З геральдычнага герба – на газон

Общество

Напрыканцы ліпеня на газоне паміж аўтастанцыяй і цэнтральнай плошчай горада з’явілася фігура “казачнай” жывёлы — быка. І адразу ж гэта месца стала актыўнай фотазонай, ля якой ашмянцы і госці райцэнтра пачалі рабіць здымкі і выкладваць іх у сацыяльныя сеткі. Даспадобы прыйшоўся “зялёны госць” юным ашмянцам і іх мамам, якія часта прыходзяць сюды пагуляць з дзецьмі.

Як высветлілася, садова-паркавая скульптура ў выглядзе быка трапіла на цэнтральную плошчу з геральдычнага герба Ашмян, на якім у ніжняй частцы шчыта размешчана выява быка з асабістага герба рода Панятоўскіх – “цялец”.

Фігура быка ўяўляе сабой металічны каркас, пакрыты штучнай травой. “Прыехала” яна да нас са Смалявіцкага раёна: менавіта там пражывае індывідуальны прадпрымальнік, які зрабіў скульптуру. Кошт яе абышоўся ў 3680 рублёў.

Зыходзячы з таго, што ашмянцы станоўча ўспрынялі з’яўленне такой архітэктурнай формы ў нашым горадзе, работа ў гэтым накірунку будзе працягнута, і на вуліцах Ашмян з’явяцца новыя аб’екты, якія не толькі ўпрыгожаць райцэнтр, але і зробяць яго ўтульным.

Аліна САНЮК.

Фота Аляксандра НАУМЧЫКА.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *