«За дзень праязджаю ад 100 да 180 кіламетраў». У Ашмянскім раёне працуе вадзіцель-паштальён

Імкліва бяжыць час, а з ім у нашым жыцці адбываюцца розныя змены. Адну з іх сёлета адчулі на сабе жыхары Ашмянскага раёна. У аддзяленні паштовай сувязі вёскі Доргішкі з’явіўся вадзіцель-паштальён.

Аксана Герман працуе тут ужо даўно, але за руль службовай “Лады” села толькі ў студзені гэтага года. Разам з новенькім аўто паштальён атрымала і адпаведны маршрут. «Залатое кальцо» Аксаны Віктараўны складаецца з 18 населеных пунктаў — гэта ў шэсць разоў больш, чым яна абслугоўвала пешшу. Доргішкі, Міхайлоўшчына, Семернікі, Чуркі, Пашкішкі, частка Граўжышкоўскай зоны… — усюды трэба паспець.

Вадзіцель-паштальён амаль нічым не адрозніваецца ад звычайнага паштальёна. Ён дастаўляе газеты, часопісы, пісьмы, паведамленні, паштовыя адпраўленні, выдае пенсіі, пераводы, прымае камунальныя плацяжы на даму. А яшчэ ён рэалізоўвае тавары штодзённага попыту. Акрамя «пошты», Аксана Віктараўна загружае ў сваю сінюю «ластаўку» камбікорм, муку, крупы, цукар, алей, розную слодыч, напоі, бытавую хімію, гаспадарчыя тавары. Вадзіцель-паштальён выконвае індывідуальныя заказы, і насельніцтва гэтай паслугай карыстаецца.

— Навошта ехаць у горад ці ісці ў краму, несці цяжкія торбы, калі ўсё неабходнае паштальён прывязе, з дастаўкай на дом, — справядліва адзначаюць вяскоўцы.

За дзень Аксана Віктараўна намотвае ад 100 да 180 кіламетра — усё залежыць ад колькасці газет, якія трэба даставіць чытачам, а таксама ад выплаты пенсій і пераводаў за малако. Па аўторках і пятніцах, калі выходзіць «Ашмянскі веснік», Аксану Герман чакаюць амаль 190 паштовых скрыняў.

Раёнка на вёсцы – самая папулярная газета, у многіх сем’ях яна – даўні сябар, якому пастаянныя чытачы не здраджваюць. Дзе ж яшчэ даведацца мясцовыя навіны, знайсці карысную інфармацыю, прачытаць пра чарговы юбілей аднавяскоўца?! Выпісваюць у Аксаны Віктараўны таксама “СБ”, “Друг пенсионера”, “Гродзенскую праўду”, розныя выданні з парадамі для гаспадынь.

— З кожным годам падпіска ідзе ўсё цяжэй, маладзейшыя людзі чытаюць навіны ў інтэрнэце, — адзначае Аксана Герман, — аднак яшчэ не было такога, каб даведзены план – а гэта 600 экзэмпляраў розных выданняў – я не выканала.

Дарэчы, вадзіцель-паштальён з Доргішак – перадавік і па рэалізацыі тавараў штодзённага попыту. Другі год запар па гэтым паказчыку яна займае першае месца ў вобласці. Праўда, дзеля такога выніку прыходзіцца папрацаваць. Тут ужо не да перапынкаў і не да адпачынку. Нават абед у паштальёна на калёсах.

— Зранку, атрымаўшы і рассарціраваўшы газеты, – цяпер ужо нават не падпісваю, і так ведаю, каму што трэба пакласці, — загрузіўшы тавар, прыхапіўшы пісьмы і пасылкі, — адпраўляюся ў дарогу. Акурат, як сёння, — расказвае Аксана Віктараўна па дарозе ў Семернікі.

Яе “Лада” паслушна лавіруе паміж калдобінамі – разумее, што за рулём вадзіцель з дванаццацігадовым стажам. Аксана Герман тым часам раз-пораз спыняе “ластаўку”, каб пакласці ў скрыню чарговую газету. А ў прамежках расказвае пра сваю працу, пра вяскоўцаў, кожнага з якіх яна ведае не толькі па імені, прозвішчы, але і “па бацьку”. Многія дзівяцца, як у паштальёнкі атрымалася так хутка запомніць адрасатаў з новай зоны. А Аксана Віктараўна адзначае, што асаблівага сакрэту няма – проста яна любіць сваю работу.

— Каб развезці ўсю карэспандэнцыю – у дзень гэта каля 400 газет і часопісаў, — выплаціць пенсію, выканаць індывідуальныя заказы людзей, прыходзіцца працаваць і да васьмі, і да дзевяці гадзін вечара, — прызнаецца Аксана Герман. – Я ведаю, што многія чакаюць паштальёна, як Бога. Адчуваю, як добра і шчыра ставяцца людзі. Стараюся не падмануць іх давер.

Па спецыяльнасці Аксана Віктараўна – бухгалтар, крыху працавала прадаўцом. Гэтыя навыкі дапамагаюць жанчыне і зараз. Яе не спалохала неабходнасць сесці за руль, сумясціць дзве прафесіі. Куды больш ведаў і адказнасці, упэўнена яна, патрабуе работа з людзьмі і грашыма. У гэтым пераканана і яе калега – начальнік аддзялення паштовай сувязі вёскі Доргішкі Валянціна Люткоўская.

Такі напружаны графік Аксана Герман сумяшчае і з абавязкамі гаспадыні. Яе ўвагі і клопату заўсёды чакаюць дзеці і, канешне, хатняя жыўнасць. Сваё дзясятае прафесійнае свята – Міжнародны дзень паштальёна – Аксана Віктараўна сустрэне “за баранкай”. Штотыдзень з аўторка па суботу пры любым надвор’і яе чакаюць у 18-і вёсках “залатога кальца”.

Людміла РЫБІК.

Фота

Аляксандра НАУМЧЫКА.

0
Стоит почитать:

Добавить комментарий

Авторизация
*
*
Регистрация
*
*
Номер телефона без знака «+», например «79876543210». На указанный номер будет выслан код подтверждения.

*

Генерация пароля