадзілася я ў вёсцы Вялікая Дайнава, што на Валожыншчыне. Дзяцінства было як і ва ўсіх вясковых дзяцей: і дарослым дапамагалі, і сваволілі, з-за пастаяннай занятасці бацькоў займалі самі сябе. Неяк здарылася ў нашай Дайнаве бяда – пажар знішчыў амаль палову вёскі. Людзі перабудоўваліся, падпраўлялі, калі была магчымасць, сваё жытло,  электрыкі па новай ставілі слупы і цягнулі правады. Нягледзячы на няшчасце, людзі не апусцілі рук, прадаўжалі жыць і адраджаць вёску. Заўсёды побач з дарослымі круціліся і дзеці. Калі прыходзіў час на адпачынак, мы з сястрой станавіліся на вялікія калодкі і “давалі канцэрты”.  Бывала, што за песні аддзячвалі нам працаўнікі жменькай падушачак ці “ляндрынак”. Тады мы з Нінай гатовы былі спяваць цалюткі дзень, — засмяялася, успомніўшы той час, Роза Георгіеўна.

Розе хацелася стаць артысткай, і бацькі гэтаму не пярэчылі. Песня суправаджала яе ў школе, дзе Роза была і вядучай канцэртных праграм, і спявачкай. Магла яна пераўвасобіцца ў любога казачнага героя. Адмысловым была Дзедам Марозам на Новы год. Пасля і ў вучылішчы, куды яна паступіла на харавое аддзяленне, не сыходзіла са сцэны. Гродна яна выбрала таму, што ў абласны цэнтр нядорага і без асаблівых клопатаў можна было дабрацца па чыгунцы: з Валожына хадзілі ў гэтым накірунку цягнікі досыць часта.

Чаму Роза абрала пры размеркаванні Ашмянскі раён, застаецца загадкай. “Пэўна, ведала, што тут мяне чакае муж”, — усміхаецца яна ў адказ.

Чарнявая статная дзяўчына з прыгожым і рэдкім іменем Роза прыехала ў Ашмянскі раён у 1977 годзе. Падчас знаёмства кожнаму карцела запытацца, адкуль жа такое імя ў вясковага дзяўчо і дадумвалі розныя варыянты наконт таго, хто ж яе бацькі. Дзіўна, аднак адказ быў зусім просты. Як і многія беларусы, Зінаіда Лявонцьеўна і Георгій Канстанцінавіч у маладосці ездзілі на заробкі ў Карэлію. У пасёлку, дзе яны жылі, пошту разносіла маладая рухавая дзяўчынка Роза. Была яна адкрытай і шчырай, з усімі знаходзіла кантакт, таму ўсе яе любілі. Гледзячы на яе, бацька неяк сказаў: «Калі народзіцца дзяўчынка, назавём Розачкай”. Так яно і сталася.

Усяго толькі паўгода Роза Георгіеўна Яцуковіч “паднімала” культуру ў Анжадаве, а пасля перавялася працаваць у Кракоўку – загадчыцай Дома культуры. І прыкіпела да гэтага месца: да сельскага клуба і да мясцовых людзей.  Тут яна арганізоўвала і праводзіла мерапрыемствы таксама і для мясцовай гаспадаркі, якую ўзначальваў Іван Гіруць. Памочнікам у гэтых справах быў парторг калгаса Вітольд Грыц. За гэту работу ёй нават прыплочвалі грошы. Тут знайшла яна сваё сямейнае шчасце, пазнаёміўшыся на танцах з кракоўскім хлопцам Тадэвушам. Тут разам з мужам выгадавала сына Аляксандра і дачку Святлану, а цяпер цешыцца ўнукамі Макарам і Дамірам. Старэйшы Макар усур’ёз зацікавіўся каратэ, мае ўжо чорны пояс з залатой нашыўкай.

Тут яе дзіцячая мара – стаць артысткай – набыла сэнс і падмацавалася вопытам выканальніцкага і кіраўнічага майстэрства, павагай з боку ўлад раёна і мясцовых жыхароў. Яна яшчэ больш палюбіла народную песню – за шырыню гуку і магутнасць, за магчымасць прычыніцца да спадчыны сваіх дзядоў і прадзедаў. Створаны ў 1979 годзе пры Кракоўскім Доме культуры хор перарос у народны ансамбль народнай песні “Жытніца”. Калектыў за гэты час стаў дружнай творчай сям’ёй, якую цёпла прымалі ў Польшчы і  Літве, Украіне і  Расіі. І зараз ансамбль дае штомесяц па 15 канцэртаў. Геаграфія гастроляў калектыву самая розная – ад сталічнай сцэны — да выступленняў у аддаленых вёсках Жупранскага сельсавета і віншаванняў сельскіх юбіляраў. Дарэчы, гэтыя гледачы – самыя ўдзячныя і шчырыя, лічыць Роза Георгіеўна.

Так як творчы калектыў складаецца не толькі з работнікаў аддзела культуры і вольнага часу аграгарадка Кракоўка, то рэпетыцыі амаль заўсёды прыходзіцца ладзіць пасля працы. Аднак калі ў душы жыве песня, то і час на яе заўсёды знаходзіцца. Не могуць свайго жыцця ўявіць без музыкі і песень Аляксандр Пашкоўскі, Святлана Ганусевіч, Таццяна Чэрская, Таццяна Усачова, Марына Горыд, Валянціна і Эдуард Горыд, Наталля Лукашэвіч, Канстанцін Яраш, Віктар Аленскі. Любое мерапрыемства яны змогуць “выцягнуць”, любыя сход ці сустрэчу зрабіць яркім і адметным святам: так расчуліць гледачоў, што ў тых ажно слёзы на вачах выступяць ад замілавання, альбо завесці заліхвацкай песняй, каб захацелася кінуцца ў скокі і падпяваць шаноўным артыстам.

Больш чым саракагадовы досвед работы ў сферы культуры дазваляе Розе Георгіеўне Яцуковіч справіцца з любой задачай якасна і ў тэрмін, аднак адзін у полі – не воін, упэўнена яна. Таму з павагай і ўдзячнасцю ставіцца да сваіх памочнікаў і калег, прафесіяналаў сваёй справы Святланы Ганусевіч, Таццяны Чэрскай і Аляксандра Пашкоўскага.  У любой рабоце падставіць плячо тэхнічка Ганна Турноўская. У час свайго станаўлення такімі памочнікамі для яе былі Іван Барысенка, Міхаіл Казлоўскі, Валянціна Ліштван, Алена Калыбіна, Ала Бялушка (Лыскойць). Падтрымку і паразуменне адчувала яна заўсёды ад колішніх начальнікаў аддзела Галіны Балінскай і Людмілы Каханоўскай.

На аддадзеныя сферы культуры гады Роза Георгіеўна, як той сейбіт, што стаіць на ўскрайку поля, глядзіць са спакойным сумленнем. Усё яна зрабіла так, як падказвала сэрца, хаця часам і ва ўрон сям’і. Аднак родныя ніколі не ўпікнулі яе за недахоп увагі. Яны заўжды з павагай ставіліся і ставяцца да яе працы. Тадэвуш Канстанцінавіч, афіцэр міліцыі ў адстаўцы, сам звычайна не спявае, аднак вельмі любіць слухаць і сваю Розу, і яе калектыў. За гады сумеснага жыцця ён навучыўся адчуваць яе душэўны стан і выканальніцкія магчымасці, таму беспамылкова можа параіць ёй у рэпертуар новую песню. Менавіту такую, каб вырасталі крылы, каб да высокага жаночага голасу далучаліся галасы роднай зямлі, зліваліся ў адзін магутны паток і несліся на прастор.

Аліна САНЮК.

Фота Святланы МУЦЯНСКАЙ, Аляксандра НАУМЧЫКА і з сямейнага архіва.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *