Чалавечнасць – важнейшы жыццёвы прадмет

Общество

Рака часу на ўсіх адна, аднак кожны плыве па ёй па-свойму: хтосьці ўпэўнена трымаецца на хвалях, пераадольваючы перашкоды і вятры, іншы ідзе на дно, хтосьці хапаецца за саломінку, з усіх сіл імкнецца ўсплыць, каб пасля яшчэ з большай сілай цаніць кожную пражытую хвіліну і тых, хто не дазволіў патануць у віры жыццёвых абставін і непрагляднага адчаю.

Не была спакойнай і прамой гэтая рака і ў Антона Пятровіча Шмуксты. Але пра звілістыя яе берагі ведаюць нямногія, бо ён ніколі не імкнуўся раскрыць перад людзьмі сваю душу, пазбягаў шкадавання і насіў свае перажыванні ў сабе. Для сваіх калег, знаёмых, аднавяскоўцаў ён застаецца душэўным, вясёлым і ўсмешлівым чалавекам, які становіцца блізкім і “сваім” з першай хвіліны зносін.

Шчыра прызнацца, ужо і не памятаю, як адбылося наша знаёмства, і калі я даведалася, што мы — землякі, але гэтая акалічнасць стала падставай яшчэ больш ганарыцца тым, што на Лідчыне, у прыгожай і размеранай Беліцы, якая раскінулася на беразе Нёмана, жывуць такія людзі.

Антон Пятровіч не так часта, як хацелася б, бывае на сваёй Радзіме, аднак памяць дазваляе вяртацца туды штодня, у дзяцінства, калі яшчэ былі маладымі бацькі – Пётр Баляслававіч і Юзэфа Уладзіславаўна, нястомныя вясковыя рупліўцы. Тады малому хлапчуку Беліца здавалася цэнтрам Сусвету. Ад хлебапякарні пахла свежым хлебам. Гэты водар даходзіў нават да самых аддаленых вулачак вёскі. А да сепаратарнай станцыі адзін за адным пад’язджалі малакавозы і падводы з бітонамі малака. Па дарозе са школы можна было забегчы ў краму — іх на той час было ў Беліцы шмат — і купіць сабе за пару капеек, якія выдзялялі часам бацькі, жаданы ласунак.

Напачатку сям’я Шмукстаў жыла непадалёку ад Нёмана, з якім было звязана шмат дзіцячых прыгод і цёплых успамінаў. Засела ў памяці Антона Пятровіча паводка 1958 года, калі ўзровень вады ў рацэ падняўся ажно на шэсць метраў. Вакол хат стаяла вада. Сёння гэты пейзаж нагадвае Венецыю, але тады Антон аб ёй не ведаў, бо не хадзіў яшчэ ў школу. Перамяшчаліся месцічы толькі на лодках, заплывалі дадому праз вокны. Калі вада спала, то ў аднавяскоўца Лукашэвіча ў печы аказаўся вялікі шчупак.

Асобнымі эпізодамі, яркімі і шчымлівымі, усплываюць у памяці школьныя гады. У дружным і вясёлым класе вучылася ажно 43 вучні. Былі ў ім і свае лідары, і завадатары. Настаўнікі адразу ж заўважылі арганізатарскія здольнасці Антона, таму быў ён і старшынёй савета дружыны, і ўзначальваў камсамольскую ячэйку школы. Вучыўся добра, таму хацеў паступаць у медыцынскі інстытут.

— Думаю, я быў бы нядрэнным урачом, таму што са спагадай адношуся да людзей, перажываю іх “балячкі” як свае, заўсёды імкнуся дапамагчы, – прызнаецца Антон Пятровіч. – Аднак перад маімі вачыма быў прыклад настаўніцы, блакадніцы Кацярыны Іванаўны Салаўёвай. Менавіта яна паўплывала на мой далейшы выбар. Ва ўсім я імкнуўся быць падобным да яе, таму палюбіў геаграфію і біялогію. Яна была прафесіяналам сваёй справы, і мне здавалася, што настаўніца ведае адказ на ўсе пытанні.

Пасля заканчэння Беліцкай сярэдняй школы Антон падаў дакументы ў Мінскі педагагічны інстытут імя Горкага, аднак не прайшоў па конкурсе. Любімую геаграфію здаў на пяцёрку, а вось хімія “падвяла” – толькі на тры балы ацаніла экзаменацыйная камісія адказ. Прызнацца, хімію ён і не ведаў. Настаўніцу Веру Іванаўну, якой было больш за 80 год, вучні ўсур’ёз не ўспрымалі. Часам жартавалі з яе, не вучылі дамашніх заданняў. Таму і веды атрымаліся адпаведнымі.

40-гадовы юбілей Кальчунскай школы. Разам з першым дырэктарам Алегам Харко

Аднак ад сваёй мары Антон не адступіўся. Пайшоў працаваць у Бярозаўскую школу піянерважатым, а праз год ізноў накіраваўся ў сталічны педінстытут. Дзіўна тое, што тэма сачынення трапілася абітурыенту такая ж, як і ў мінулы год – “Мой родны кут, як ты мне мілы…”. Гэтыя коласаўскія радкі раскрыў ён на выдатна. Не ўзнікла праблем з геаграфіяй і біялогіяй. А вось хімія зноў стала “каменем спатыкнення” – не змог рашыць задачу. І сціплы вясковы хлопец набраўся “нахабнасці” і пачаў прасіць, каб паставілі чатыры. Настырнасць Шмуксты спадабалася камісіі: ён атрымаў жаданую адзнаку, а разам з ёй і пропуск у педінстытут.

Студэнцкія гады праляцелі як адзін дзень. Незаўважна падышло размеркаванне. Як стараннаму і актыўнаму студэнту, яму прапаноўвалі слушныя варыянты ў Мінску і вобласці, але ён настойваў на сваім: “Хачу на Гродзеншчыну!”. Падчас канчатковага размеркавання высветлілася, што не на Радзіму імкнуўся малады спецыяліст, а да сваёй каханай Галіны, якая працавала на той час медыцынскай сястрой у Мураванай Ашмянцы.

З жонкай Рэгінай Уладзіміраўнай

Як сёння памятае Антон Пятровіч свае першыя крокі ў педагогіку. Каля года выкладаў малады настаўнік хімію і біялогію ў Рудзішскай базавай школе, затым перавёўся ў Мураваную Ашмянку. А яшчэ праз год яму прапанавалі пасаду дырэктара: у трох школах на выбар. А тут і з Лідчыны паступіла прапанова: клікалі на працу ў Ваверскую СШ. Кадравае пытанне ішло побач з “кватэрным”. Яно, дарэчы, і перамагло. Маладой сям’і выдзелілі аднапакаёўку ў заводскім пасёлку Кальчун. Разам з ёй прыняў Антон Пятровіч Шмукста і школу, дырэктарам якой з’яўляўся на працягу 38 год.

— Школа была даволі новай — будынак узведзены ў 1970 годзе, — заўважае Антон Пятровіч. — Аднак была яна няўтульнай і цёмнай, шмат бытавых пытанняў узнікала ў працэсе яе эксплуатацыі. І калі ў двухтысячныя гады пачалі будаваць аграгарадкі, то ў нашай школе прасцей было ўсё разабраць да фундаменту, чым штосьці перарабіць.

Пётр Баляслававіч Шмукста з сынамі і ўнукам

Шмат сіл і здароўя адняла тая перабудова. Не раз кіраўніцтва раёна гразілася звольніць дырэктара з пасады, аднак сёння школа ў Кальчунах з’яўляецца адной з самых светлых, утульных і прыгожых. За гэта ўдзячны Антон Пятровіч і будаўнічым арганізацыям раёна – ААТ “Будаўнік” і ТАА “Граніт +”, і кіраўніцтву раёна, і педагагічнаму калектыву, і асабіста майстру ААТ «Будаўнік» Антаніне Пятроўне Ляховіч, прафесіяналізм якой адчуваецца ў кожным куточку школы.

Усе, хто ведае Антона Пятровіча Шмуксту, скажуць, што чалавек ён вельмі добры. Ён і сам гэтага не адмаўляе. Часам гэта рыса характару перашкаджала ў рабоце:

— Уладарыць і загадваць — не мой метад. Адносіны з калегамі я будаваў на даверы. Калі табе вераць, кожнай клетачкай свайго арганізму адчуваеш адказнасць за тое, каб не падмануць людскія спадзяванні. І гэта надавала сіл.

Кадры – наша ўсё, заўважае Антон Пятровіч, таму ў калектыве школы заўсёды цаніліся прафесіяналы. Важным лічыў дырэктар “прыцягваць” у прафесію педагогаў-мужчын, якіх у Кальчунскай СШ было заўсёды шмат. Для маладых, і для самога дырэктара прыкладам прафесіяналізму і адданасці прафесіі былі Мікалай Міхайлавіч Краснабаеў, Ягор Фёдаравіч Новікаў, першы дырэктар школы, з якім па сённяшні дзень ён падтрымлівае зносіны, — Алег Станіслававіч Харко. Удзячны ён і колішняй загадчыцы аддзела адукацыі Людміле Пятроўне Волкавай, і дырэктарам раёна, з якімі пашчасціла працаваць.

Як бы складана парой не прыходзілася ў жыцці, надзейным тылам для Шмуксты заўсёды была сям’я. Цяжка было мужчыне перажыць страту жонкі, якая пайшла на той свет яшчэ ў даволі маладым узросце. І толькі дачка Наталля прыглушыла гэты невылечны боль. Напоўніліся вільгаццю вочы Антона Пятровіча, калі ён згадаў дачку другой жонкі, таксама Наталлю, жыццё якой абарвалася так несвоечасова. Сёння ён удзячны Рэгіне Уладзіміраўне і яе дзецям Аксане і Сяргею, для якіх ён самы найлепшы ў свеце бацька. Ён радуецца сустрэчам са сваім братам Уладзімірам, які жыве з сям’ёй у Беліцы. Цэніць кожную хвіліну, праведзеную з унукамі — іх у дзядулі Антона сямёра.

Калі ў Антона Пятровіча пытаюцца, што такое шчасце, ён, не задумваючыся, адказвае: любіць жыццё, таму што ключавое слова чалавечага  жыцця і ўсяго жывога на зямлі — любіць!

Аліна САНЮК.

Фота з сямейнага архіва і Святланы МУЦЯНСКАЙ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *