Жыць для людзей. Бібліятэкар з Кальчун Алена Шкелда

Культура

Яна не марыла стаць бібліятэкарам. Яна проста была ўпэўнена, што ім будзе. Яшчэ з дзяцінства, калі садзіла наўкруг сябе лялькі і гуляла ў “бібліятэку”: раздавала сваім чытачам кніжкі і часопісы і крэмзала нешта ў паперцы-фармуляры. Маці, Ганне Юльянаўне, думалася, што стане дачка педагогам — усё для гэтага ёсць: і дапытлівасць, і стараннасць, і добрыя адзнакі. Але Алене мроілася іншае.

Яна па некалькі разоў на дзень за кіламетр, не зважаючы на надвор’е, нават узімку, бегла ў сельскую бібліятэку, каб адчуць сябе часцінкай дзіўнага кніжнага царства, дакрануцца да хрусткіх папяровых старонак і паназіраць з-за доўгіх паліц за гаспадыняй пакояў, напоўненых дзіўным пахам. Часам бібліятэка была зачынена.

Тупаючы пад дзвярыма, яна давала сабе слова, што, як толькі стане бібліятэкарам, ніколі не дазволіць сабе, каб яе чакалі. Дзверы ў яе бібліятэку заўсёды будуць адчынены.

Алена Адольфаўна Шкелда смяецца, успамінаючы тыя дзіцячыя памкненні, ад якіх яна не адступілася ні на крок. Не спыніла яе мізэрная зарплата ў бібліятэчнай сферы і пастаянныя клопаты-праблемы з-за адсутнасці належнай матэрыяльна-тэхнічнай базы бібліятэчнага асяродку раёна.

Цяжка паверыць, але ў гэтым годзе споўнілася пяцьдзясят  год, як Алена Адольфаўна працуе бібліятэкарам. Яе бібліятэчны стаж пачаў адлік з Бастунскай сельскай бібліятэкі-клуба, куды васямнаццацігадовая дзяўчына ўладкавалася загадчыцай па заканчэнні сярэдняй школы ў Забалаці, што ў Воранаўскім раёне. Жыццё на вёсцы тады віравала. Разам з мясцовай моладдзю яна ладзіла канцэрты і творчыя сустрэчы, арганізоўвала выезды агітбрыгад па фермах і аддаленых вёсках. Вечарам у клубе кружылася з хлопцамі ў танцах, а днём гаспадарыла ў бібліятэцы. Энергія біла праз край. Задумкі сыпаліся адна за другой, і ўсё хацелася ажыццявіць і зрабіць як найлепш.

На танцах Алена пазнаёмілася з Міхаілам, хлопцам з Ашмянскага раёна, які пакарыў яе сэрца ігрой на гармоніку. Прыехаў малады электрык у камандзіроўку, а знайшоў сабе ў Воранаўскім раёне жонку. У хуткім часе гарманіст перавёз Алену на Ашмяншчыну, якая і стала радзімай не толькі ёй, але і дзецям Вользе і Аліку.

Спачатку маладая сям’я тулілася ў невялічкім пакоі ў горадзе, а праз некаторы час, як Міхаіл уладкаваўся электрыкам на торфабрыкетны завод, ім далі кватэру ў заводскім пасёлку ў Кальчунах.

На той час бібліятэкара якраз у вёсцы не было.  Як і марыла, стала Алена Адольфаўна гаспадыняй кніжнага царства, што мясцілася на рагу мясцовага клуба. Царствам, канешне, невялічкі закуток плошчай у 16 квадратаў назваць было складана, але праз некаторы час бібліятэка свае межы пашырыла. Праўда, як аказалася, незаконна. За сцяной бібліятэчнай установы доўгі час пуставаў пакой. Пра яго маладая і настырная дзяўчына не раз нагадвала старшыні сельсавета, аднак ніхто на яе просьбы не звяртаў увагі. І адноўчы Алена Адольфаўна папрасіла свайго мужа прарэзаць у сцяне дзверы, каб перанесці туды частку кніжных фондаў.

Калі на пустуючыя метры ажно тры гады ніхто не звяртаў увагі, то на гэта жаночае самаўпраўства рэакцыя паследавала імгненная. Бібліятэкарку выклікалі “на кавёр” у райвыканкам. Былі там і слёзы, і апраўданні, і нават пагрозы. Праўда, знайшоўся чалавек, які заступіўся за дзяўчыну, і справа не атрымала крутога павароту.

А Алена Адольфаўна прадаўжала паціхеньку “адваёўваць” такія патрэбныя пад бібліятэку метры: то ў вясковага бара, то ў фапа, то ў сувязістаў, якія аддалі пад кнігі нават свой калідор разам з тэлефоннай станцыяй.

Усе пакоі, што выбіла Алена Адольфаўна, неабходна было за свае грошы адрамантаваць: абклеіць і пафарбаваць, зрабіць паліцы. Добра, што ў мужа былі залатыя рукі, дый дзеці падраслі – сталі надзейнай апорай для мамы.

Не раз звярталася Алена Адольфаўна за дапамогай да вясковых хлопцаў, аднак самая надзейная сыходзіла ўсё ж такі ад сям’і. Нават калі не стала мужа (памёр ён раптоўна, на 42-м годзе свайго жыцця), яна заўсёды адчувала падтрымку і разуменне ад сваіх дзяцей, зяця Эдуарда, а пасля і ўнукаў.

Алена Адольфаўна Шкелда з тых людзей, якія “цягнуць” па жыцці груз грамадскай работы: з-за таго, што не могуць па-іншаму, маюць выдатныя арганізатарскія здольнасці і адказнасць перад тымі, для каго ўсё гэта робіцца. На працягу 35 гадоў вяскоўцы абіралі яе дэпутатам сельскага Савета. Пасля дала яна згоду і на стараства ў Кальчунах. Да ўсяго гэтай жанчыне была справа. Да могілак у Берніках, якія яна разам з вяскоўцамі абгарадзіла і пафарбавала, а затым падтрымлівала іх у належным стане. Да стану дарогі ў Кальчунах. Да закінутага калодзежа ў цэнтры вёскі, з якога і зараз людзі прадаўжаюць браць ваду, нягледзячы на тое, што ў дамах ёсць вадаправод.

— Мне мама заўсёды гаварыла: “Дачка, людзям трэба рабіць дабро і не баяцца, бо яно ўсё роўна да цябе вернецца”. Мудрай была мая мама жанчынай, хаця раней я гэтага і не разумела, — прызнаецца Алена Адольфаўна.

Некалькі год назад у двары шматкватэрнай забудовы з’явілася абсталяваная дзіцячая пляцоўка. Ізноў жа — бібліятэкар прыклала сюды сваю руку. Чалавек яна такі – нераўнадушны і апантаны. І калі Алена Адольфаўна выступіла ініцыятарам праекта “Стварэнне і дзейнасць клуба старастаў “КУТ”, ні ў яе калег-бібліятэкараў, ні ў работнікаў культуры, ні ў кіраўніцтва мясцовай улады сумневу не было, што Шкелда не толькі зможа арганізаваць, але і давядзе распачатую справу да канца.

На працягу амаль цэлага года Кальчунская сельская бібліятэка была эпіцэнтрам добрых і карысных спраў, якія паўплывалі на жыццё жыхароў не толькі аграгарадка. Разам з дзіцячай пляцоўкай з’явіўся ў сельсавеце мост, які дазволіў месцічам напрасткі дабрацца да Будзёнаўкі. А сад у Мардасах — 60 яблынькаў і 8 груш – ужо каторы год радуе сваімі пладамі. Палепшылася і матэрыяльна-тэхнічная база самой бібліятэкі.

Толькі яна ведае, колькі сіл адняў гэты праект, колькі было бяссонных начэй, колькі было “абабіта” парогаў. Але сёння, гледзячы са свайго балкона на ўтульны двор, Алена Адольфаўна цешыцца тым, што пляцоўка ніколі не пустуе. Сюды прыходзяць дзеці з матулямі, сядзяць у цяньку на лаўцы бабулі. Побач, на пляцоўцы для валейбола і баскетбола, вядуць гульню падлеткі.

— Мне хочацца, каб людзі разумелі, што бібліятэкар – гэта не толькі той чалавек, які выдае кнігі, — прызнаецца Алена Адольфаўна. – Таму я пастаянны госць у мясцовай школе і дзіцячым садку. Арганізую кніжныя інфармацыйныя блокі перад дыскатэкай, афармляю выставы. А што тычыцца мерапрыемстваў, то мы іх пастаянна ладзім разам з творчымі і няўрымслівымі работнікамі сельскага аддзела культуры і вольнага часу.

Шмат год пры бібліятэцы працуе аматарскае краязнаўчае аб’яднанне “Спадчына”. Актыўна вядзе сваю работу аб’яднанне “Міласэрнасць”. Ёсць яшчэ і група з аднайменнай назвай. Валанцёраў бібліятэкі з ліку старшакласнікаў часта можна сустрэць ў аддаленых вёсках і на хутарах, куды на веласіпедах яны накіроўваюцца абслугоўваць мясцовых людзей. Не забываецца Алена Адольфаўна і пра мясцовую гаспадарку. Кніжкі і часопісы з Кальчунскай бібліятэкі даходзяць і даязджаюць на мехдвары і фермы.

Бібліятэка ў Кальчунах працуе ажно да 21 гадзіны. З раніцы прыходзяць сюды людзі сталага ўзросту. Пасля абеду спяшаюцца дзеці. Вечарам пасля працы наведваюцца работнікі завода і іншых устаноў, што размяшчаюцца на тэрыторыі сельсавета. Прыбягаюць сюды і ўнукі Алены Адольфаўны. Калісьці тут, у бібліятэцы, між кніжных паліц гадаваліся яе дзеці, Вольга і Алік. Выраслі яны дастойнымі людзьмі. Алік жыве ў Навасёлках, працуе ў Ашмянскіх электрычных сетках. У яго руках любая справа гарыць. А ўсё гэта ад бацькі, Міхаіла Канстанцінавіча, які быў сапраўдным майстрам. Як бы не была занята дачка Вольга, ніколі не адкажа маці зрабіць наглядны матэрыял (яна добра малюе) альбо нешта знайсці ў інтэрнэце ці падрыхтаваць прэзентацыю. Цешыцца бабуля сваімі ўнукамі: Алёшам, Антонам, Арцёмам і Максімам. У любую хвіліну выручыць яе зяць Эдуард.

У Алены Адольфаўны Шкелды шмат узнагарод рознага кшталту. У 2006 годзе яна была прызнана лепшым бібліятэкарам Гродзеншчыны і адзначана прэміяй імя Аляксандра Дубко. За актыўную грамадскую дзейнасць узнагароджана Ганаровай граматай абласной арганізацыі грамадскага аб’яднання “Беларускі саюз жанчын”, граматамі абласнога і раённага Саветаў дэпутатаў. У мінулым годзе бібліятэкар з Кальчун дзялілася вопытам работы па ажыццяўленні мясцовых ініцыятыў у Савеце Рэспублікі. Аднак самай галоўнай узнагародай яна лічыць падзяку ад мясцовых людзей, яе аднавяскоўцаў. Ад іх сціплага “дзякуй” з’яўляюцца сілы і новая энергія, якія, нягледзячы на ўзрост, клічуць да работы, да ажыццяўлення новых ідэй і планаў. А іх у мясцовага бібліятэкара яшчэ вельмі шмат.

Аліна САНЮК.

Фота Святланы МУЦЯНСКАЙ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *