Літаратурнае аб’яднанне пры рэдакцыі падвяло вынікі сваёй работы

Главное

Цікавая ўсё-такі катэгорыя  — час. Як бы ні намагаўся ён сцерці  з памяці нейкія моманты, замяніць іх новымі ўражаннямі, а атрымліваецца наадварот – яны ажываюць усё больш выразна  і абуджаюць нашу памяць. Асабліва яскрава гэта адчуваецца напрыканцы года, калі, падводзячы вынікі  чарговага адрэзку жыцця, мы гэтыя моманты ўзгадваем наноў, а разам з імі і людзей, бо само сабой зразумела, без іх удзелу нічога і быць не магло. Жыццё ж чалавека атулена не адно глыбінёй блакітнага неба, а і ахінута  парой неспадзяванымі сустрэчамі, раптоўнымі імгненнямі, сэнс  і глыбіню якіх мы ўсведамляем  значна пазней, праз гады. Аднак вось гэтыя, ледзь улоўныя хвіліны для нас, як паветра, як кісларод. Без іх немагчыма жыць, бо яны насычаны шчырасцю і глыбокім зместам, яны не штучныя, а самыя натуральныя – з глыбіні нашай душы.

Вось так і паэзія. Яе  існаванне  немагчыма растлумачыць. Гэта таямніца, “тайна сия велика есть”, як сказаў класік. Яна многіх прымушае брацца за пяро. На жаль, чытачам не заўсёды зразумела, чаму аўтар за гэта пяро ўзяўся. Пяро павінна быць лёгкім, як крыло анёла. Але ж  не кожнаму пад сілу пушкінская лёгкасць, да прыкладу. Аднак імкнуцца да гэтага трэба. Перапляценне слоў і рыфмы – гэта яшчэ не верш. Таму няхай выбачаюць мяне некаторыя нашы аўтары, якія даслалі ў рэдакцыю свае вершы і не ўбачылі іх на “Літаратурнай старонцы”.   Твор толькі тады закране душу, калі аўтар выступае  не як выразнік  сваіх асабістых пачуццяў і перажыванняў, а як даследчык і суддзя  свету і грамадства, як носьбіт  высокіх маральных прынцыпаў.  Вашы вершы падабаюцца вашым суседзям, родным, сябрам. Цудоўна, радуйце іх сваімі творамі. Пры гэтым памятайце, што нават геніяльныя паэты ў сваёй працы пералапачвалі “тысячи тонн словесной руды,  единого слова ради”. Больш чытайце паэтаў-класікаў, працуйце над рыфмай  і словам, думайце над зместам і формай.

Разам з тым прыемна адзначыць: кола нашых аўтараў пашыраецца. Літаратурнае аб’яднанне пры рэдакцыі налічвае  больш дваццаці апантаных і творчых людзей.  У гэтым годзе да паэтычнай  кагорты  далучылася ашмянка  Тамара Савіцкая, якая працуе лабарантам у цэнтры гігіены і эпідэміялогіі. Свае вершы яна прысвячае родным і блізкім  людзям, сваёй зямлі,  малой радзіме – Дзятлаўшчыне.  Больш актыўна  пачаў пісаць лірык Яўген Куст. Яго радкі, глыбокія і пранікнёныя, мне згадваюць паэзію  Леаніда Каркоткі, да якой я вельмі часта звяртаюся ў сваім жыцці. Балазе, ёсць у мяне яго зборнікі, падараваныя  Марыяй  Віктараўнай Каркотка. Ахоплівае жаль ад таго, што гэты сціплы і таленавіты  чалавек  заўчасна пайшоў з жыцця. Рана не стала і Анатоля Вішнеўскага, паэта, чые вершы з’яўляюцца для мяне ўзорам сапраўднай паэзіі. У гэтым годзе адкрыццём для мяне стала творчасць Рыгора Ваўчка.  Напісаныя больш дваццаці год вершы і байкі не страцілі сваёй актуальнасці і зараз. Тыя праблемы, якія ўзнімаў аўтар у сваіх вершах, на жаль, не вырашаны да гэтага часу. Дарэчы, пазнаёміцца з паэзіяй Рыгора Ваўчка можна ў  раённай дзіцячай  бібліятэцы.

На маёй кніжнай паліцы  знайшоў месца зборнік гумарэсак і баек  Эдварда Сяргея са станцыі Ашмяны  “На ашмянскай прызбе”, які пабачыў свет  у гэтым годзе. Вельмі рада за аўтара, за яго жаданне і імкненне працаваць над словам. Спадзяюся, што Эдвард і далей будзе радаваць нас сваёй творчасцю.

Падводзячы вынікі адыходзячага года, нельга пакінуць па-за ўвагай юбілей нашага шаноўнага паэта Пятра Шаколы. Свой 65-ты  дзень нараджэння ён сустрэў з важкім паэтычным  багажом, якім шчодра дзеліцца з чытачамі нашай газеты, а таксама са сваімі сябрам, роднымі, знаёмымі.  Яшчэ некалькі штрыхоў адыходзячага года. Удзельнікі літаратурнага аб’яднання  Ядзвіга Чаплінская і Яўген Куст сталі лаўрэатамі  абласнога паэтычнага  конкурсу “Поэзия – души движенье», прысвечанага  90-годдзю Беларускага прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі. Ганарымся сваімі калегамі і зычым ім новых адкрыццяў і прыхільнікаў.

Чарговая чэрвеньская сустрэча ашмянскіх паэтаў пазнаёміла мясцовых аўтараў з калегамі па паэтычным пяры са Смаргоні і Астраўца. А экскурсія па знакамітых мясцінах нашай зямлі, правесці якую дапамог краязнаўца Уладзімір Прыхач, натхніла паэтаў на новыя вершаваныя радкі.

На мінулым тыдні ў рэдакцыю даслаў пісьмо наш малады аўтар Андрэй Авадзюнь, які зараз служыць у войску ў Гродне. У сваім лісце ён выказвае падзяку за падтрымку і дапамогу ў імкненні спасцігнуць нязведаны паэтычны свет. Яго адкрытая і шчырая душа цягнецца да творчасці, паэзія напаўняе сэнсам  жыццё , а паэтычны сшытак – вершамі.

Сёння каляндар 2011 года страціць свой апошні лісток. І ўсіх нас ахіне сваім крылом казачнае свята пад назвай Новы год. А вы ведаеце, што ў гэтую ноч яднае  дзяцей, моладзь, мужчын і  жанчын? Не, не салата аліўе,  не лясная прыгажуня — ялінка і водар мандарынаў. Усіх у гэтую ноч яднае вера. Усе, як дзеці, спадзяюцца, што новы год будзе лепшы за мінулы. Вельмі хочацца, каб гэты год  быў шчодрым на здароўе, каб  радаваў нас прыемнымі навінамі і сустрэчамі, дарыў нам магчымасць тварыць і атрымліваць ад гэтага асалоду. Шчасця і яркіх фарбаў на ўвесь новы год, шаноўныя ўдзельнікі літаратурнага аб’яднання: Анатоль Кавалеўскі, Валянціна Васюкевіч, Галіна Даўгашэй, Тарэса Адашкевіч, Ігар Спірыдовіч, Людміла Яфімцава, Валянціна Ліштван, Яўген Куст, Яніна Гардзей, Ядзвіга Чаплінская, Алена Місюк, Пётр Шакола,  Генуэфа Кеўра, Рамуальда Ануфрыева, Наталля Грыгор’ева, Эдвард Сяргей, Тамара Савіцкая, Андрэй Авадзюнь, Ірына Ізбіцкая, Святлана Муха, Мікалай Розенберг, Мікалай Яўсееў,  Юрый Нікалаеў, Алена Лісоўская.

З павагай Аліна САНЮК, кіраўнік літаб’яднання пры рэдакцыі.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *