Сяброўкі, аднакласніцы і… аднакурсніцы. Размаўляюць на роднай мове, а ў вольны час чытаюць творы беларускіх аўтараў

Першавераснёўскае свята — асаблівае, яно заўсёды кранае сэрца і надоўга застаецца ў памяці. Напэўна, у многіх верасень – любімы месяц у годзе. Ён пахне духмянымі яблыкамі, астрамі і гладыёлусамі, свежапафарбаванымі сценамі школы. Верасень “усміхаецца” кожнаму яркімі суквеццямі вяргіняў і ганарлівых ружаў, верасень прыходзіць з апошнімі сонечнымі днямі і залатым лісцем…

Першы дзень верасня крочыць разам з першым школьным званком і шчырымі ўсмешкамі.

Але не толькі для вучняў першавераснёўскае свята доўгачаканае – разам з імі ў краіну ведаў адправяцца і ўчарашнія школьнікі. Сярод іх тры выпускніцы Барунскага вучэбна-педагагічнага комплекса, выдатніцы і медалісткі Валерыя Мігановіч, Дар’я Барысевіч і Ірына Нагель. Сяброўкі — аднакласніцы разам паступілі на філалагічны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта.

У звычайным жыцці будучыя філолагі размаўляюць на роднай мове, а ў вольны час чытаюць творы беларускіх аўтараў і мараць стаць выдатнымі спецыялістамі. Хоць дзяўчаты і кажуць, што часцей у паўсядзённым жыцці яны выкарыстоўваюць “трасянку”, размаўляючы з імі і чуючы цудоўную, лёгкую беларускую мову, захапляешся і разумееш, што прафесію выпускніцы выбралі не дарма.

“Усё пачалося ў родным доме…”

— Я вельмі ганаруся роднай мовай, люблю яе і буду імкнуцца перадаць гэту любоў людзям, — адзначае Валерыя Мігановіч. — У свеце ёсць шмат моў. У школе я вывучала і рускую, і нямецкую, якія я таксама паважаю і карыстаюся ў паўсядзённым жыцці. Аднак ёсць тая мова, якая жыве ў маім сэрцы. Яна мілагучная, ласкавая і прыгожая. Яна проста ўнікальная.

Валерыя ўсміхаецца і кажа, што ўсё пачалося ў родным доме, дзе прайшло яе дзяцінства, дзе матуля спявала калыханку на роднай мілагучнай мове. У школе спазнаваць таямніцы беларускай мовы дапамагала настаўніца Марта Іванаўна Багдановіч. Разам творчы тандэм не проста ўдзельнічаў у шматлікіх алімпіядах, конкурсах і канферэнцыях, але і дэманстраваў высокі рэзультат. Менавіта на ўроках маладой настаўніцы Валерыя зразумела, што мае здольнасць да напісання вершаў. Апошнія два гады выдатніца адстойвала гонар школы і раёна на абласной алімпіядзе па беларускай мове і літаратуры разам з настаўніцай Ірынай Якубель.

— Рыхтавацца да цэнтралізаванага тэсціравання мне дапамагала Алена Вікенцьеўна Місюк, — шчыра дзеліцца Валерыя. — Гэта такі добры, светлы чалавек з блакітнымі вачыма! Яе заняткаў я чакала з нецярпеннем. Менавіта Алена Вікенцьеўна адкрыла мне яшчэ больш таямніц роднай мовы.

— На працягу ўсяго школьнага жыцця мяне падтрымлівалі бацькі, — расказвае студэнтка. — Яны мяне заўсёды разумеюць, дапамагаюць, даюць добрыя парады, раздзяляюць са мной узлёты і падзенні, сум і радасць, заўсёды хвалююцца за мяне. Без іх падтрымкі, без іх разумення, без любові мне было б вельмі складана…

Дзяўчына любіць чытаць розную літаратуру, але на шматлікіх выданнях хатняй бібліятэкі можна прачытаць імя аўтара на беларускай мове. Больш за ўсё “падарожнічаць” па літаратурным свеце Валерыі падабаецца разам з Уладзімірам Караткевічам. З яго кнігай “Дзікае паляванне караля Стаха” дзяўчына пазнаёмілася пры падрыхтоўцы да алімпіяды. Яна прызнаецца, што гэта дакументальная аповесць інтрыгуе з першых старонак, таму Валерыя не стрымалася і перачытала выданне аж чатыры разы.

Нягледзячы на тое, што часу пасля вучобы заўсёды заставалася катастрафічна мала, Валерыя паспявала пісаць вершы, спяваць, вышываць і проста бавіць час на свежым паветры.

— Хутка пачнецца вучоба, — расказвае Валерыя Мігановіч. – У сталіцу я адпраўляюся трыццатага жніўня. Канешне, я крыху хвалююся, бо наперадзе мяне чакае студэнцкае жыццё. Гэта вельмі цікавы і нязведаны шлях, які мы пройдзем разам з маімі аднакласніцамі, а зараз ужо аднагрупніцамі Дашай і Ірай.

“З дзяцінства я марыла паступіць у прэстыжны ўніверсітэт…”

— І мая мара споўнілася! —  усклікае выпускніца і медалістка Дар’я Барысевіч.

Дар’я нарадзілася ў маленькай вёсцы Гінеўцы недалёка ад Барун. Свой шлях да паступлення ў самы прэстыжны ўніверсітэт дзяўчына пачала яшчэ з пачатковых класаў. Хоць вучоба і давалася ёй лёгка, дзяўчына адзначае, што гэты шлях выдаўся складаным. У адрозненні ад сваіх сябровак у алімпіядах і канферэнцыях Дар’я не ўдзельнічала, а была заўзятай спартсменкай і прымала ўдзел у розных спаборніцтвах. А калі заставаўся час, пасля заняткаў Дар’я бавіла яго на свежым паветры ці чытала. Аб сваім любімым творы “Людзі на балоце” Івана Мележа Дар’я можа расказваць бясконца.

— Беларускую мову я люблю з маленства, — расказвае студэнтка. — Любоў да роднай мовы мне прывіла Марта Іванаўна Багдановіч, у якой кожны ўрок беларускай мовы і літаратуры з’яўляўся для нас урокам паэзіі. Увогуле, на маім школьным шляху сустракаліся такія цудоўныя настаўнікі беларускай мовы і літаратуры.

Другога верасня на філалагічным факультэце БДУ распачнуцца заняткі, Дар’я хвалюецца і гаворыць, што гэта першы крок у самастойнае жыццё. Крок, які адкрые шлях да цудоўнага студэнцкага жыцця.

“Калі я атрымлівала медаль, мне было вельмі радасна і прыемна…”

Любоў да беларускай мовы і літаратуры прывяла і Ірыну Нагель на філалагічны факультэт. Але дзяўчына ўпэўнена, што без падтрымкі бацькоў нічога не атрымалася б. Ірына з пачатковых класаў — дысцыплінавая вучаніца, нават хатнія заданні па прадметах заўсёды выконвала самастойна, бо ўсе веды, атрыманыя на ўроках, былі для яе лёгкімі і цікавымі. Бацькі заўсёды хацелі, каб маленькая Іра стала выдатніцай, таму, калі заканчвалася кожная вучэбная чвэрць, дачка прыходзіла дамоў, адкрывала дзённік на апошняй старонцы, а бацькі хвалілі і радаваліся за апантаную дачку.

— Любоў да беларускай мовы і літаратуры мне прывілі мае бацькі і настаўнікі, — расказвае Ірына. — Яшчэ, калі я была маленькай, мама і тата чыталі мне казкі на роднай мове. Добра ведаць яе мне дапамаглі настаўніца беларускай мовы і літаратуры Ірына Іванаўна Якубель і рэпетытар па беларускай мове Алена Вікенцьеўна Місюк.

Школьнае жыццё Ірыны віравала: яна прымала ўдзел у розных конкурсах,  навукова-практычных канферэнцыях і алімпіядах па хіміі і біялогіі. Пасля ўрокаў дзяўчына наведвала факультатывы па беларускай, рускай і нямецкай мовах, матэматыцы, біялогіі і гісторыі. У выпускным класе разам з аднакласнікамі стала пераможцай ў абласным конкурсе “Галасы гісторыі”. Кожны дзень Ірыны Нагель быў распланаваны літаральна па хвілінах. Паспявала выдатніца займацца і ў музычнай школе па класе баяна.

— Калі я пайшла ў школу, мне было вельмі цікава набываць веды і вучыцца. У пятым класе я ўпершыню “выйшла” на выдатна… І вось так прайшло адзіннаццаць  год. Калі я атрымлівала медаль, мне было вельмі радасна і прыемна.

У вольны час Ірына любіць пагартаць зборнік вершаў любімага паэта Максіма Багдановіча і нават “пакулінарыць” на кухні, каб выпячы для родных смачныя торты і пірагі.

Кацярына РУДЗІК.

Фота з асабістага архіву Дар’і Барысевіч, Ірыны Нагель і Валерыі Мігановіч.

0
Стоит почитать:

Добавить комментарий

Авторизация
*
*
Регистрация
*
*
Номер телефона без знака «+», например «79876543210». На указанный номер будет выслан код подтверждения.

*

Генерация пароля