Калектыў “Сугучча” пацвердзіў званне “узорны”

Культура

На старонках нашага выдання мы ўжо расказвалі пра ўдзельнікаў узорнага калектыву “Сугучча” і разам з юнымі музыкантамі і іх кіраўніком Ганнай Буйко разам пісалі творчую біяграфію, адзначалі яскравыя выступленні і дзяліліся гучнымі поспехамі з чытачамі.

Тры гады таму калектыў “Сугучча” стаў “узорным”, а сёлета яшчэ раз пацвердзіў гэта высокае званне. Бягучы год не стаў выключэннем на творчыя здабыткі і перамогі. Удзельнікі “Сугучча” выдатна выступілі на міжнародным фестывалі-конкурсе “Новыя вяршыні”, рэспубліканскім фестывалі-конкурсе дзіцячага мастацтва “ЛьВенок”, абласным фестывалі праваслаўных песнапенняў “Слава ў вышынях Богу”.

Нядаўна кіраўнік хору Ганна Буйко разам з салісткай хору “Сугучча” і вакальнай групы “Маячок” Валерыяй Канцавой выступілі на радыёканале “Культура” ў праграме “ДНК: дасціпныя, нястомныя, кемлівыя”. У эфіры яны размаўлялі аб хоры, музыцы, а напрыканцы перадачы Валерыя без падрыхтоўкі выступіла a capella, чым скарыла не толькі вядучую, але і слухачоў “Культуры”.

За гэты час харысты абнавілі не толькі рэпертуар, але і пераапрануліся ў новыя канцэртныя строі, дзякуючы падтрымцы спонсараў — Алы Міронавай (“Мастерская А4”), Анжалікі Лапейка (отель Grad) і Віктара Сінкевіча (“Мясная лавка”). У новым навучальным годзе хор будзе займацца ў новым складзе – трыццаць чалавек, сярод іх вучні чацвёртых-сёмых класаў, а таксама выпускніца школы Анастасія Сямёнава, якая не змагла развітацца з калектывам. Таленавітая спявачка шосты год займаецца ў школе мастацтваў, праўда, дзяўчына скончыла навучальную ўстанову яшчэ ў мінулым годзе, але не змагла пакінуць свой калектыў. Падчас навучання вакалістка паспела прыняць удзел у шматлікіх конкурсах і фестывалях.

Увогуле за час існавання калектыву яго склад неаднаразова змяняўся. Былыя ўдзельнікі хору, учарашнія выпускнікі школы мастацтваў з цеплынёй успамінаюць кіраўніка і сваіх аднакласнікаў. Ганна Буйко ўпэўнена, што атрыманне і пацвярджэнне звання  “ўзорны”  – гэта ў большым іх заслуга.

Акрамя таго, сённяшнія ўдзельнікі “Сугучча” паспяваюць займацца музыкай індывідуальна, а таксама спяваюць у вакальнай групе “Маячок”. Нядаўна яны паспяхова выступілі на рэспубліканскім конкурсе “Беларускія таленты”. Звонкія галасы юных вакалістак  — Ульяны Зянкевіч, Валерыі Канцавой, Дар’і Дзенісенкі і Яны Стэфаноўскай —  гучаць далёка за межамі школы.

Ганна Буйко ўпэўнена, што калектыў “працуе” на сваё імя, а для таго, каб гэта імя чулі не толькі на Ашмяншчыне, юныя харысты павінны прымаць удзел у конкурсах і фестывалях. Цяпер большасць конкурсаў платныя, а гэта дадатковыя фінансавыя выдаткі для бацькоў. Такія ўмовы дыктуюць арганізатары рэспубліканскіх і міжнародных конкурсаў. Кіраўнік хору, загадчык харавога аддзялення Ганна Эдуардаўна ўдзячна бацькам, якія пагаджаюцца на такія ўмовы і дапамагаюць дзецям, а бывае, і суправаджаюць на конкурсы.

Удзельнікі “ўзорнага” калектыву выконваюць розныя кампазіцыі (ад класічных да сучасных), якія абавязкова здзівяць слухачоў і знойдуць адлюстраванне ў звычайных канцэртах вучняў, а таксама шматлікіх конкурсах і фестывалях.

— Калі спявае хор “Сугучча”,  — дзеліцца Ганна Буйко, — у мяне дрыжыкі па ўсім целе. Я заўсёды захапляюся спевамі сваіх выхаванцаў. Нават, калі пераслухоўваю выступленне, то здзіўляюся, як яны ўпэўнена змаглі “намаляваць” карціну музыкай і сваімі галасамі, спалучылі свой талент і эмоцыі. Я ганаруся, што маю дачыненне да гэтага калектыву.

Кацярына РУДЗІК.

Фота з архіва Ганны БУЙКО.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *