У Ашмянскім раёне здымаецца фільм аб генацыдзе цыган у гады вайны

Без мінулага няма будучага

У вялікай кнізе гісторыі чалавецтва яшчэ шмат белых плямаў, за якімі знаходзяцца важныя падзеі. Заўсёды цяжка гаварыць аб вайне, аб забытым і далёкім…

Каля вёскі Навасяды знаходзіцца помнік расстраляным ў гады Вялікай Айчыннай вайны цыганам. Адны кажуць, што фашысты знішчылі тут трыццаць восем цыган. Другія сцвярджаюць, што сорак чатыры чалавекі пахаваны ў брацкай магіле. У гады вайны людзі гэтай нацыянальнасці жорстка знішчаліся акупацыйнымі ўладамі. З пятнаццаці тысяч цыган, якія жылі ў Беларусі на пачатку вайны, пасля вызвалення рэспублікі засталося менш за тысячу.

Сведкі тых жудасных падзей расказваюць свае гісторыі. Многіх ужо няма на гэтым свеце, але памяць аб іх працягвае жыць у дзецях і ўнуках… Аб тых падзеях можна прачытаць у рэдкіх дакументах на нямецкай мове, таму нават дробны фрагмент з жыцця ромаў дапамагае запаўняць прабелы ў гісторыі.

“Забыты генацыд: ромы ў Беларусі 1941 – 1944”

Ашмяншчыну наведала дэлегацыя з Германіі. Прадстаўнікі адукацыйнага цэнтра па пытаннях міратворчасці нямецкага аб’яднання “За мір” рэалізуюць ідэю сумеснага з Беларускай цыганскай дыяспарай праекта “Забыты генацыд: ромы ў Беларусі 1941 -1944”.

У складзе дэлегацыі аўтары і арганізатары праекта Франк Брэндле і Герыт Цыглер, намеснік аб’яднання “Беларуская цыганская дыяспара” Артур Гоманаў, журналісты і гісторыкі. Да рэалізацыі праекта таксама далучылася гістарычная майстэрня імя Леаніда Левіна з Мінска. Сумеснае нямецка-беларускае даследаванне праходзіць пры падтрымцы міністэрства замежных спраў Германіі.

— Аб генацыдзе ромаў у Беларусі, які быў здзейснены нямецкімі акупантамі, мала што вядома, — расказвае Франк Брэндле. — Сем’і тых, хто выжыў, берагуць памяць пра генацыд да нашых дзён, але грамадства ў сваёй большасці іх не чуе — ні ў Германіі, ні ў Беларусі. Гістарычных даследаванняў практычна няма. Толькі нядаўна некаторыя даследчыкі і грамадскія аб’яднанні пачалі цікавіцца гэтай тэмай. Наш праект закліканы падтрымаць гэтыя ініцыятывы і дапамагчы выратаваць памяць аб жудаснай трагедыі.

Вынікам працы над праектам стане перасоўная выстаўка і відэафільм на рускай і нямецкай мовах, якія будуць экспанавацца як у Беларусі, так і ў Германіі. Выстава адкрыецца ў наступным годзе. Ужо вядома, што з ёй змогуць пазнаёміцца жыхары сталіцы, Бабруйска і Ашмян.

Матэрыял для выставы і фільма збіраецца па ўсёй Беларусі. Дэлегацыя ўжо аб’ездзіла дзясяткі гарадоў, дзе жывуць сведкі жудасных падзей. Даследчыкаў цікавяць успаміны цыган аб трагічных падзеях тых часоў, аб злачынствах акупантаў, прыклады супраціўлення і салідарнасці. Журналісты і гісторыкі размаўляюць з нашчадкамі расстраляных людзей, а таксама з людзьмі, у памяці якіх захаваліся ўспаміны аб генацыдзе.

У гэты дзень актывісты праекта ўсклалі кветкі да помніка ў Навасядах, на месцы масавага расстрэлу цыган, а таксама сустрэліся са старшынёй сельскага Савета Войцехам Коўзанам і сведкамі падзей. У Ашмянскім раёне па аповедах родных аб генацыдзе цыган ведаюць Вера Ягорава і Іван Жаландзеўскі.

Баба Лена з хутара

Менавіта так памяталі сваю ратавальніцу двое цыганскіх дзяцей, якія разам з сям’ёй жылі ў табары пад Навасядамі. Жанчына разам з сям’ёй жыла ў невялічкім доме на хутары, недалёка ад таго месца, дзе расстралялі цыган. У сям’і было шасцёра дзяцей -пяцёра сваіх і адно — прыёмнае. Памерла баба Лена ў 2001 годзе…

Аб гэтым удзельнікам праекта расказаў жыхар вёскі Карабы Іван Жаландзеўскі. Яго бабуля выдатна памятала падзеі ваеннага ліхалецця і, больш таго, лёс распарадзіўся, каб яна прыняла ў іх непасрэдны ўдзел.

— Бабуля бачыла, як цыган вялі на расстрэл, як яны самі капалі яму, якая пасля стала іх вечным прытулкам, — дзеліцца Іван Эдвардавіч. – Тады змаглі выратавацца двое маленькіх дзяцей. Немец пашкадаваў маладую цыганку і адпусціў яе дзяцей. Дзяўчынка бегла да нашага дома на хутар… На руках у яе быў малодшы брат. Яны прасілі дамогі. Бабуля, нягледзячы на тое, што яе саму могуць расстраляць, схавала гэтых дзяцей.

Жанчына ўспамінала, што немцы сталі адносіцца да цыган дрэнна пасля крадзяжу коней. Яны вырашылі, што гэта маглі зрабіць менавіта ромы. Да звычайных вяскоўцаў немцы адносіліся добра, дзеці збіралі ягады і мянялі іх на нямецкія цукеркі ці хлеб. Немцы часта прыходзілі на хутар, але, калі бачылі галодныя вочы дзяцей, адразу выходзілі з хаты і нічога не бралі. Успамінала бабуля Івана Жаландзеўскага, што каля вёскі Граўжышкі стаяў  партызанскі атрад.

— Бабуля гаварыла, што пасля расстрэлу цыган яшчэ тры дні “рухалася” і “дыхала” зямля, — расказвае Іван Эдвардавіч. – Немцы ахоўвалі брацкую магілу, каб ніхто не змог дапамагчы ромам…

 “Не помню твару мамы…”

Шлях нямецка-беларускай дэлегацыі пралёг праз вёску Маствілішкі, куды амаль чатыры гады таму пераехала Вера Міхайлаўна Ягорава. Нарадзілася жанчына пад Мінскам. Аб вайне нічога не памятае, толькі захаваліся ўспаміны цёці Надзеі, якая ў дзяцінстве замяніла ёй родную маці.

Вера Ягорава не можа спакойна расказваць аб далёкіх падзеях. Яна старалася не плакаць, некалькі разоў спынялася, каб “праглынуць” камяк несправядлівасці і болю, які стаяў у горле. Яна не памятае, як выглядалі яе бацькі, толькі ведае тое, што маці Вольга была прыгожай і маладой. У яе былі светлыя вочы і валасы.

— Я не памятаю твару маці, не памятаю бацьку, — расказвае жанчына. – Я заўсёды хацела, каб бацькі былі побач, больш нічога. У мяне, сясцёр Галі і Любы, брата Вані не было ніколі дзяцінства.

Матулю Веры Ягоравай немцы забілі недалёка ад сталіцы – у Астрашыцкім Гарадку, дзе яна разам з сяброўкай засталася на ноч. На раніцы іх “сустрэлі” немцы, якія думалі, што жанчыны трымаюць сувязь з партызанамі. Цыганкі расказалі аб тым, што нічога дрэннага не рабілі, проста гасцявалі тут і збіраюцца дамоў. Іх адпусцілі. Але хутка іх затрымаў яшчэ адзін нямецкі атрад…

— Яны прасіліся, цалавалі рукі і ногі немцам, тлумачылі, што дома іх чакаюць дзеці, — з горыччу расказвае Вера Ягорава. – Гаспадыня дома таксама спрабавала іх абараніць, але ўсё марна…

Маладых цыганачак адвялі за дом, паставілі тварам да дула аўтаматаў… Маці Веры Міхайлаўны папрасіла завязаць ёй вочы і адвярнуцца, маліла не страляць у жывот. Праз некалькі дзён светлавалосая і прыгожая Вольга павінна была нарадзіць хлопчыка…

Кожнае слова давалася ёй цяжка, але жанчына працягнула свой аповед. Расказала аб тым, як праз тры гады цёця ездзіла на месца расстрэлу і дабілася, каб дзяўчат пахавалі на могільніку. Яна забрала ад маці грабеньчык і фартух на памяць. Жанчына страціла шмат здароўя, а на галаве з’явіліся ніці сівых валасоў. Але яна ведала, што патрэбна дзецям, таму змагла “вярнуцца” да жыцця.

— Я бачыла ў снах свайго брата, які нават не з’явіўся на гэты свет, — стрымліваючы слёзы расказвае Вера Міхайлаўна. – Я сядзела каля берага ракі, а ён, такі прыгожы і статны, выходзіў з вады… Мне снілася маці, яна са мной гаварыла, распытвала, вучыла, настаўляла… Я ніколі не хацела яе адпускаць!

…Час перагортвае старонкі гісторыі. Людзі, лёсы, падзеі – усё сыходзіць у мінулае і забываецца. А час не чакае, бяжыць наперад… Хутка! Толькі б паспець захаваць урыўкі мінулых дзесяцігоддзяў. Не для сябе – для нашчадкаў. Расказаць, навучыць, нагадаць, растлумачыць… Мінулае – гэта ўрок, з якога кожна выносіць нешта сваё.

Кацярына РУДЗІК.

Фота аўтара.

 

 

0
Стоит почитать:

Добавить комментарий

Авторизация
*
*
Регистрация
*
*
Номер телефона без знака «+», например «79876543210». На указанный номер будет выслан код подтверждения.

*

Генерация пароля