Фестываль нацыянальнай культуры і краязнаўства прайшоў у сярэдняй школе №2

Культура События

У бягучым навучальным годзе  педагогі і вучні сярэдняй школы №2 пачалі працаваць  над інавацыйным праектам  “Укараненне мадэлі фарміравання камунікатыўнай культуры  школьніка ў кантэксце беларускага менталітэту”.  Проста кажучы,  дзякуючы спецыяльна распрацаванай праграме мерапрыемстваў школа   прывівае сваім вучням любоў і павагу да роднай мовы і культуры, гонар да той зямлі, дзе яны  нарадзіліся і жывуць.

Першым крокам у рэалізацыі праекта стала адкрыццё класа з беларускай мовай навучання.  У наступным навучальным годзе ў планах школы зрабіць беларускамоўнымі ўсе  першыя класы. Канешне, задача перад педагагічным калектывам стаіць нялёгкая.  Аб гэтым сведчаць вынікі анкетавання з бацькамі наконт адносін іх  да білінгвізму (двухмоўя) ў нашай краіне.  Нязначная колькасць удзельнікаў  апытання  выказалі меркаванне, што  родную  мову трэба падтрымліваць і   прапагандаваць, больш чытаць кніг на беларускай мове як самім, так і дзецям і рабіць усе неабходнае, каб мова  магла жыць і развівацца. Астатнія  ж схіляюцца да рускай мовы, бо выкарыстоўваюць яе ў штодзённым ужытку, а роднай не ведаюць і, дарэчы,  не маюць жадання яе ведаць.

Часцей за ўсё так і атрымліваецца: негатыўна мы ставімся  да таго, чаго не ведаем. Адмаўляем беларускую літаратуру, кіно, культуру ў цэлым. Аднак, калі спытаць такога чалавека, што канкрэтна яму не падабаецца, які твор, аўтар, кінастужка, ён не зможа адказаць, бо нічога не чытаў і не бачыў. Таму перад калектывам школы на сённяшнім этапе стаіць задача паказаць усё лепшае, чым славіцца наша зямля, раскрыць  яе гісторыю, данесці да вучняў і іх бацькоў   імёны беларусаў, якія вядомы ва ўсім свеце, пазнаёміць з беларусамі, якія па пэўных прычынах вымушаны жыць за мяжой, аднак  не губляюць повязі з роднай  зямлёй і прапагандуюць сваю мову сярод  суайчыннікаў.  Школа №2 ужо наладзіла стасункі  з цэнтрам беларускай культуры ў Вільні – беларускай школай імя Францыска Скарыны.  На чарзе  такія ж сустрэчы з аднадумцамі з Польшчы( г. Беласток).

Днямі ў школе прайшоў фестываль нацыянальнай культуры і краязнаўства, які сабраў шматлікіх гасцей з розных куткоў нашай краіны. Нават і арганізатары, адміністрацыя школы і педагогі, не спадзяваліся, што атрымаецца такое свята, шчырае і добразычлівае, адкрытае і грунтоўнае. На працягу цэлага тыдня ў школе кіпела работа. Пачалося мерапрыемства акцыяй “Размаўляем па-беларуску”, у якой былі задзейнічаны ўсе вучні і педагогі школы.  Шмат дзяцей прыняло ўдзел  у конкурсе чытальнікаў  вершаў пра Ашмяншчыну на рускай, беларускай і польскай мовах. Юныя знаўцы паэзіі чыталі вершы мясцовых аўтараў. Некаторыя з іх былі пакладзены на музыку і сталі песнямі. У дзень беларускай нацыянальнай гульні малышы мелі магчымасць пазнаёміцца з гульнямі нашых продкаў. Ва ўсіх класах прайшлі інфармацыйныя гадзіны, дзе размова вялася аб кнігах беларускіх аўтараў, культурных дзеячах нашай краіны, гісторыі Ашмян. Апошняе мерапрыемства, дарэчы, прайшло ў школьным музеі, які змяшчае шматлікія звесткі пра наш старажытны горад і яго жыхароў.

У школьным музеі адбылася і тэатралізаваная экскурсія “Знакамітыя людзі Ашмяншчыны”, што ладзілася ў рамках навукова-практычнай канферэнцыі. У падрыхтоўцы канферэнцыі былі задзейнічаны настаўнікі гісторыі  Інэса Барысевіч, Любоў Пятрова, Алена Апанэль, Таццяна Кіркоўская.  Пачалося мерапрыемства  выставай здымкаў  А.Апанэль “Ашмяны ў рэтраспектыве часу” і паказам  фільма, выпадкова знойдзенага Аленай Іванаўнай ў інтэрнэце,  у якім паказаны наш горад  на пачатку ХХ  стагоддзя.  Гэты фільм стаў сапраўдным узрушэннем для  удзельнікаў канферэнцыі. У невядомых, на першы погляд,  вуліцах і пабудовах горада  яны знаходзілі  блізкія сэрцу куточкі.  Затым старшакласнікі Вікторыя Барысевіч, Вадзім Авіжыч, Максім Лапейка, Арцём Ганчарык і Уладзіслаў Завацкі  пазнаёмілі прысутных з паэмай мясцовага паэта Пятра Шаколы “Легенда пра Ашмяны”. Працягам гэтай тэмы стала  выступленне  вучаніцы  6 “А” класа Таццяны Вайгяніца  “Гісторыя назвы і ўзнікнення горада”.   Адзінаццацікласнік  Арцём Ганчарык падрыхтаваў даклад на тэму “Ашмяны ў 1812 годзе”, а пяцікласнік Мікіта Зык прачытаў верш “Карэта Напалеона”.  Змястоўныя выступленні аб нашым горадзе ў час розных гістарычных эпох падрыхтавалі  Сяргей Ждановіч, Наталя Вайткевіч і Крысціна Гарлуковіч.

У рабоце канферэнцыі прынялі ўдзел краязнаўца, паэт,  выпускнік СШ №2 Васіль Юрша, які расказаў аб знакамітых родах Ашмяншчыны,  даследаваннем якіх ён займаецца на працягу многіх год,  а таксама госць  са Смаргоні, педагог, краязнаўца Уладзімір Прыхач. Яго аповед быў прысвечаны знакамітым і страчаным імёнам ашмянскай зямлі. Дырэктар краязнаўчага музея Францішка Багушэвіча  Жанна Іванова   расказала аб краязнаўчым руху на Ашмяншчыне ў апошнія гады. Сярод ганаровых гасцей імпрэзы – дырэктар ААТ “Ашмянскі мясакамбінат”  Тамара Філіповіч, якая выдала дзве кнігі аб Ашмянскім краі: “Падарожжа па Ашмянскаму краю” і  “Время и люди”.  Школе яна падарыла шыкоўны  фаліянт пра род Радзівілаў. Песня Наталлі Філіповіч  была сугучнай святочнай атмасферы, што панавала на мерапрыемстве.

Творчым узнёслым настроем  была напоўнена літаратурная гасцёўня, падрыхтаваная настаўнікамі Вольгай Дваранскай, Ірынай Родцавіч і Аленай Урублеўскай сумесна  з вучнямі школы.  На мерапрыемства былі запрошаны  вучні і педагогі СШ №3, юная паэтка гімназіі №1 горада Кацярына Бенадысюк і былая настаўніца СШ №2 Тарэса Адашкевіч.  Падчас гасцёўні гучалі вершы і проза на розных мовах. Актыўным удзельнікам імпрэзы стаў Васіль Юрша – аўтар некалькіх  зборнікаў паэзіі.  Цікава было паслухаць вершы настаўнікаў, а таксама іх выхаванцаў: Марыі Ілюковіч, Святланы Пашкевіч, Аксаны Дваранскай, Соф’ і Цярэшка, Вікторыі Дваранскай, Дар’і Баркоўскай, Дзіяны Павіловіч, Вікторыі Дакурна і Амаліі Гелай.

Вынікі плённай працы за тыдзень падвяла куратар інавацыйнага  праекта, кандыдат сацыялагічных навук, дацэнт кафедры дзяржаўнага кіравання сацыяльнай сферай і беларусазнаўства Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце  Рэспублікі Беларусь  Галіна Бядуліна, якая адзначыла, што ў  накірунку да беларускасці галоўнае не спыняцца і верыць, што  гэта праца не марная, яна дазваляе нам памятаць пра свае карані і звацца беларусамі.

Аліна БЕЛІЦКАЯ.

Фота Святланы МУЦЯНСКАЙ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *