У новую школу – з новымі ідэямі. Урачыстая лінейка прайшла ў дзіцячай школе мастацтваў

У панядзелак мілагучны званок ізноў паклікаў вучняў за парты. Скончыліся летнія канікулы, школьнікі адправіліся ў чарговае падарожжа па краіне ведаў. Для самых маленькіх — гэта першая прыступка на шляху ў чароўнае падарожжа, для старэйшых – другая, трэцяя… Для выпускнікоў – апошняя.

Урачыстая лінейка ў дзіцячай школе мастацтваў адбылася ў будынку былога аграрна-эканамічнага каледжа, куды музыкі і мастакі пераехалі ўсяго некалькі тыдняў таму. Сцены новай школы хутка напоўніліся галасамі і звонкім смехам таленавітых выхаванцаў, шчырымі словамі пажаданняў, віншаваннямі настаўнікаў, бацькоў і гасцей урачыстасці. Самыя малодшыя дзяліліся ўспамінамі і ўражаннямі пра летнія канікулы і адпачынак, а старэйшыя задуменна чакалі, калі пачнецца апошні год у сценах школы мастацтваў.

Пад дружныя апладысменты на сцэну выйшлі першакласнікі, якія сёлета папоўнілі дружную творчую сям’ю. Сёння для іх усё ўпершыню, але хлопчыкі і дзяўчынкі не хвалююцца, бо з імі крочаць не проста настаўнікі, а верныя сябры і мудрыя дарадцы. Усяго ў чароўны свет музыкі і мастацтва адправіцца чатырыста восемдзясят вучняў.

Са святам першага школьнага званка вучняў, педагогаў, бацькоў, павіншавалі старшыня райвыканкама Міраслаў Сарасек, дырэктар школы Жанна Мажэйка, намеснік дырэктара Таццяна Печкур, начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Кацярына Астрамовіч.

У гэтым годзе педагагічны калектыў папоўніўся новымі кадрамі: разам з вопытнымі настаўнікамі будуць працаваць маладыя спецыялісты Ксенія Мажэйка і Надзея Лукашэвіч.

Таленавітымі спевамі і музычнымі кампазіцыямі напоўнілі канцэртную залу настаўнікі школы мастацтваў Віталь Юрэвіч, Таццяна Каралёва, Ганна Мацкевіч, Кацярына Мандрык, а таксама выхаванцы Ганны Буйко – вакальная група ўзорнага хора “Сугучча”.

З пачаткам новага навучальнага года прысутных павіншала дырэктар школы Жанна Мажэйка. Вучням яна пажадала поспехаў, дасягненняў і трывалых ведаў; бацькам — упэўненасці, цярпення, узаемапаразумення і моцнага здароўя. Падчас свайго выступлення Жанна Алойзьеўна падзякавала людзям, без якіх пераезд школы мастацтваў у новы будынак быў бы немагчымы – гэта старшыня райвыканкама Міраслаў Сарасек, яго намеснік Наталля Станкевіч, начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Кацярына Астрамовіч, начальнік упраўлення адукацыі Святлана Баркоўская, дырэктар гімназіі №1 Вольга Саванец, начальнік РУП ЖКХ Сяргей Белянкоў, кіраўнік Ашмянскіх электрычных сетак філіял РУП Гроднаэнерга Мар’ян Жур, дырэктар аграрна-эканамічнага каледжа Віктар Вайшнаровіч, а таксама тэхнічны персанал каледжа, калектыў школы мастацтваў і бацькі навучэнцаў.

Чарговы навучальны год пачаў адлік. Канешне, як і заўсёды для школы, ён будзе насычаны плённай працай і прынясе дзецям не толькі поспехі і перамогі, але і радасць новых адкрыццяў і высокую адзнаку іх ведаў і творчасці. Для калектываў новы навучальны год будзе не менш цікавым і незабыўным, акрэсленым творчымі здабыткамі.

Пасля ўрачыстай лінейкі вучні адправіліся ў новыя кабінеты, каб павітацца са сваімі настаўнікамі і атрымаць раскалад заняткаў на бягучы месяц.

Кацярына РУДЗІК.

Фота Святланы МУЦЯНСКАЙ.

 

 

 

0
Стоит почитать:

Добавить комментарий

Авторизация
*
*
Регистрация
*
*
Номер телефона без знака «+», например «79876543210». На указанный номер будет выслан код подтверждения.

*

Генерация пароля