Жнівеньская нарада настаўнікаў прайшла ў Ашмянах

Культура

Хутка ў школы дзяцей пакліча першавераснёўскі званок. Дзяўчынкі і хлопчыкі з нецярпеннем чакаюць Дзень ведаў, але больш за ўсіх хвалююцца настаўнікі, якія аддана нясуць веды і дораць жыццёвую мудрасць сваім выхаванцам…

Традыцыйна напярэдадні Дня ведаў педагогі Ашмяншчыны збіраюцца на жнівеньскую нараду, каб падвесці вынікі працы, паставіць задачы на новы навучальны год, а таксама абмеркаваць найбольш важныя і актуальныя праблемы ў галіне адукацыі.

У рабоце педагагічнай канферэнцыі прынялі ўдзел старшыня раённага выканаўчага камітэта Міраслаў Сарасек, намеснік старшыні райвыканкама Наталля Станкевіч, галоўны спецыяліст упраўлення адукацыі Гродзенскага аблвыканкама Анжаліка Кухта, а таксама спецыялісты раённых службаў, якія цесна працуюць з установамі адукацыі Ашмянскага раёна.

З прывітальным словам да ўдзельнікаў канферэнцыі звярнулася начальнік упраўлення адукацыі Святлана Баркоўская. Яна павіншавала прысутных з пачаткам навучальнага года, адзначыўшы што жнівеньская нарада – гэта выдатная мажлівасць падзяліцца сваімі меркаваннямі, абмяняцца вопытам, абмеркаваць праблемы ў галіне адукацыі і знайсці шляхі іх вырашэння.

Падрабязна спынілася Святлана Мікалаеўна на выніках і прыярытэтных напрамках развіцця дашкольнай, сярэдняй, спецыяльнай, дадатковай адукацыі, на праблемах выхавання дзяцей і моладзі, на ўмацаванні матэрыяльна-тэхнічнай базы ўстаноў адукацыі раёна. Значная ўвага ў справаздачы Святланы Баркоўскай была нададзена фарміраванню здаровага ладу жыцця. Тым больш, што ва ўстановах адукацыі выдатна наладжана работа па аздараўленні дзяцей у летніках.

Для адукацыйнай сферы Ашмяншчыны мінулы навучальны год адзначаны шэрагам перамог і дасягненняў. Школьнікі дэманструюць грунтоўныя веды на конкурсах, алімпіядах і навукова-практычных канферэнцыях рознага ўзроўню. Кожны год у раёне ёсць вучні, якія атрымліваюць на цэнтралізаваным тэсціраванні сто балаў па прадметах.

Жнівеньская нарада педагогаў з’яўляецца аглядам дасягненняў сістэмы адукацыі Ашмяншчыны: педагагічных калектываў і асобна ўзятых выхавальнікаў і настаўнікаў.  Таму іспыт трымалі кіраўнікі школ, іх намеснікі і настаўнікі, якія падзяліліся з калегамі вопытам выхавання і навучання дзяцей, метадычнымі напрацоўкамі. Аб тым, як працуюць рэсурсныя цэнтры у гіманазіі №1  і яслях-садзе №7 расказалі намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце Ірына Міхайлоўская і загадчык дзіцячага сада Алена Гудас. Дырэктар Кальчунскай СШ Яўгеній Навіцкі акцэнтаваў увагу на фізічным выхаванні вучняў і тым, як педагогі сваім прыкладам прызвычаюць школьнікаў да здаровага ладу жыцця. У мінулым навучальным годзе вучаніца СШ №2 Анастасія Навасельская атрымала трэцяе месца ў рэспубліканскай алімпіядзе па беларускай мове і літаратуры. Прафесійнымі сакрэтамі аб тым, як  “вырасціць” пераможцу алімпіяд, падзялілася настаўнік беларускай мовы Святлана Максуль.

Шмат цікавых і грунтоўных напрацовак з вопыту работы педагогаў Ашмяншчыны размясцілася на выставе, якую арганізавалі да жнівеньскай канферэнцыі ўстановы адукацыі раёна. Падчас нарады працавалі раённыя рэсурсныя цэнтры СШ №1 і Жупранскай СШ. Вынік сваёй працы прадэманстравалі ўдзельнікі бізнес-кампаній “Залатая саломка” і “Флорэс” Граўжышкоўскі ВПК і Гальшанская СШ. Аб тым як рэалізуецца міжнародны праект “Дапамажы людзям”, расказалі настаўнікі і вучні Мураванаашмянкоўскага ВПК. Вялікую цікавасць прысутных выклікала выстава работ узорных студый цэнтра творчасці дзяцей і моладзі “Чароўны куфэрак” і “АртМір”, фотавыстава Кальчунскай СШ “Юныя прававеды”. Грунтоўна прадставілі вынікі працы настаўнікі і вучні Цудзенішскага, Навасёлкаўскага, Дакурнішскага ВПК, гімназіі №1, СШ №3, СШ №2.

Сёлета на Ашмяншчыну прыехалі дваццаць чатыры маладыя спецыялісты, якія скончылі педагагічныя ўніверсітэты і каледжы. Па традыцыі іх ушаноўвалі падчас педагагічнай нарады.

Віншаванні педагогі прымалі ад кіраўніка раёна Міраслава Сарасека, галоўнага спецыяліста упраўлення адукацыі Гродзенскага аблвыканкама Анжалікі Кухты. Плённая праца, творчыя і прафесійныя здабыткі, актыўная жыццёвая пазіцыя педагогаў не застаюцца незаўважанымі. Вось і напярэдадні новага навучальнага года вялікай групе педагогаў былі ўручаны граматы Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь, Гродзенскага абласнога Савета дэпутатаў, упраўлення адукацыі аблвыканкама, упраўлення адукацыі райвыканкама. Граматамі Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь узнагароджаны намеснік старшыні райвыканкама Наталля Станкевіч, намеснік дырэктара СШ №3 Галіна Яскель, настаўнік гісторыі СШ №2 Інэса Барысевіч, намеснік дырэктара гімназіі №1 Ірына Міхайлоўская, настаўнік музыкі СШ №3 Алена Козар, настаўнік беларускай мовы і літаратуры СШ №2 Святлана Максуль.

Завяршылася педагагічная канферэнцыя святочным канцэртам, які арганізавалі бацькі і вучні СШ №3.

Кацярына РУДЗІК.

Фота Святланы МУЦЯНСКАЙ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *