У аграгарадку Гальшаны адбыўся традыцыйны кірмаш

Культура

Гальшанскі кірмаш праходзіць у апошнія вераснёўскія дні, калі ўжо восень расквеціла жоўтымі і залатымі фарбамі лісце на дрэвах, калі дапамагла руплівым гаспадарам сабраць багаты ўраджай з агародаў, калі сабрала з палеткаў залатое збожжа і скруціла салому ў цюкі… Вяскоўцы адклалі свае звычайныя штодзённыя справы і адправіліся на свята.

Нават дрэннае надвор’е не сапсавала настрой гальшанцам, якія скруціўшы парасоны спяшаліся схавацца ад дажджу ў Дом культуры. Праўда, гандаль на “Гальшанскім кірмашы” ішоў не так бойка, як у мінулыя гады. Дзеці паспелі набыць сабе салодкую вату, папкорн і розныя дробязі. Дарослыя пачаставаліся гарачай кашай па рэцэпце бабы Ганны, якую для іх прыгатавалі старанныя гаспадыні, дзякуючы спонсарскай дапамозе КСУП “Гальшаны”. Падчас свята госці атрымалі падарунак і ад гальшанскіх хлебаробаў — паспрабавалі каравай, спечаны з зерня новага ўраджаю.

Цікавае свята для сваіх аднавяскоўцаў падрыхтавалі работнікі аддзела культуры і вольнага часу. Добрымі песнямі, жвавымі танцамі, тэатралізаванымі прадстаўленнямі – гасцей віталі – узорны інструментальны ансамбль “Мелодыка” (Гальшанская школа мастацтваў),  танцавальная група “Фіеста”, Караліна Адашкевіч, Інэса Смалонская,  Аляксандр Кот, Марына Кісліцкая, Любоў Шчарбакова, Алена Шавель і Валянціна Бартановіч. Шчырыя песні і выдатны настрой гасцям кірмаша падарылі артысты тэатра мініяцюр “Вясёлы калейдаскоп” (сектар культуры і адпачынку аграгарадка Крэва).

Закруціла ўсіх прысутных у віры падзей Восень (Таццяна Шавель),  добры настрой падарылі — Алена Шавель, Любоў Шчарбакова, Наталля Кошчыц, Дар’я Мальдзіс і Ганна Ліхаман. Паўдзельнічаць у конкурсах дзяцей і дарослых запрашалі цыганачкі Алена Альшук, Валянціна Вяржынская і Таццяна Чарняўская.

Завяршылася душэўнае свята выступленнем народнага ансамбля песні і танца “Крыніцы”.

Кацярына РУДЗІК.

Фота аўтара.

 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *