Адна з найстарэйшых школ Ашмяншчыны была ў Жупранах

Культура

Удалося адшукаць адзін з самых ранніх дакументаў, які згадвае пра існаванне школы ў мястэчку Жупраны.

Самым даўнім пісьмовым сведчаннем пра тое, што ў Жупранах існавала школа, трэба лічыць на сённяшні дзень тэстамент 1640 года шляхціца з Біюцішак – пана Самуэля Тшэцеcкага. Цяпер дакумент захоўваецца ў Вільні ў Літоўскай нацыянальнай бібліятэцы імя Марцінаса Мажвідаса.

Сам тэстамент уяўляе сабой рукапіс на польскай мове, але мае ўступ і заканчэнне на старабеларускай. З тэксту мы даведваемся, што пан Самуэль пастанавіў скласці завяшчанне, знаходзячыся пры «кепскім здароўі» і «не бачачы ніякага яго паляпшэння». Золата, срэбра, дарагія шаты, шэсць карэт ды вазы, а таксама маёнтак Біюцішкі разам з «быдлам рагатым і нерагатым», «жытам на полі і збожжам у гумнах ды свірнах» шляхціц перапісаў на жонку – пані Зоф’ю Тшэцескую.

Хворы выказаў сваю волю, каб яго пахавалі на пагорку ў Біюцішках побач з бацькамі і дзецьмі. Разам з тым у тэстаменце ёсць згадка, што яго найбліжэйшыя родзічы знаходзяцца далёка – «у перадгорным краі» (відаць, маецца на ўвазе поўдзень Польшчы). Не забываецца пан Самуэль і пра служкаў, якіх называе «маёй мілай чэляддзю» і просіць жонку ўзнагародзіць іх «ад найбольшага да найменшага» паводле заслуг і з увагай на іх службу пры хворым пану.

Асобна ў завяшчанні сфармулявана жаданне пана Тшэцескага скіраваць дзве тысячы польскіх злотых на «збор жупранскі і школу пры ім». Відавочна, што пан Самуэль быў прыхаджанінам кальвінісцкага храма ў Жупранах, на які і адпісаў значную суму грошай. Да прыкладу, на адбудову згарэлага каталіцкага касцёла ў Жупранах у 1692 годзе было выдаткавана толькі 900 злотых. Выходзіць, на ахвяраванне пана Самуэля можна было ўзвесці дзве падобныя святыні.

Вельмі важнай інфармацыяй зʼяўляецца згадка пра школу. Імаверна, яна ўжо існавала ў Жупранах раней і, магчыма, ёсць іншы, пакуль невядомы нам дакумент, які гэта пацвярджае. На дадзены момант мы можам з цвёрдай упэўненасцю сцвярджаць, што навучанне моладзі ў Жупранах адбываецца прынамсі з 1640 года – ужо каля 380 гадоў.

Гісторык кальвінізму ў Вялікім Княстве Літоўскім Юзаф Лукашэвіч пісаў, што прахільнікі гэтага веравызнання імкнуліся да асветы і стараліся закладваць школы пры кожнай сваёй святыні. З дапамогай якаснага навучання на вельмі добрым узроўні яны маглі таксама распаўсюджваць свае погляды. У такіх школах была вельмі строгая дысцыпліна, нашмат больш суровая, чым, да прыкладу, у езуіцкіх школах.

Цяжка сказаць, якія прадметы выкладаліся ў той час, але з увагі на рэлігійны характар школы, у ёй мусіла вывучацца Біблія, згодна з пратэстанцкім прынцыпам Sola scriptura – толькі Пісанне. Паводле пратэстантаў, у тым ліку кальвіністаў, толькі Біблія зʼяўляецца адзінай крыніцай хрысціянскага веравучэння, а не святыя паданні ды традыцыя. У гэткай школе мусіла выкладацца лацінская мова, якая была мовай навукі і міжнародных зносін у той час, а таксама кальвінісцкае багаслоўе. У Жупранах моладзь, відаць, мусіла паглыбіцца ў творы Жана Кальвіна (1509-1564), швейцарскага тэолага і заснавальніка кальвінізму. Паводле Кальвіна, яшчэ да нараджэння чалавеку прызначана, незалежна ад яго будучага жыцця, трапіць пасля смерці ў рай або ў пекла. Жыццёвы поспех можа быць знакам будучага збаўлення, таму сярод кальвіністаў была распаўсюджана высокая матывацыя, каб дбаць пра адукацыю, займацца бізнесам, імкнуцца да заможнасці і грамадскага прызнання. Разам з тым, кальвіністы вялі вельмі сціплае жыццё. Жан Кальвін, стаўшы духоўным лідарам у Жэневе, адмяніў у горадзе ўсе святы і балі, забараніў гуляць у карты, хадзіць на танцы і ў тэатр і гэтак далей.

У тэстаменце пана Самуэля адзначана, што жупранскі кальвінісцкі пастар мае права штогод браць частку адпісаных яму грошай на ўласныя патрэбы да забеспячэння навучэнцаў, каб «моладзь хрысціянская ў страху Божым і ў слушных навуках практыкавалася». У дакуменце зроблена таксама ўдакладненне: калі б раптам святыня ў Жупранах перастала быць кальвінісцкай і ў ёй спынілася абвяшчэнне «праўдзівай хвалы Божай», то грошы мусілі быць перададзены ў найбліжэйшы збор (у тым ліку нядаўна збудаваны). Відаць, тут шляхціц перастрахоўваўся, бо, магчыма, з-за рэлігійнага будынка ў Жупранах вяліся спрэчкі. Як вядома, раней драўляны будынак збора быў каталіцкім касцёлам, які перанялі кальвіністы. Відаць, каталікі імкнуліся яго вярнуць, пра што не мог не ведаць пан Самуэль. Дарэчы, праз некалькі гадоў пасля напісання завяшчання, у 1646 годзе, ксёндз Павел Клячкоўскі, віленскі канонік, плябан нясвіжскі, койданаўскі і жупранскі, дамогся ад князя Багуслава Радзівіла, якому належалі тады Жупраны, каб будынак святыні ды землі разам з маёнткам Ганчары, прыпісаным да збора, былі вернуты каталікам. Толькі пасля 1646 года збор у Жупранах быў збудаваны з дрэва на новым месцы. Дагэтуль жа ён знаходзіўся непадалёк ад рынкагава пляца ў цэнтры мястэчка. Недзе пры ім мусіла быць і школа. Дакумент згадвае, што пастарам у Жупранах тады быў ксёндз Геранім Славінскі, які, імаверна, быў адным з першых настаўнікаў, якія працавалі ў мястэчку.

Паводле даўнасці традыцыі навучання Жупранская школа можа паспаборнічаць са школай у Барунах. Мяркуецца, што ў Барунах школа існуе ажно з 1617 года. Пра гэта сцвярджае гісторык Святлана Марозава, спасылаючыся на дакументы ў Цэнтральным дзяржаўным гістарычным архіве Украіны. Праўда, даследчыца адзначыла ў сваім артыкуле, што Барунская школа ўзнікла «каля 1617» і не паведаміла, якія дакладна дакументы пра гэта гавораць: ці яны кажуць пра непасрэднае заснаванне школы ці толькі магчымае; ці фіксуюць наяўнасць школы ў Барунах ці гэта толькі выдадзеныя прывілеі на арганізацыю навучання? Тут застаецца шмат пытанняў, тым больш, што знакаміты ашмянскі краязнаўца Чэслаў Янкоўскі піша, што першая драўляная царква ў Барунах была пабудавана толькі ў 1691 годзе. Захаваліся дакументы, што зямлю на пабудову святыні ў Барунах выдзеліла ўладальніца Жупранаў, княгіня Людвіка Радзівіл разам са шляхціцам Міхалам Паплаўскім. Паводле народнай легенды, на месцы Барунаў ў гэты час была вялікая пушча. А Маці Божая, з’явіўшыся ў сне пану Мікалаю Песляку, сама паказала месца для святыні, у якой меў знаходзіцца абраз Маці Божай Барунскай. Толькі пасля гэтага Мікалай Пясляк запрасіў у Баруны манахаў-базыльян, якія і адчынілі тут школу. Як жа і пры якіх абставінах у Барунах магла існаваць школа ў 1617 годзе – пакуль дакладна невядома. Што тычыцца школы ў Жупранах, то тут ёсць гістарычны дакумент з канкрэтнымі звесткамі і датамі.

Віктар ШУКЕЛОВІЧ, Жупраны.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *